Басанож як дрэс-код

№ 23 (1149) 07.06.2014 - 13.06.2014 г

“Вясновы Рэнесанс” магчымы праз культурную дзею
Лёс гэтага паселішча — бадай тыповы ў наш век урбанізацыі. Сто гадоў таму ў вёсцы Стойлы, што на Пружаншчыне, было больш за дзве сотні жыхароў. Цяпер яе насяляе хіба “драўляны народ”, створаны легендарным народным скульптарам Мікалаем Тарасюком. 82-гадовы майстар — “апошні з магікан”, які нізавошта не жадае пакідаць родную хату, нягледзячы на ўсе побытавыя складанасці.

/i/content/pi/cult/482/10281/12-1.jpg

/i/content/pi/cult/482/10281/12-2.jpg

/i/content/pi/cult/482/10281/12-4.jpg

Моманты са свята ў Стойлах.

Здавалася б, ход падзей мае незваротны характар, і клінічная смерць паселішча — толькі справа часу. Тым больш, такі лёс ужо напаткаў многія іншыя. Таму назва “Вясковы Рэнесанс” прымяняльна да Стойлаў падавалася задужа аптымістычнай. Дый ідэя правесці свята амаль зніклай вёскі таксама выклікала недаўменне. Маўляў, каму ж тут святкаваць? Але вынікі праекта, які зладзіў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Пружанскага райвыканкама, пераканаўча засведчылі, што адраджэнне — ці, прынамсі, перараджэнне Стойлаў — і сапраўды магчымае.

Шлях праз дрыгву

Пабудаваная не так даўно шыкоўная шаша Брэст-Гродна выглядае як гудронавы гімн сучаснай цывілізацыі. Але варта трохі збочыць з яе, і адразу трапляеш у “цуд некранутай прыроды”. Там, на ўскрайку Белавежскай пушчы, і месцяцца тыя Стойлы. Больш-менш нармальную дарогу туды ў свой час не праклалі, а цяпер ужо, відаць, і не пракладуць. Таму апошнія некалькі кіламетраў да Стойлаў пасля залеваў становяцца амаль непераадольнымі для легкавога транспарту, і гэтую адлегласць у восеньскую непагадзь ці вясновую слоту даводзіцца праходзіць пехатою.

— Але я мяркую, што дарога праз чысты і прыгожы лес, наадварот, можа стаць дадатковай турыстычнай прынадай, — лічыць аўтар ідэі праекта “Вясковы Рэнесанс”, загадчык аддзела традыцыйнай культуры Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Ларыса Быцько. — Гэта добрая прэлюдыя да наведання Музея Тарасюка…

Тым больш, да Стойлаў можна дабрацца ажно двума шляхамі. Праўда, адзін з іх тупіковы для аўтатранспарту, у чым на маіх вачах пераканаліся госці з недалёкай адсюль Польшчы, уткнуўшыся пярэднімі коламі ў непралазную дрыгву. Я са сваім веласіпедам таксама не здолеў бы яе фарсіраваць, каб дзядуля з суседніх Шчэрбаў сам не вызваўся стаць маім правадніком, паказаўшы патаемныя сцежкі. Трапіўшы ў такія мясціны, гарадскі чалавек адразу адчувае: тут усё іначай...

Зрэшты, для гасцей свята ўсе дарожныя цяжкасці і сапраўды не сталі перашкодай. Людзей у той глушэчы сабралася шмат — як ніколі за апошнія дзесяцігоддзі.

— Далічыўшы да пяцідзесяці легкавікоў, мы збіліся ды кінулі гэтую справу, — кажа Ларыса Быцько.

Як тое і заведзена спрадвеку, фэст пачаўся з сакральнай дзеі — асвячэння пяціметровага крыжа, усталяванага ў рамках таго самага “…Рэнесанса”. Цяпер пасярод раскіданых у гушчарах хат (усе яны выкарыстоўваюцца толькі як лецішчы) з’явіўся сапраўдны цэнтр вёскі. Непадалёк — вялізны шчыт з падрабязнай картай Стойлаў у пару іх росквіту ды цэлым россыпам чыста мясцовых тапонімаў. Натуральна, хат пазначана там значна больш, чым ёсць у рэальнасці.

— Мы пачалі працаваць над гэтым праектам месяцы чатыры таму, — распавядае яго арганізатарка. — Як зараз памятаю: тады быў больш як дваццаціградусны мароз. Абыходзілі бліжэйшыя вёскі, распытвалі, шукалі хоць нейкія сляды тых, хто жыў у даўно ўжо няісных дамах...

