Хочаш даплату? Спявай!

№ 24 (1150) 14.06.2014 - 20.06.2014 г

Лельчыцы: платныя паслугі, метады павышэння заробкаў і аптымізацыя
“Эканоміка павінна быць эканомнай”. Гэты лозунг, што ўпершыню прагучаў калісьці з вуснаў Леаніда Брэжнева пад час аднаго з партыйных з’ездаў, сцвярджаў, у першую чаргу, неабходнасць эканоміі ў краіне Саветаў. Але ж таксама і тое, што ў СССР з’явіліся фінансавыя праблемы і іх неабходна вырашаць новымі, непланавымі метадамі. Аптымізацыя, што цяпер поўным ходам ідзе ў сферы культуры Беларусі — у першую чаргу, у сельскай мясцовасці — таксама разлічана менавіта на эканомію дзяржаўных сродкаў. Але, як паказала наша нядаўняя размова з першым намеснікам начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама Святланай Баранок, эканомія тая — па факце не надта і вялікая (гл. “К” № 21 за 2013 г.). Больш важкая аддача сферы культуры, як аказалася, палягае ў іншым аспекце: у прадастаўленні платных паслуг насельніцтву.

/i/content/pi/cult/483/10301/10-1.jpg /i/content/pi/cult/483/10301/10-2.jpg

Алена Ляхавец і лялькі тэатральнага гуртка; Святлана Лебедзева.

/i/content/pi/cult/483/10301/10-3.jpg

СДК у Ліплянах.

/i/content/pi/cult/483/10301/10-5.jpg

Атракцыён непадалёк ад установы культуры, але — ад прыватніка.

/i/content/pi/cult/483/10301/10-6.jpg

Рамонт вядзе гаспадарчая група аддзела.

/i/content/pi/cult/483/10301/10-7.jpg

 

Так у Лельчыцах аддзячылі спонсарам.

Праверыць гэтыя словы не толькі ў тэорыі, але і на практыцы даволі лёгка. Варта выправіцца, напрыклад, у Лельчыцкі раён Гомельскай вобласці, што мяжуе з Украінай. Рэгіён гэты — сельскагаспадарчы, асаблівых турыстычных “фішак” тут не так ужо і багата, таму мясцовым культработнікам даводзіцца выкарыстоўваць незвычайныя формы працы, каб прывабіць да сябе самых патрабавальных наведвальнікаў.

Канкурэнцыя — не перашкода

На ўездзе ў Лельчыцы кожны падарожны можа сёння пабачыць, як на вялізным аб’екце завіхаюцца будаўнікі. Справа ў тым, што неўзабаве ў гарадскім пасёлку адчыніць дзверы буйны гандлёвы цэнтр. Як распавёў у размове са мной старшыня райвыканкама Аляксандр Капыткоў, ён доўга раздумваў над тым, ці варта дазваляць прыватнікам адкрываць гіпермаркет. Маўляў, вялізная канкурэнцыя для мясцовага райспажыўтаварыства. Але, паразважаўшы, пагадзіўся на праект, бо канкурэнцыя для мясцовага гандлю, на яго думку, — важная і нават патрэбная. Да таго ж, адна з умоў прыходу ў раён інвестара палягае ў тым, каб аказваць паслугі насель-
ніцтву не толькі ў Лельчыцах, але і па ўсім раёне. “Такая самая канкурэнцыя, як я мяркую, павінна быць і ў аказанні платных паслуг у сферы культуры: прычым як у горадзе, так і на сяле”, — не раз падкрэсліў пад час сустрэчы Аляксандр Капыткоў.

Трэба сказаць, што канкурэнтаў для культработнікаў у гарадскім пасёлку — больш чым дастаткова. Прыватнікі маюць тут шматлікія кафэ і рэстараны, дзе ладзяць разнастайныя мерапрыемствы: ад выступленняў заезджых музыкантаў да дыскатэк… А каля раённага Цэнтра культуры, напрыклад, часцяком працуюць дзіцячыя атракцыёны: гэта яшчэ адна “дзялянка”, якую паспяхова “ўзаралі” мясцовыя бізнесмены. І маюць з яе неблагі прыбытак, бо, як слушна сцвярджае эканамічная тэорыя, попыт спараджае прапанову…

