“Кастынг” для рэпертуару

№ 24 (1150) 14.06.2014 - 20.06.2014 г

Беларускі кампазітар Аляксандр Літвіноўскі, вядомы сваімі працамі ў розных жанрах і стылях, уключаючы мінімалісцкія і электронныя, перамог на Міжнародным конкурсе харавых твораў у ЗША, дзе было каля 600 удзельнікаў.

/i/content/pi/cult/483/10300/9-6.jpg

Аляксандр Літвіноўскі.

Кампазітарскія конкурсы адрозніваюцца ад выканальніцкіх тым, што звычайна праходзяць “безыменна” — прыблізна так, як літаратурныя ці драматургічныя. Журы разглядае толькі тэксты (у дадзеным выпадку — нотныя), не ведаючы, хто іх аўтар. Але беларускія творцы ў такіх спаборніцтвах удзельнічаюць нячаста. У савецкія часы — папросту не было такіх магчымасцей, а сёння многія кажуць, маўляў, навошта? Праўда, быў рэзкі зрух у 1990-я, калі пры Беларускім саюзе кампазітараў узнікла Асацыяцыя сучаснай музыкі, якая ў хуткім часе ўвайшла ў такую ж міжнародную суполку кампазітараў-авангардыстаў з цэнтрам у Амстэрдаме. Дасылаючы свае новыя творы, кампазітары мелі магчымасць патрапіць на Міжнародны фестываль авангарда “Сусветныя дні музыкі”. Тады, мабыць, і прыйшоў да іх першы смак перамог. Але потым наступіла “зацішша”.

— Знайшоў у Інтэрнэце інфармацыю пра “International New Music Competition”, — распавядае Аляксандр Літвіноўскі, — даслаў сваю партытуру, не пераследуючы ніякіх мэт. Але, прызнацца, быў вельмі ўзрадаваны, атрымаўшы абвестку, што прайшоў у фінал, дзе абраныя дзесяць твораў будуць выконвацца жыўцом, каб канчатковы выбар рабіла публіка. Харавое выканальніцтва ў Амерыцы развіта добра. У адным толькі Нью-Ёрку каля 400 хароў, сярод якіх ёсць як прафесійныя, так і аматарскія. Хор “Khorikos”, які праводзіў конкурс, — прафесійны, ён можа дазволіць сабе папаўняць рэпертуар праз буйны міжнародны конкурс, атрымліваючы безліч кампазітарскіх прапаноў з усяго свету і абіраючы з іх самае арыгінальнае і па-мастацку каштоўнае. Ну, а мне з’ездзіць у Амерыку было цікава яшчэ і тым, што праз конкурсна-фестывальныя імпрэзы пашыраецца далягляд, набываюцца творчыя кантакты, якія могуць быць карыснымі для абодвух бакоў.

З кампазітараў, як вядома, хутчэй “выціснеш” ноты, а не словы. Але па запісе канцэрта ў Інтэрнэце, можна было ацаніць не толькі твор, але і шквал апладысментаў, якім публіка вітала нашага аўтара.

І ўсё б добра, ды ўзнікаюць адразу некалькі не самых суцяшальных думак. Ці могуць нашы вядучыя творчыя калектывы дазволіць сабе такі конкурс — хаця б сярод айчынных аўтараў? На грамадскіх пачатках, як гэта рабіў у тыя ж 1990-я Беларускі саюз кампазітараў, абвяшчаючы конкурсы на камерныя творы (адзін — для кантрабаса, другі — для трох выканаўцаў), — вядома, могуць. Але ж ці захочуць? І ці адгукнуцца самі творцы? А між тым, такі ход, асабліва калі конкурс атрымаўся б міжнародным, мог бы і выканальніцкі калектыў папулярызаваць, і новыя творчыя імёны адкрыць, і публіку прывабіць.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"