Наша кіно: глядзім і... пішам

№ 6 (824) 09.02.2008 - 15.02.2008 г

У рамках святочных мерапрыемстваў, прымеркаваных да 90-годдзя Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, у кінатэатрах Гомельшчыны адбудуцца прэм’ерныя паказы дзвюх айчынных кінастужак, што ўбачылі свет зусім нядаўна: “Чаклун і Румба” і “Шчыт Айчыны”. Але ж “Гомелькінавідэапракат” прапануе не проста паглядзець гэтыя фільмы, а яшчэ і ўзяць удзел у конкурсе “Глядзім беларускае кіно”.

Асноўная мэтавая катэгорыя конкурсу — школьнікі, заўтрашняя будучыня нашай краіны. Вось ім найперш і даецца магчымасць выказацца адносна таго, якім, на іх погляд, мусіць быць сучаснае беларускае кіно, што ў ім прываблівае іх і выклікае гонар, а што засмучае, якім яно магло б стаць у будучым.

Арганізатары конкурсу, само сабою, не абмяжоўваюць узрост яго ўдзельнікаў — свае думкі адносна айчыннага кіно можа выказаць любы ахвотны.

Аўтары самых цікавых разваг і рэцэнзій атрымаюць заахвочвальныя прызы ад “Гомелькінавідэапракату” і Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”. Для таго, каб за іх пазмагацца, неабходна, найперш, паглядзець дзве згаданыя стужкі маладых беларускіх рэжысёраў Андрэя Голубева і Дзяніса Скварцова, а потым у пісьмовай форме (у выглядзе рэцэнзіі альбо ўласных разваг) даслаць свае думкі пра гэтыя фільмы на электронны адрас gomelkino@mail.ru альбо на паштовы адрас: 246027, г. Гомель, вул. Мазырская, 10, з пазнакай “Конкурс “Глядзім беларускае кіно”. Дарэчы, можна не абмяжоўвацца толькі прапанаванымі стужкамі і распавесці больш падрабязна пра тое, “якім бы я хацеў бачыць беларускае кіно”.

Конкурс працягнецца з 15 лютага да 15 мая.

 

Ул. інф.