Але ж гэта не азначае, што мясцовыя культработнікі, так бы мовіць, сядзяць склаўшы рукі. Прыкладам, той жа Лельчыцкі раённы Цэнтр культуры можа пахваліцца многімі здабыткамі ў плане аказання платных паслуг насельніцтву. Па словах дырэктара ўстановы Аляксандра Раманава, у РЦК ладзяцца выстаўкі-продажы разнастайнай прадукцыі ад прыватных кампаній з Гомеля, Віцебска, Мінска. Арганізацыю і правядзенне мерапрыемстваў бярэ на сябе ўстанова. Вядома ж, за грошы.

Яшчэ адзін даволі паспяховы “грашовы” клопат — напісанне сцэнарыяў і арганізацыя святаў па адкрыцці прыватных крам. За адно такое “крама-шоў” культработнікі маюць неблагі “прыварак” да плана — чатыры мільёны рублёў. Акрамя таго, сіламі супрацоўнікаў РЦК ладзяцца карпаратывы, канцэрты для прадпрыемстваў, навагоднія і святочныя праграмы, урачыстае правядзенне вяселляў і многія іншыя акцыі: ад “Міс Лельчыцы” да свята Нептуна, што праходзіць на прыватнай аграсядзібе непадалёк ад райцэнтра.

Вынік усёй падобнай эканамічнай дзейнасці — неблагі: за пяць месяцаў установа зарабіла звыш ста мільёнаў. Сродкі пайшлі на набыццё мікрафонаў, абнаўленне светлавой апаратуры, закупку дзіцячых атракцыёнаў — можна цяпер і з прыватнікамі канкурыраваць! — ды выплату прэмій супрацоўнікам.

Гаворка пра заробкі — асобная. Паводле слоў Аляксандра Капыткова, у сярэднім за месяц культработнікі раёна атрымліваюць не так ужо і шмат: усяго два з паловай мільёны рублёў. Прыкладна такую ж зарплату маюць і супрацоўнікі РЦК. Але, як ужо казаў, зрэдку да гэтай сумы дадаюцца прэміі, а яшчэ дырэктар установы мае магчымасць усталёўваць даплаты сваім супрацоўнікам. Гэтыя даплаты — ад 5 да 50 працэнтаў ад акладу — прапісваюцца адразу ж пры заключэнні кантракта. Натуральна, з улікам складанасці і выніковасці працы таго ці іншага культработніка. Кантракты падпісваюцца на год, таму, зразумела, кожны супрацоўнік ведае: не будзеш працаваць “на выдатна” — атрымаеш “двойку”, гэта значыць — меншую даплату. Таму ўся каманда Цэнтра культуры працуе ў звязцы, а “мазгавыя штурмы”, дзе адшліфоўваюцца новыя формы работы і новыя віды платных паслуг сталіся ў кабінеце дырэктара завядзёнкай.

І гэта цалкам заканамерна, бо, як паведамілі мне ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, сёлетнія планы падвысіліся на 14 працэнтаў у параўнанні з мінулым годам. Таму і шчыруюць мясцовыя культработнікі, што называецца, напоўніцу, каб выйсці на запланаваныя паказчыкі. Як кажуць, хочаш жыць — умей круціцца…

І бібліятэкар, і артыст

Ці можа здзівіць бібліятэка чытача і журналіста, які бачыў сотні падобных устаноў? Раней думаў, што — не. Але, як аказалася, памыляўся. Бо калі завітаў у Лельчыцкую дзіцячую раённую бібліятэку, цэнтр для дзяцей і юнацтва, здзіўляўся на кожным кроку. І першае маё здзіўленне было ад сустрэчы з Аленай Ляхавец — дырэктарам установы, якая ладзіла мне экскурсію па сваім “храме кніг”. Раней яна працавала намеснікам дырэктара Лельчыцкага цэнтра культуры, курыравала там працу з дзецьмі, а, перайшоўшы ў дзіцячую бібліятэку, увесь свой набыты вопыт выкарыстала на новай пасадзе. Прычым, як чалавек адказны, Алена Адамаўна сабрала ў сваёй установе таксама толькі актыўных і зацікаўленых супрацоўнікаў. Бо слушна лічыць, што “вельмі сумна толькі кніжкі выдаваць, а працаваць добра можна і трэба ў тандэме з цікавымі і творчымі людзьмі”.

