“Арт-Сесія” для будучых CV

№ 23 (1149) 07.06.2014 - 13.06.2014 г

Моцны старт і паблісіці заўжды актуальныя
Ад “...Сесіі” да “...Сесіі” — трохгадовы перапынак, бо папярэдні Конкурс візуальнага мастацтва студэнтаў мастацкіх спецыяльнасцей ВНУ “Арт-Сесія” праводзіўся ажно ў 2010-м. А сёлетні форум — юбілейны, дваццаты. З такой нагоды цікава азірнуцца на яго гісторыю і больш пільна агледзець сучасную выстаўку, каб зразумець, што з сябе ўяўляе зараз сумесная “творчая справаздача” маладых мастакоў.

/i/content/pi/cult/482/10282/13-1.jpg

/i/content/pi/cult/482/10282/13-2.jpg

Фрагмент экспазіцыі "Арт-Сесіі-2014". / Фота аўтара

Засталіся легендамі глядацкія натоўпы, якія бралі штурмам выставачныя залы першых Сесій, ды барацьба за месца ў экспазіцыі. Цяпер не было ажыятажу: адкрыццё, выстаўка і нават праца журы аказаліся спакойна-адладжанымі, бы па добрай завядзёнцы. Настальгічна прыгадваючы колішніх лаўрэатаў, чые пераможныя работы паказалі, што ў беларускае мастацтва прыйшлі сапраўдныя новыя “зоркі” (Алег Елізараў, Анатоль Жураўлёў, Аляксандр Фалей ды іншыя), засведчу: сённяшняя “...Сесія” не мае настолькі яркіх экспанентаў і экспанатаў. Пералічаныя імёны форум зрабіў бачнымі, забяспечыўшы маладым на той час мастакам моцны старт і паблісіці. І ў сучасных пераможцаў, упэўнены, конкурс застанецца важным ці, прынамсі, першым радком раздзела “Узнагароды” іх будучых (спадзяюся, доўгіх і змястоўных) мастакоўскіх CV. Нягледзячы на параўнальную “роўнасць” прадстаўленых твораў, а можа, і дзякуючы ёй, вызначэнне лаўрэатаў прынесла пэўныя складанасці. Але, на мой погляд, выбар журы, у склад якога гэтым разам увайшлі старшыня Беларускага саюза дызайнераў Дзмітрый Сурскі, прафесар Латвійскай акадэміі мастацтваў Освалдс Звейсалніекс, айчынныя мастацтвазнаўцы Міхаіл Паграноўскі і Таццяна Бембель, мастакі — віцебскі Віктар Нікалаеў і мінскі — Таццяна Гомза, а таксама аўтар гэтых радкоў, стаўся аб’ектыўным.

“Арт-Сесія”, нагадаю, была заснавана высілкамі педагогаў віцебскіх ВНУ — сённяшняга Педагагічнага ўніверсітэта імя П.Машэрава і Дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, — таму спярша ў ёй удзельнічалі толькі тамтэйшыя ж студэнты. Надалей заангажаваных інстытуцый паступова стала больш: далучыліся Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, Латвійская акадэмія мастацтваў і яе Латгальскі філіял, Мінскае мастацкае вучылішча… І вось сёлета колькасць інстытуцый, студэнты з якіх прымаюць удзел у чарговай “Арт-Сесіі”, здаецца, дасягнула гістарычнага максімуму: дадаліся прадстаўнікі дзюсельдорфскіх Акадэміі мастацтваў і Вышэйшай школы візуальных мастацтваў, кёльнскага Універсітэта імя Альбертуса Магнуса, а таксама Маскоўскага дзяржаўнага гуманітарнага ўніверсітэта імя М.Шолахава. Зазначу, я пералічваю толькі тыя ВНУ, дзе навучаюцца пераможцы-2014. У дадатак, па-за конкурсам, але на роўных, у экспазіцыі прадстаўлены работы кітайскіх студэнтаў.

