Праект пачынаецца з…

№ 24 (1150) 14.06.2014 - 20.06.2014 г

Майстрыха з Ходасаў пра лёс і прафесію
Колькі памятаю сябе, заўсёды прыцягвала маю ўвагу і захапляла ўсё, створанае рукамі. Ільняныя посцілкі ды ручнікі бабулі, вышыванкі мамы, плеценыя лазовыя кошыкі і нават лапці з лыка суседа — дзеда Андрэя… Яшчэ ў памяці кросны, што стаялі пасярод хаты, і мы, малыя, пільна сачылі, як нашы бабулі спрытна працуюць чаўнаком, ствараючы дзівосныя ўзоры. Рэдкі вечар не збіраліся да нас суседкі на вячоркі, і ў кожнай — ці то вышыванка, ці то вязанне або прасніца. Так і павялося з тых часоў: ніводнай хвіліны дарма. Што-небудзь ды займае рукі.

/i/content/pi/cult/483/10305/12-1.jpg /i/content/pi/cult/483/10305/12-2.jpg

Ларыса Пашкевіч і яе работы.

Крок за крокам

З маленства марыла стаць выхавацелькай. Набыла адукацыю — і ўсю душу аддавала дзецям… Асабліва любіла маляванне. Прыемна бачыць работы, якія ўпрыгожваюць пакоі ды калідоры дзіцячага садка, дзе працавала амаль дзесяць гадоў. Жыццёвая дарога прывяла мяне пасля ў Дом дзіцячай творчасці Мсціслава. Меркавала, што ненадоўга, а засталася на адзінаццаць гадоў. Пачатак быў нялёгкі, хоць і меліся навыкі. Працавала з саломкай, але спынілася на вырабах са скуры. Вучэбных гадзін было недастаткова для самарэалізацыі. Таму, парабіўшы справы дома, садзілася ажыццяўляць які-небудзь праект…

Ідэі для стварэння работ прыходзілі з часопісаў, выставак, успамінаў, калі цёмныя вечары навявалі карціны мінулага дзяцінства — такога далёкага і таму — прыцягальнага… Работы нараджаліся і мелі сваё жыццё: на фестывальных выстаўках, на конкурсах-аглядах, на кірмашовых пляцоўках горада. Нейкія рэчы ішлі на падарункі.

Палюю за...

Асобнае месца ў калекцыі займае льняная сукенка, аздобленая скурай. Работа называецца “Сонца маладзіковае” і прысвечана творчасці Францыска Скарыны. На абласным конкурсе фітамоды “Рамонак” яна атрымала дыплом.

Аднойчы ў рукі трапіла бутэлька цікавай формы… І вось — асобная калекцыя. Кожная мае сваю гісторыю стварэння ды прысвечана пэўнай падзеі. Самая першая мае назву “Восеньскі ўспамін”. Яе з’яўленне — мара зноў пабываць на беразе мора, прыемныя перажыванні ўспамінаў пра лета. Затым “Мелодыя” — як памяць пра творчасць Мусліма Магамаева…

Своеасаблівым азарэннем стала стварэнне работы “Энігма”. Я толькі выканаўцай была — нібыта нехта кіраваў рукамі і думкамі… Немагчыма растлумачыць, адкуль прыходзіць і куды знікае натхненне. А ў памяці застаюцца такія мілыя сэрцу, прасякнутыя любоўю і душэўнай цеплынёй, упрыгожванні, сувеніры, пано.

У 2011 годзе я была запрошана на Міжнародную фальклорную канферэнцыю ў Магілёве, дзе мне спадабалася ідэя “Навучыўся сам — навучы іншага”. Праблема захавання навакольнага асяроддзя, энергазберажэння планеты Зямля для жыцця нашчадкаў, эканомія і беражлівасць з’явіліся штуршком для засваення методыкі пляцення з газетнай паперы, якая прыпыніць знішчэнне лазы, патрэбнай для пляцення.

Навучыць дызыйну

Цэнтр культуры аграгарадка “Ходасы”, дзе я працую цяпер на пасадзе дырэктара, аформлены работамі, выкананымі ў тэхніцы пляцення з газетнай паперы. На базе Цэнтра арганізавала аматарскае аб’яднанне “Дэкаратыўны дызайн”, дзе не толькі сама твару, але і вучу іншых свайму майстэрству. Майстар-класы, якія праводжу раз-пораз, захапляюць людзей розных прафесій.

Чацвёрты год навагоднія святы нашых работнікаў упрыгожваюць рукатворныя стылізаваныя ёлачкі: і цікава, і прыгожа, і прыемна. Вось так аджылыя свой век газеты і часопісы даюць жыццё сухарніцам, вазачкам, 
дэкаратыўным дрэўцам, нават прадметам побыту — і служаць, і радасць прыносяць.

Сонечка — для ўнукаў

Час не стаіць на месцы, развіццё не стрымаць, пашыраюцца і інфармацыйныя магчымасці. Неяк зацікавілася стварэннем тэкстыльнай лялькі — і вось на свет з’явілася Сонечка. Затым было шмат іншых — непаўторных, непадобных, са сваім характарам, гісторыяй і жыццём. Але Сонечка — самая дарагая, таму што першая, таму што ледзянец выбірала ёй мо з паўгадзіны, каб быў ён у адной колеравай гаме з сукенкай. Нават прадаўшчыца на мяне стала неяк насцярожана паглядаць…

Кожнаму чалавеку разам з жыццём Бог дае і талент. Вельмі важна заўважыць яго як мага раней, дапамагчы чалавеку знайсці сваё месца ў жыцці, навучыць служыць людзям, ствараць добры настрой, пакінуць нашчадкам плён уласных рук і адметнага розуму…

Так і бяжыць жыццё…

Творчыя захапленні, выстаўкі, конкурсы, фестывалі, ну і, канешне ж, уласны дом — тут жывуць самыя дарагія сэрцу работы. Адны былі створаны пад уплывам нейкіх падзей, успамінаў, іншыя — увасабленне творчага парыву. Сёння яны ўпрыгожваюць мой дом, падтрымліваюць творчую атмасферу, натхняюць на новыя здзяйсненні. А калі мяне не стане — застануцца ў спадчыну маім дзецям і ўнукам…

А як жа, усё пакінуць след павінна…

Ларыса ПАШКЕВІЧ, дырэктар Цэнтра культуры аграгарадка “Ходасы”