На тым сяброўства грунтавалася…

№ 24 (1150) 14.06.2014 - 20.06.2014 г

Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ, паэт, дырэктар Дырэкцыі замежнага вяшчання Беларускага радыё
Значным падмуркам для майго станаўлення як беларускамоўнага чалавека сталася знаёмства і сяброўства з журналістамі Іванам Стадольнікам ды Германам Кірылавым. З імі я працаваў у полацкай газеце “Сцяг камунізму”, куды на пасаду карэктара мяне, рабочага завода шкловалакна, паклікаў колішні рэдактар Іван Фёдаравіч Лемеш.

/i/content/pi/cult/483/10295/4-112.jpgАбодва потым стануць пісьменнікамі, але ў той час мяне вабіла, што Іван і Герман гаварылі на выдатнай беларускай мове. Дзякуючы ім я пазнаёміўся з сынам вядомага садавода Івана Сікоры з вёскі Алашкі Шаркаўшчынскага раён Віктарам Іванавічам, які ў свой час нават пацярпеў за сваю беларускасць. Тады на радзіму вярталіся многія былыя навучэнцы Глыбоцкага педвучылішча, што правялі лепшыя маладыя гады ў ГУЛАГу за імкненне да беларускага слова… Іх, маладых, гарачых, нявопытных, абвінавацілі ў антысавецкай дзейнасці, стварэнні падпольнай арганізацыі і прысудзілі вялікія тэрміны. Потым многія з іх стануць героямі дакументальнай кнігі Германа Кірылава “Гарт”…

І калі я паказаў Івану і Герману свае беларускамоўныя вершы, абодва выказалі меркаванне, што яны больш натуральныя і глыбокія, чым мае юначыя радкі па-руску, што, у адрозненне ад маіх рускамоўных вершаў, у іх няма пераймальніцтва і надуманасці.

Затым была цэлая эпоха, звязаная з літаб’яднаннем “Крыніцы” пры наваполацкай газеце “Хімік”, пасля майго пераезду ў гэты малады горад. Я мог бы назваць больш за дзясятак вядомых беларускіх літаратараў, якія тады складалі касцяк літаб’яднання. Але галоўнае — тое, што наша колішняе сяброўства грунтавалася не толькі на агульных літаратурных справах. Гэта — першыя сумесныя ўрокі глыбокага патрыятызму, агульнай любові да беларускага слова.

Аднойчы на адным з абласных семінараў творчай моладзі адзін з мясцовых чыноўнікаў з’едліва спытаўся, на якой мове мы размаўляем дома, і сустрэў у адказ дружны рогат, бо на той час беларуская мова ў кожнага з нас была менавіта мовай зносін у сям’і, на працы, у стасунках з іншымі людзьмі.

У тыя гады дзякуючы нашым намаганням упершыню ў адной са школ горада адкрыўся першы беларускамоўны клас. Сёння ўжо дзеці многіх маіх колішніх сяброў — дарослыя людзі (музыканты, мастакі, журналісты, настаўнікі, інжынеры, нават ёсць святар) — працягваюць тое, што было закладзена ў іх з дзяцінства: гавораць і думаюць па-беларуску, спрыяюць функцыянаванню беларускага слова. І што самае істотнае — беларуская мова нікому не перашкодзіла выдатна валодаць рускай, а некаторым — і іншымі мовамі, стаць рознабакова адукаванымі сучаснымі людьмі.

Прыемна, што ў штодзённых стасунках да мовы сталі ўсё часцей звяртацца не толькі маладыя людзі, якія цікавіліся літаратурай. Па-беларуску загаварылі рок-музыканты, нават некаторыя чыноўнікі, скажам, колішні загадчык гарадскога аддзела культуры Людміла Касьянава, дачка вайскоўца, што прыехала з Расіі. Прычым ніхто нікога не прымушаў гаварыць так: людзі самі паступова ўключаліся ў працэс.

Той наваполацкі досвед, я нярэдка згадваю цяпер, бо нешта падобнае бачу вакол, там, дзе ствараецца асяроддзе, там, дзе не гучнымі лозунгамі, а простай штодзённай атмасферай прывіваецца любоў ды прыхільнасць да мовы народа, бо, як сказаў нядаўна ў сваім штогадовым Пасланні Кіраўнік дзяржавы, калі забудзем беларускую мову, перастанем быць нацыяй…

Аўтар: Навум ГАЛЬПЯРОВІЧ
паэт, дырэктар Дырэкцыі замежнага вяшчання Беларускага радыё