Абрады аднаго раёна

№ 23 (1149) 07.06.2014 - 13.06.2014 г

У Год гасцінасці вялікая роля адводзіцца і ўстановам культуры розных тыпаў, вясковыя — не выключенне. З такой нагоды раённы семінар па тэме “Старажытныя народныя святы і абрады, сакральныя язычніцкія і хрысціянскія месцы, традыцыйныя іміджавыя культурныя мерапрыемствы і іх пазіцыянаванне як аб’ектаў турыстычнага бізнесу ў Кармянскім раёне” прайшоў у тамтэйшым Раённым цэнтры культуры і вольнага часу.

Ініцыявалі правядзенне мерапрыемства Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці, метадычны аддзел Кармянскага цэнтра культуры і вольнага часу.

Пра традыцыйныя брэндавыя мерапрыемствы раёна, агляд-конкурс “Карагод абрадаў” (Каляды вёскі Акцяброва) распавялі загадчык метадычнага аддзела Вольга Захаранка і метадыст па народнай творчасці Кацярына Якутовіч, а таксама кіраўнік народнага фальклорнага калектыву “Луца” Алена Малючэнка.

Не меншую цікавасць уяўляюць і аб’екты прыроды: Святая крыніца і Шкаўрэнава крыніца вёсак Навасёлкі і Багданавічы. З легендамі пра гэтыя крыніцы пазнаёмілі дырэктары Барсукоўскага сельскага дома народных традыцый і Кароцькаўскага цэнтра вольнага часу Ірына Вараб’ёва і Любоў Багдановіч.

Для гасцей-наведвальнікаў, якія цікавяцца народнай медыцынай, працаваў куток народнай медыцыны Баравабуцкага сельскага дома культуры. Кіраўнік аматарскага аб’яднання “Гаспадыня” Таццяна Цімашэнка падзялілася сакрэтамі традыцыйнай кухні Кармяншчыны.

Даведаліся клубныя работнікі і пра тое, якая праца праводзіцца іх калегамі па развіцці этнатурызму на Гомельшчыне. Гістарычны экскурс па н.п. Кароцькі правяла дырэктар Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Таццяна Егерава. Яна распавяла пра знакамітых людзей, што нарадзіліся і жылі на Кармяншчыне.

Культработнікі раёна сталі ўдзельнікамі відэапрэзентацыі: аглядаў-конкурсаў па афармленні куткоў народнага побыту і складанні турмаршруту сваёй мясцовасці.

Людміла МЕЛЬНІКАВА, вядучы метадыст па народных традыцыях і абрадах Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці