“Адышла. Хутка буду”.

№ 24 (1150) 14.06.2014 - 20.06.2014 г

Яўген РАГІН, рэдактар аддзела газеты “Культура”
Змушаны даваць пэўным чытачам пэўныя тлумачэнні. Прычына простая: хочацца спыніць урэшце недарэчныя, як падаецца, тэлефанаванні, якія выкліканы нашымі з Кастусём Антановічам публікацыямі паводле нашых жа аўтавандровак па гарадах і вёсках Беларусі. Гэта ўжо ці не завядзёнкай стала: недзе ў аўторак, калі наш свежы нумар дайшоў ужо да ўсіх без выключэння падпісчыкаў, у маім кабінеце шалее тэлефон. Абураныя грамадзяне катэгарычна не пагаджаюцца з нашымі крытычнымі заўвагамі — наконт парушэння працоўнай дысцыпліны ў той ці іншай сельскай установе культуры. Вось па гэтай прычыне і дазволю сабе выказацца, каб хоць над большасцю “і” расставіць тлустыя кропкі.

/i/content/pi/cult/483/10289/4-1.JPGАле найперш — пра сутнасць справы. Прыязджаем мы, скажам, да сельскага клуба. Па графіку, што вісіць ля ўвахода, установа павінна працаваць. Але дзверы — зачыненыя. Прыблізна ў трох выпадках з пяці адсутнасць работніка хоць нейкім чынам тлумачыцца адпаведнай абвесткай, складзенай самім работнікам. Змест напісанага ад рукі на аркушыку з вучнёўскага сшытка — нескладаны: “Хутка буду”, “Адышла ненадоўга”, “Адпрасілася”, “Буду праз паўгадзіны”… Пры гэтым збольшага няма ні подпісу, ні даты, ні тым больш часу адыходу. Вось і чухаеш сівую журналісцкую патыліцу: “У каго яны адпрошваліся, калі, куды і з якой нагоды?”. І, паверце, з кожнай камандзіроўкі мы прывозім процьму вось такіх “абвестачных” перлаў.

Толькі адзін прыклад: у СДК аднаго з раёнаў падышлі спачатку да бібліятэкі. Абед тут скончыўся, але аркушык паведамляў: “Адышла ненадоўга ў касу”. Кастусь, больш разважлівы і менш эмацыйны, заўважыў: “А што, справа жыцейская!” Я пагадзіўся і мы пайшлі ў клуб. Той працаваў як мае быць, у зале — спявалі і танчылі, а мы з кіраўніцай пілі каву і размаўлялі пра надзённае. Кавай той ці не абпіліся, а бібліятэка ўсё заставалася зачыненай. Антановіч, добрая душа, параіў сам сабе, каб "зніклыя" ў такіх нерэгламентных выпадках пакідалі на абвестцы нумар свайго мабільнага. Парада, як я думаю, — досыць слушная. Хоць звязацца можна ды высветліць, а раптам, сапраўды, што (цьфу, цьфу, цьфу!) здарылася. Усё астатняе, за выключэннем такіх, жыццёвых, сітуацый, — грубае парушэнне працоўнай дысцыпліны работніка дзяржустановы. Аксіёма, не вартая доказаў.

Тое ж тычыцца не толькі клубаў, але і бібліятэк. У адным выпадку, як мы перакананы, прычыну адсутнасці бібліятэкара на рабочым месцы можна лічыць уважлівай: калі ён наведвае чытачоў на даму. Але абвесткі такія — досыць рэдкія. Я доўга спрачаўся па тэлефоне са старшынёй аднаго з сельсаветаў. Ён даводзіў, што бібліятэка не працавала, бо ў яе супрацоўнікаў — законны санітарны дзень, а на працы яны не былі, бо прыбіралі зону адпачынку ў зусім іншым месцы. Я нічога не меў супраць планавых прыборак, непакоіла іншае: адпаведныя абвесткі на дзвярах клуба і бібліятэкі адсутнічалі. І на нашых вачах у бібліятэку прыязджала на ровары чытачка. Як прыехала, так і з’ехала, памянуўшы нядобрым словам усю сістэму культуры. І вось так мы змагаемся за кожнага чытача? Але старшыня сельсавета застаўся пры сваім меркаванні. А што было б, калі б “К” выйшла з пустымі палосамі, а праз тыдзень мы сарамліва паведамілі б чытачам: “Даруйце, у нас санітарны дзень быў, забыліся пра яго абвясціць”?

У большасці ж выпадкаў зачыненыя ў рабочы час установы ўвогуле не маюць абвестак. Дзе гаспадары? З каларадскімі жукамі змагаюцца, загараюць, рыбу ловяць, спяць у скошанай траве? Гэта ж не праца — рай! Прыклады “беспадстаўнай зачыненасці” прывозім ці не з кожнай камандзіроўкі. Абавязкова публікуем іх. І наша логіка пры гэтым нескладаная: калі бібліятэка ці клуб не працуюць у рабочы час, значыць кіраўнікі ўпэўненыя, што ў іх паслугах вяскоўцы не маюць патрэбы. Між тым, на журналісцкай практыцы пераконваемся ў адваротным: чытачы і гледачы ва ўстановы ідуць, але сустракаюць іх зачыненыя без дай прычыны дзверы. Напэўна, дзесьці гэта ўжо непісанай нормай лічыцца? Таму ананімныя дакучлівыя тэлефанаванні наконт таго, што час ад часу памянёныя намі ўстановы ўсё ж адчыняюцца і радуюць насельніцтва выключна цікавымі мерапрыемствамі, мы ўспрымаем з пэўнай доляй скептыцызму. Ці не ладзяцца яны на даму і для вузкага кола? Не, тыя мерапрыемствы мо і суперскія. Але ці можа чалавек прэтэндаваць на званне адказнага прафесіянала, калі на рабочым месцы яго не заспець?

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"