“Арт-Сесія” — выстаўка-конкурс менавіта сучаснага мастацтва, яна — заўсёды на вастрыі, рэагуе на апошнія інтэрнацыянальныя трэнды. Таму цалкам лагічнай выглядае эвалюцыя яе намінацый ад “Выяўленчага мастацтва”, “ДПМ” і “Дызайну” на пачатку 1990-х да цяперашніх “Мультымедыя”, “Актуальнага мастацтва” і, сярод іншых, нават “Стрыт-арт”. Бачыцца своечасовым рух маладога мастацтва ў грамадскую прастору, бо надалей “Арт-Сесія” будзе мець намінацыі “Паблік-арт" ды "Рэсайклінг-арт” — таксама адна з цікавостак ужо наступнага фэсту.

Крыху пра намінацыі ды іх пераможцаў, бо лепшыя студэнцкія работы рэгіёна (у шырокім сэнсе, не абмяжоўваючыся межамі краін) адлюстравалі мясцовыя арт-адукацыйныя выклікі і тэндэнцыі. Адзначу, найперш, фатаграфію як медыя, ужытую ў лепшых “сесійных” работах не як сродак дакументалізацыі рэчаістасці, а ў якасці дзейснай зброі для даследаванняў і эксперыментаў. Тут прайгравалі партрэты (не зважаючы на ступень іх індывідуальнасці ці гламурнасці), а перамагалі фармальныя экзерсісы “Раўнавагі” Алены Дзічкоўскай (ГДУ імя Янкі Купалы) і “Мастацкія дрэвы, машыннае шкло і аконныя рамы” — структураваная праз фота інтэрвенцыя Наніі Гемер (Дзюсельдорфская акадэмія мастацтваў).

Дарэчы, фотаўплывы выразна прасочваліся нават у жывапісе, зважаючы на работу аднаго з пераможцаў — расфакусаваны чорна-белы пейзаж “The Last Shot” Даны Васільевай (Латгальскі філіял Латвійскай акадэміі мастацтваў). Другі лаўрэат-жывапісец — Вікторыя Рустамава, з той жа ўстановы, у трыпціху “Вертыкальная плынь” дэманструе прыхільнасць падкрэслена вольнаму ды індывідуалісцкаму творчаму духу першых «Арт-Сесій», якім найбольш адпавядаў абстрактны экспрэсіянізм, актуальны тады (а магчыма, і зараз) як антытэза акадэмізму, што панаваў у постсавецкай адукацыі.

А вось ацэньваючы скульптуру, журы размеркавала галасы паміж традыцыяналізмам, няхай сабе і вельмі эстэцкім, рэльефа Антона Нічыпарука (БДАМ) “Кожнаму сабаку...” ды іранічнай дэканструкцыяй класічнага партрэта аўтарства Кірылы Дзёмчава (ВДПУ імя П.Машэрава) “Ён памятае ўсё — мысляр”. У выніку, перамог першы, але другому дастаўся Спецыяльны прыз Гарадской думы Резекне (Латвія) “За пластыку форм у скульптуры”.

На жаль, не маю магчымасці прыгадаць работы ўсіх лаўрэатаў, але кожная з іх — цалкам годны “дарослы” твор мастацкага ўзроўню, што, безумоўна, вышэйшы за сярэдні по краіне.

Пасля таго як з галоўнай сцэны прагучалі імёны лаўрэатаў, гледачы былі ўзрушаны пластычным перформансам “Едакі”, прысвечаным Ван-Гогу, у пастаноўцы Тэатра-студыі сучаснай харэаграфіі з Масквы — уладальніка Нацыянальнай тэатральнай прэміі Расіі. Гэты нешараговы твор нагадаў, што менавіта ў Віцебску праводзіцца Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі (IFMC), лаўрэатам якога і з’яўляецца маскоўскі Тэатр.

Афіцыйнае ўшанаванне і ўзнагароджанне 35 лаўрэатаў пройдзе пад час Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” — 9 ліпеня ў Канцэртнай зале “Віцебск”. Тут з 9 па 14 ліпеня на юбілейнай выстаўцы “Арт-Сесіі” прадставяць не толькі лаўрэацкія творы гэтага года, але і знакавыя работы колішніх прызёраў. Карацей, цудоўна, што традыцыя “Арт-Сесій” ізноў адрадзілася! Бо, перафразуючы знакаміты выраз, без "...Сесіі" жыць студэнтам бадай і не так удо весела.

Павел ВАЙНІЦКІ, арт-куратар, скульптар, мастацтвазнаўца