Колькі каштуе брэнд?

№ 24 (1150) 14.06.2014 - 20.06.2014 г

19 — 22 чэрвеня ў Акцябрскім пройдуць заключныя мерапрыемствы VIII Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”. Гэты праект рэалізоўваецца пры падтрымцы Міністэрства культуры, Гомельскага аблвыканкама і Акцябрскага райвыканкама, грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд культуры”.

Колькі каштуе фэст, пра які фалькларысты распавядаюць з прыдыханнем? А не так і шмат: каля 300 мільёнаў рублёў. Гэта грошы (у роўных долях) Гомельскага аблвыканкама і Акцябрскага райвыканкама. Спрычыняюцца, натуральна, і спонсары. А як жа інакш? “Берагіня” для кіраўніка Акцябрскага раёна Генадзя Сімановіча — што паслухмянае дзіця для клапатлівага бацькі. Ураджаі — справа важная, але і “Берагіня” — клопат не з апошніх. Яна для сэрца і душы. Яна — брэнд, аналагічнага якому нідзе няма.

Нас часта крытыкуюць, што занадта шмат старонак “К” прысвячаем фальклору. Між тым, наракаць на гэта — усё роўна што родную маці крытыкаваць. Усе мы з фальклору выйшлі. А “Берагіня” — мама соцень юных выканаўцаў старадаўніх песень і танцаў. Назваць іх аматарамі проста не выпадае. Яны жывуць тым, што засталося ім ад продкаў. І гэта цягам усяго жыцця мацуе іх душы.

Каб паглядзець на гэты цуд, у Акцябрскі прыязджаюць дзясяткі соцень гасцей. Кожнаму хапае цеплыні агульнага свята. Конкурсныя спаборніцтвы танцавальных пар — майстар-клас для тых, хто лічыць этна-выхаванне асновай станаўлення беларускасці.

Аўтэнтыка — рэч прыцягальная, любоў да яе перадаецца праз свядомасць і душу, замацоўваецца ў генах і “прарастае” ў нашчадках…

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"