Восем сэмплаў на арган

№ 23 (1149) 07.06.2014 - 13.06.2014 г

Апошні месяц вясны прайшоў у Гродзенскім дзяржаўным музычным каледжы пад знакам аргана, які пры падтрымцы аблвыканкама навучальная ўстанова набыла ў Польшчы. Падзея стала знакавай не толькі для каледжа, але і для ўсяго горада — сёлетняй Культурнай сталіцы Беларусі. Бо падобнага ўнікальнага электраінструмента, вырабленага на стыку найноўшых інжынерных ды інфармацыйных тэхналогій, няма на тэрыторыі ўсяго СНД.

/i/content/pi/cult/482/10283/13-4.jpg

І.Алоўнікаў пасля першага выканання на новым аргане.

Вось што апавёў пра навінку Аляксей САЛАДУХІН, дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа:

— Корпус інструмента выкананы ў класічных традыцыях старадаўняга арганабудавання, а гучанне максімальна набліжана да натуральнага акустычнага, прычым не нейкага абстрактна арганнага, а “пазычанага” ў сапраўдных інструментаў. У гэткай гукавой віртуальнасці перад намі могуць па чарзе паўстаць восем рэальных арганаў, створаных у ХVI — ХХ стагоддзях для сабораў Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Нідэрландаў, Польшчы, Францыі, Чэхіі. Як такое магчыма? Праз поўную алічбоўку таго або іншага аргана — ад непасрэднага гучання труб да дробных дэталей працы мяхоў, што падаюць паветра ў трубы, і вырабу на гэтай аснове сэмплаў, якія і запісваюцца потым на электронны інструмент. На наш польскія майстры іх запісалі — восем...

Права прэзентацыі аргана было прадастаўлена знанаму беларускаму музыканту, салісту Беларускай дзяржаўнай філармоніі, народнаму артысту Беларусі, прафесару Ігару Алоўнікаву. Для першага канцэрта ён абраў віртуальную мадэль аргана нямецкай барочнай традыцыі, вырабленага ў 1673 годзе і размешчанага ў Пражскім саборы. Выбар маэстра патлумачыў тым, што на падобным нямецкім аргане ён займаўся пад час навучання ў Маскоўскай кансерваторыі. Адпаведна была падабрана і праграма, якая складалася з твораў вялікага І.С.Баха, уключаючы знакамітую Такату і фугу рэ-мінор.

Пасля канцэрта слухачы доўга не разыходзіліся, з непадробнай цікавасцю разглядалі інструмент — “Magnus Silesia Moderno ROYAL”. Бо толькі калонкі па баках сцэны (дарэчы, найвышэйшай якасці) нагадвалі пра тое, што яны пабывалі не ў Пражскім саборы, а ў Канцэртнай зале каледжа...

Дарэчы, у красавіку свой арган займела і старадаўняя лютэранская кірха ў Гродне.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"