Сцэна на траве

Вёска толькі на паверку здаецца незваротна вымерлай. Насамрэч, у яе жыхароў засталіся нашчадкі, сваякі, раскіданыя цяпер ледзь не па ўсім свеце… Арганізатары свята паставілі сабе за мэту іх адшукаць — і знайшлі. Насуперак стэрэатыпам, ніхто з гэтых людзей не імкнецца вытравіць памяць пра родную вёску — наадварот, яна для іх — святая. Таму, адклаўшы ўсе справы, яны рушылі на фэст — з Пружанаў, Брэста, Мінска... Адзін стойлавец знайшоўся нават у Новасібірску! Ён прыехаць не змог, але затое напісаў прывітальны зварот да сваіх аднавяскоўцаў.

Па словах арганізатараў, агулам свята сабрала ажно 120 выхадцаў з вёскі — толькі ў адзін двор прыехала 33 чалавекі! Многім і прыязджаць не было куды: ад роднай хаты засталіся адны ўспаміны… А вось тыя, чые дамы ўсё яшчэ стаяць, прыклалі нямала намаганняў, каб прывесці да ладу свае падворкі.

З галоўным героем свята акурат напярэдадні здарыўся прыкры казус. Ён узяўся наводзіць парадак і пад час касьбы пашкодзіў руку — яна ледзьве не анямела. Таму ўжо на наступны дзень пасля доўгачаканага для яго фэсту Мікалая Тарасюка чакала аперацыя. Але на людзях ён ані не выдаваў сваіх бед: зухавата танчыў з маладзіцамі ды фатаграфаваўся з усімі ахвотнымі, а тым даводзілася шыхтавацца ў чаргу. Потым, у кульмінацыйны момант, раздаваў са “сцэны” граматы ад уласнага імя. Каб парушыць звыклы сцэнарый, гэтая роля была аддадзена менавіта яму, а не мясцовым уладам альбо іншым афіцыйным структурам.

Наогул, было відаць, што арганізатары імкнуліся як мага арганічней упісаць свята і ў прыродны, і ў сацыяльны ландшафт. Зрабіць яго не “мерапрыемствам для птушачкі”, а менавіта “ад душы”. І ў іх атрымалася. На імправізаваную сцэну, размешчаную непасрэдна на траве, выходзілі тыя народныя калектывы, для якіх фальклор — гэта жывая стыхія, а не навуковая рэканструкцыя. Асабліва “запальвалі” зухаватыя “Хмелеўскія валацугі” з Жабінкаўскага раёна: не так і часта ў нас гумар бывае папраўдзе смешным... Былі моманты, калі мяжа паміж удзельнікамі і публікай наогул нівелявалася: усе разам танчылі басанож ды спявалі, як тое і павінна быць на сапраўдным вясковым фэсце…

Мне даводзілася бываць на розных імпрэзах — у тым ліку вялікіх ды пафасных, удзел у якіх бралі знакамітыя творчыя калектывы. На жаль, ім досыць часта даводзілася граць ледзь не ў пустэчу, бо пераважная частка публікі ўжо літаральна праз колькі імгненняў пасля адкрыцця прысмоктвалася да ятак з ежай і пітвом. Але гэтым разам было ўсё інакш: “глядзельная зала” зусім не радзела. Культурнай праграме не перашкодзіла ні аўтакрама, ні нават даволі моцны дождж.

Каардынатарка свята была і вядучай канцэрта. Па чарзе яна выцягвала да мікрафона прадстаўнікоў усіх тутэйшых фамілій, далучаючы іх да дзеі. Вось, напрыклад, Галіна Іванаўна пачынае спяваць сакавітым чыстым голасам “На дворе колхоз...” — хіт мінулых пакаленняў, прышчэплены стараннямі тагачасных культасветработнікаў. Ларыса Быцько папрасіла выканаць і нешта спрадвечна-стойлаўскае. Спадарыня Галіна паабяцала, што да наступнага разу абавязкова згадае.

Свята стала сустрэчай самых розных пакаленняў выхадцаў са Стойлаў, і часам здаралася так, што людзі бачылі адно аднаго праз пярэрву ў некалькі дзесяцігоддзяў.

— Пасля таго фэсту мне яшчэ дзён пяць несупынна тэлефанавалі ды дзякавалі, і многія казалі: каб не такая нагода, наўрад ці мы б сюды калі выбраліся, — распавядае Ларыса Быцько. — Таму я парадавалася за нашых суайчыннікаў, якіх часам лічаць інертнымі ды абыякавымі. Як выявілася, яны захавалі такую моцную любоў да сваё малой бацькаўшчыны!..