“Уладанне” Алены Ляхавец — утульная бібліятэка з разнастайнымі цікавымі папяровымі “цацкамі” на сценах і шафах, са светлымі кабінетамі, камп’ютарнай ды чытальнай заламі, з сотнямі газет і часопісаў на любы густ. Але гэта, натуральна, яшчэ не ўсё. Ёсць тут і сем клубаў па інтарэсах, сярод якіх — творчая студыя “Пчолка”, якой кіруе Святлана Лебедзева — майстрыха, што называецца, на ўсе рукі. Яна і шые, і робіць лялькі, і малюе, і займаецца з дзецьмі роспісам ды выцінанкай. Адным словам, Святлана Уладзіміраўна — не проста бібліятэкар, а творца. Як, дарэчы, і ўсе тутэйшыя супрацоўнікі. Яны не толькі выдаюць кнігі ды выціраюць пыл з кніжных паліц, а яшчэ і ўдзельнічаюць у працы Клуба маладой сям’і, створанага пры бібліятэцы, а таксама — у шматлікіх імпрэзах, што ладзяцца ў тэатральным гурце.

Пра апошняе — пагадзіцеся, даволі нязвыклае для бібліятэкі аб’яднанне — варта сказаць асобна. Справа ў тым, што менавіта з дапамогай тэатральных спектакляў установа і выконвае план платных паслуг. А ён у дзіцячай бібліятэкі — не маленькі: каля дваццаці мільёнаў рублеў. І большую палову гэтай сумы дае менавіта названы гурт. Рэпетыцыі ладзяцца тут жа, у бібліятэцы, а таксама на сцэне Цэнтра культуры. Таму дырэктар бібліятэкі з’яўляецца адначасова яшчэ і рэжысёрам-пастаноўшчыкам, а бібліятэкары і маленькія чытачы — сапраўднымі артыстамі. І калі раней такое існаванне адной асобы ў дзвюх іпастасях падавалася дзіўным, дык цяпер да гэтага прызвычаіліся ўсе: і супрацоўнікі, і наведвальнікі.

Спектаклі “ад бібліятэкараў” для маленькіх і дарослых жыхароў Лельчыц — кшталту “Маша у Трыдзявятым Царстве”, “Маленькая Баба Яга”, “Чараўнік Дыяментавага горада” — настолькі карыстаюцца попытам, што даводзіцца ладзіць па дзве пастаноўкі ў дзень: усе ахвотныя ў глядзельнай зале РЦК папросту не змяшчаюцца. А яшчэ тэатральныя імпрэзы пад час навагодніх ранішнікаў упадабалі дзеці супрацоўнікаў мясцовага аддзялення “Беларусбанка”... Чаму б такім прыкладам “тэатральна-бібліятэчнага жыцця” не скарыстацца ў іншых рэгіёнах? Вынік у маштабах рэспублікі быў бы, на маю думку, вельмі значны.

Натуральна, большая частка грошай адразу ж ідзе на ўмацаванне матэрыяльнай базы. Напрыклад, менавіта такім чынам у бібліятэцы з’явіўся ноўтбук, стацыянарны камп’ютар, швейная машынка і шмат чаго яшчэ… Так што заробленае “мёртвым грузам” тут не ляжыць, а працуе на аказанне ўсё новых і новых паслуг.

І яшчэ. Не магу не адзначыць, што досыць паспяхова ў бібліятэцы працуюць са спонсарамі. Напрыклад, тканіну ды паперу для касцюмаў прадастаўляе спонсар з Германіі, а дабрачынная арганізацыя пералічыла сродкі на рамонт установы, закупку неабходнай мэблі ды іншага абсталявання. Дарэчы, дошка з удзячнымі словамі аблвыканкаму, райвыканкаму, спонсарам і ўсім неабыякавым людзям, што спрычыніліся да з’яўлення ў Лельчыцах Дома кнігі, вісіць адразу ж каля ўваходу ў бібліятэку... Як на мой погляд, дык таксама вопыт, варты пераймання.

