Аптымізацыя і — юрасобы

№ 24 (1150) 14.06.2014 - 20.06.2014 г

Ганна СВЯТЛОВА, Аршанскі райвыканкам
Орша — не самы маленькі ў Беларусі раён. У выніку маем унікальны па культурным “начынні” край, дзе цэнтр сілкуе творчымі ідэямі і тэхнічнай падтрымкай вёскі ды аграгарадкі. Такі сімбіёз гарадской і сельскай культур і вызначае найперш стратэгію тутэйшага аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі.

/i/content/pi/cult/483/10306/12-3.jpg— Летась горад і раён аб’ядналіся ў тэрытарыяльную адзінку. На агульную культурную сітуацыю паўплывала пэўным чынам і аптымізацыя нашых устаноў. Узніклі, натуральна, новыя юрыдычныя асобы. Буйныя ўстановы Оршы прынялі пад сваё крыло сельскія клубы. Такім чынам сельскія аб’екты сталі структурнымі звёнамі больш буйных падраздзяленняў раённага цэнтра: гарадскога Палаца і Цэнтра культуры, а таксама — ДК Барані…

Такое ўзбуйненне дало магчымасць значна палепшыць матэрыяльна-тэхнічную базу СК і СДК. Па-сутнасці, дзясяткі перыферыйных аб’ектаў мы пастараліся пераўтварыць у некалькі буйных — больш мабільных і тэхнічна ўзброеных устаноў. Што пры гэтым мелі на мэце? Найперш: павышэнне якасці культурнага абслугоўвання насельніцтва. Мяркуючы па яго апытаннях, пайшлі правільным шляхам. Ды і ў вобласці наш досвед аптымізацыі ацэнены як станоўчы і карысны для ўкаранення ў іншых раёнах Віцебшчыны.

Мы здолелі захаваць раённую метадычную службу. Яе задача — падцягнуць культуру сяла да гарадскога ўзроўню. Занадта ўжо доўга мы працавалі паралельна, а не разам. Працэс аптымізацыі закрануў і музычныя школы на сяле. Яны пачалі арганізоўваць гарадскія паказальныя адкрытыя ўрокі. Інакш кажучы, сельскія работнікі культуры сталі працаваць у самым цесным кантакце з гарадскімі калегамі. Пэўным чынам вырашылася і пытанне з недахопам музычных інструментаў.

Што нам перашкаджае? Адсутнасць штатнага раскладу, які цалкам адпавядаў бы патрэбам сённяшняга часу. Нам кажуць: вырашайце пытанне на ўзроўні раённых улад. Але новыя адзінкі цяпер неабходна ўводзіць ці не ў кожную нашу структуру. Маю на ўвазе спецыялістаў-камп’ютаршчыкаў, гукарэжысёраў, рэкламшчыкаў… І вельмі хацелася б, каб працэс штатнага абнаўлення не насіў характар нейкай самадзейнасці, а меў бы сапраўднае дзяржаўнае падмацаванне.

Калі казаць пра доўгатэрміновую перспектыву развіцця, дык варта падкрэсліць, што ўдасканаленне клубнай і бібліятэчнай спраў мы будзем весці, зыходзячы з канкрэтных умоў на месцах. Ужо цяпер хтосьці адмаўляецца ад змяшаных устаноў культуры. Мы гэтага рабіць не станем. Навошта ўтрымліваць у невялічкай вёсачцы і клуб, і бібліятэку? Нерацыянальна, малаэфектыўна. Наша перспектыва, як падаецца, — у падрыхтоўцы высокакваліфікаваных універсальных кадраў, здольных паказаць сябе і на клубнай сцэне, і за кафедрай кнігавыдачы.

Так, справа — надзвычай нялёгкая. У нас на сёння — толькі адна вакансія ў СДК. А што будзе заўтра?.. Варта вучыць сваіх, неабыякавых, мясцовых. Двух такіх знайшлі. Але, неаспрэчна, пошукі неабходна актывізаваць.

Цяпер у нашым раёне праходзіць рэспубліканская акцыя, звернутая супраць штучнага спынення цяжарнасці. Справа — ідэалагічная. Заняты тут ці не ўсе раённыя і абласныя структуры, грамадскія арганізацыі ды саюзы. Безумоўна, не ўбаку — і наш аддзел. Вельмі цікава прайшоў конкурс на лепшыя ўпрыгожанні для дзіцячай каляскі, рэалізаваны і праект “Пастаў свечку за ненароджанае дзіця!” ля храма Святога Леаніда. Усе сцэнарыі распрацоўваліся сіламі аддзела… Цяпер Орша працуе над адраджэннем Куцеінскай лаўры. Мы стварылі апякунскі савет, адкрылі рахунак, збіраем грошы. І гэта таксама адзін з агульнараённых праектаў, над рэалізацыяй якога працуе і наш аддзел…