Нягледзячы на амаль сямейную атмасферу, публіка была разнастайнай: карэнныя стойлаўцы змяшаліся з цікаўнай інтэлігенцыяй, што панаехала здалёк. Сустрэў знаёмага, беларускага інтэлектуала, які доўгі час жыве за мяжой: у Польшчы, Чэхіі, ЗША. Ён быў у поўным захапленні.

Невялічкае фінансаванне, патрэбнае для правядзення праекта, забяспечыў грант Інстытута міжнароднай супрацы “Саюза нямецкіх народных універсітэтаў”. Ды, як падаецца, такія імпрэзы могуць ладзіцца і без замежнай падтрымкі.

— Безумоўна, свята стала добрым прыкладам для іншых беларускіх вёсак, — перакананы дырэктар Музея-сядзібы “Пружанскі палацык” Юрый Зялевіч. — Падобныя фэсты можна ладзіць увогуле выключна сваімі сіламі. Галоўнае, каб знайшоўся хоць адзін руплівец... У нас такія ёсць. Прыкладам, журналіст Алесь Горбач, які родам з Кулянаў, робіць сайт сваёй вёскі...

Методыка Рэнесанса

Пабываўшы на свяце, старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Сяркоў прапанаваў зрабіць яго традыцыйным ды выказаў пажаданне: каб наступным разам басанож хадзілі ўжо ўсе госці. Без сумневу, такая імпрэза ў нечым падтрымае жыццё Стойлаў. Але гэтага ўсё ж замала для таго, каб амаль зніклая вёска адкрыла перад сабой новую перспектыву.

Шмат у чым апошняя залежыць ад лёсу ўнікальнага музея “Успаміны Бацькаўшчыны”, створанага непасрэдна на падворку Мікалая Тарасюка. Важным складнікам “…Рэнесанса” сталі першасныя захады па яго ратаванні. Валанцёры апрацавалі драўляныя работы адмысловым рэчывам, трохі патруціўшы шашаль, які іх апанаваў. Ці назаўсёды ён знік, казаць пакуль зарана: натуральна, умовы ўтрымання твораў у звычайнай хаціне вельмі далёкія ад музейных, ды і даглядаць за імі трэба пастаянна.

— Пра лёс музея Мікалая Тарасюка ўжо не першы год рупяцца пружанскія ўлады, вядуцца размовы і перамовы, пралічваюцца розныя варыянты, — распавядае Ларыса Быцько. — Маё меркаванне тут адназначнае: створаныя ў Стойлах работы павінны выстаўляцца ў натуральным асяроддзі. Нават у экспазіцыі “Пружанскага палацыка” яны страчваюць частку свайго каларыту…

Адзін з варыянтаў развіцця падзей абмяркоўваецца ўжо даволі даўно: стварыць у Стойлах філіял таго самага “…Палацыка” — натуральна, вырашыўшы папярэдне ўсе маёмасныя пытанні. Лішне нават казаць, што такая адметнасць стала б яшчэ адным брэндам Пружанскага краю. Тым больш, да справы маглі б падключыцца кваліфікаваныя музейныя работнікі, і вырашаць многія практычныя пытанні было б значна прасцей.

Аднак такіх пытанняў можа ўзнікнуць вельмі шмат: і дабірацца будзе складана тым жа супрацоўнікам, і штаты аднекуль трэба браць, і, зноў жа, грошы... Нават, хутчэй, усё ў адваротным парадку, бо калі з’явяцца грошы, з’явіцца і матывацыя. Ды і стварэнне калямузейнай інфраструктуры ў дадзеным выпадку проста непазбежнае: турыст, які пераадолеў далёкі шлях, наўрад ці паставіцца з разуменнем, калі па бутэльку вады яго адправяць у бліжэйшую краму за некалькі кіламетраў. Адпаведна, тут сам сабой напрошваецца досыць нязвыклы пакуль для родных пенатаў (але, як падаецца, ашаламляльна перспектыўны) гібрыд музея і аграсядзібы. Менавіта падобным чынам ужо вырашыўся лёс многіх глухіх закуткоў па той бок польскай мяжы: аўтэнтычная культура ды прырода зрабілі іх запатрабаванымі сярод стомленых гараджан з розных краін.

— Збіраюся правесці сярод уласнікаў стойлаўскіх хатаў тлумачальную гутарку, каб яны ні ў якім разе не абабівалі свае дамы сайдынгам ды не ставілі шклопакеты, — кажа Ларыса Быцко. — У Белавежскай пушчы гэтыя прыкметы цывілізацыі выглядаюць не зусім дарэчна…

Дарэчы, яны з мужам нядаўна купілі хату ў тых самых Стойлах. Значыць, і сапраўды вераць у іх Рэнесанс…

Фота аўтара