Але спонсарства — спонсарствам, а заробак у бібліятэкараў — такі ж самы, як і ва ўсіх іншых культработнікаў раёна. Па словах Алены Ляхавец, пускаць грошы, заробленыя на аказанні платных паслуг, на прэміраванне не заўсёды атрымліваецца, таму, не здзіўляйцеся, усе бібліятэкары ўдзельнічаюць у народным хоры работнікаў культуры “Зараніца”. Бяруць удзел там не толькі з-за любові да спеваў, але і з-за матэрыяльных выгодаў: кожнаму “заранчаніну” дадаецца 25 працэнтаў ад акладу… Вось такія спевы…

З СДК — у Мір і Нясвіж

Не сакрэт, што ў горадзе заўсёды хапае магчымасцей для аказання платных паслуг: варта толькі парупіцца пра адпаведнае “начынне” ды пра прасоўванне той або іншай паслугі на рынак з дапамогай рэкламы. У сельскай мясцовасці і з паслугамі, і з рэкламай мерапрыемстваў — нашмат складаней. Не раз даводзілася бываць у сельскіх ўстановах культуры, у якіх скардзіліся на тое, што на канцэрты і дыскатэкі ніхто не ходзіць, а іншага — нічога не выдумляецца. Дый, маўляў, хто да нас пойдзе…

У аграгарадку “Ліпляны” так ніколі не лічылі і не лічаць. Як прызналася мне дырэктар мясцовага СДК Людміла Лось, вядомая пастанова Савета Міністраў № 582 аб забароне падлеткам да 18 гадоў прысутнічаць на дыскатэках пасля 22 гадзін вечара, адмоўна паўплывала на колькасць наведвальнікаў танцавальных вечароў. Але гэта не сталася для кіраўніцы Дома культуры нагодай для смутку. Яна адразу ж вынайшла іншыя спосабы, каб выканаць план платных паслуг. І пачала арганізоўваць… паездкі па турыстычных “перлінах” Беларусі.

“Мы замаўляем у аддзеле культуры аўтобус, прадастаўляем усе неабходныя дакументы ў бухгалтэрыю, дзе нам разлічваюць выдаткі і рэнтабельнасць, а пасля выдаюць квіткі на паездку, — распавяла Людміла Лось. — Нашы экскурсіі карыстаюцца попытам, бо выходзяць даволі таннымі. Напрыклад, паездка ў Мазыр, на гарналыжны комплекс, каштавала 50 тысяч, вандроўка па святых месцах ажно да Жыровіч “пацягнула” на сто пяцьдзясят... І ўсе вельмі задаволены гэтымі коштамі, так што сабраць 20 чалавек для мяне — не праблема”. Вось так, пры дапамозе дырэктара СДК, многія жыхары Ліплян пабывалі не толькі ў Жыровіцах, але і ў Міры, Нясвіжы, у аквапарку Кобрына, у гомельскім цырку ды ў многіх іншых гісторыка-культурных месцах Беларусі…

Дадам, што ў Ліплянах зарабляюць не толькі гэтым. У СДК, натуральна, ладзяцца платныя канцэрты і дыскатэкі, навагоднія ранішнікі і агеньчыкі. Але і гэта яшчэ не ўсё. Некалькі гадоў таму Людміла Лось пабывала на курсах перападрыхтоўкі ў Інстытуце культуры Беларусі. Паехала туды не проста так, а захапіўшы прэзентацыйныя матэрыялы па дзейнасці сваёй установы і народнага фальклорнага гурта “Вяснянка”, што працуе пры ўстанове ўжо дзясяткі гадоў. Пад час вучобы кіраўнік СДК пазнаёмілася з адной з супрацоўніц Музея народнай архітэктуры і побыту, якой вельмі спадабаўся фальклорны калектыў. Таму праз некаторы час “Вяснянка” атрымала запрашэнне выступіць у Азярцы. Зразумела, не бясплатна. Першае выступленне прайшло, што называецца, “на ўра”, за ім пасыпаліся запрашэнні выступіць яшчэ і яшчэ… Таму ўжо неаднойчы ў Азярцы фальклорны гурт з Лельчыцкага раёна прадстаўляў то “Масленіцу”, то абрады “Дажынкі” ды “Зажынкі”...

Вынік, як на мой погляд, заканамерны. Бо, як вядома, пад ляжачы камень вада не пацячэ. Або, як не аднойчы казала мне няўрымслівы дырэктар з Ліплян: “Хто грукае — таму адкрываюць”. Але ж, натуральна, трэба мець чым грукаць! Людміла Лось — мае. Вось і на курсы перападрыхтоўкі паехала, набраўшы з сабой цэлы пачак разнастайных матэрыялаў пра дзейнасць свайго клуба. Узяла не таму, што на штосьці спадзявалася, а таму, што заўсёды гатовая да новага, да новых магчымасцей… Вось таму ўсё, прывезенае ў Мінск, ёй і спатрэбілася…

Ды і цяпер, як кажа Людміла Лось, яна заўсёды ў пошуку, ніколі за сваім вялікім дырэктарскім сталом у СДК не заседжваецца. А ідзе да людзей, прапаноўвае з’ездзіць у вандроўку па новым маршруце, “палюе” на грошы для паездкі сваіх калектываў за межы раёна. Напрыклад, не так даўно знайшла фінансавыя сродкі для паездкі ў Курск на Расійскі фестываль дзіцячых фальклорных гуртоў. Туды адправіўся ўзорны калектыў “Карагод”, што існуе пры Ліплянскім СДК. Частку грошай даў райвыканкам, частку — зарабілі самі, а яшчэ дапамаглі спонсары. Дарэчы, з Курска ліплянскія хлопчыкі і дзяўчаты прывезлі ўзнагароду фестывалю.

Зараз і ў іншых сельскіх Дамах культуры Лельчыцкага раёна пачалі пераймаць вопыт Людмілы Лось ды арганізоўваць экскурсійныя паездкі па Беларусі. Бо карысць ад гэтага — навідавоку. Напрыклад, Ліплянскі СДК павінен зарабіць за год 20 мільёнаў рублёў. Як прызналася мне кіраўніца клуба, прыкладна 15 мільёнаў яна ўжо мае… Так што план платных паслуг у аграгарадку перавыканаюць абавязкова… А дзякуючы тым грошам мясцовыя клубнікі ўжо карыстаюцца новым ноўтбукам, шыкоўным фотаапаратам, радыёмікрафонам і многім іншым…

Дарэчы, па выніках года ўстанова ў Ліплянах была прызнана ў раёне лепшай сярод усіх СДК. А за перамогу ў конкурсе выдаваўся не толькі дыплом, але і неблагі грашовы дадатак: пяць мільёнаў рублёў. Так што працаваць вельмі добра — гэта яшчэ і вельмі карысна. На тыя, атрыманыя за перамогу, грошы Людміла Лось набыла для ўстановы газонакасілку: цяпер трава каля Дома культуры расце толькі “культурная”…

У якасці заключэння

У гасцініцы “Убарць”, дзе мне давялося начаваць пад час камандзіроўкі, на першым паверсе стаіць невялічкая зашклёная шафа. Яе не мінае ніводны заезджы ў Лельчыцы вандроўнік. Справа ў тым, што ў ёй месцяцца разнастайныя сувенірныя вырабы мясцовых майстроў з раённага Дома рамёстваў. І як казалі мне супрацоўнікі гатэлю, сувеніры тыя — запатрабаваныя. За іх продаж гасцініца бярэ 20 працэнтаў ад сумы, а ўсё астатняе ідзе ў план платных паслуг РДР…

Кажу пра гэта таму, што давялося бываць у Лельчыцах гады тры-чатыры таму, а таксама жыць у “Убарці”. Дык вось, пра сувенірную прадукцыю ў холе гасцініцы не было тады ані згадкі.

Натуральна, у сферы культуры Лельчыцкага раёна хапае сваіх праблем. Да прыкладу, патрабуе рамонту будынак цэнтральнай раённай бібліятэкі: зараз чытальная зала ўстановы даводзіцца да ладу сіламі гаспадарчай групы, праўда, досыць марудна. Таксама, па словах старшыні мясцовага райвыканкама Аляксандра Капыткова, яго вельмі непакоіць кадравая праблема, асабліва ў сельскай мясцовасці, а яшчэ — развіццё сферы турызму ў раёне… Але гэта, мабыць, тэмы для іншых артыкулаў.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"