Аб часе, які па-за ім

№ 23 (1149) 07.06.2014 - 13.06.2014 г

Вытокі і крыніцы Хадаровічаў
Адразу дзве роднасныя экспазіцыі — “Вяртанне да вытокаў” і “З рукатворных крыніц” — з’явіліся ў Светлагорскай карціннай галерэі “Традыцыя” імя Германа Пранішнікава. Роднасныя не толькі таму, што прадставілі іх бацька і сын — Уладзімір і Павел Хадаровічы. Духоўнае адзінства назваў — навідавоку. І па творах адразу ж бачна, што мастакі спавядаюць не знешне беларускі, этнаграфічны рэалізм, а той, што выяўляецца падсвядома.

/i/content/pi/cult/482/10274/8-6.jpg /i/content/pi/cult/482/10274/8-8.jpg

Яскрава гэта адчувальна ў зале, якую ўладарна падпарадкавалі сабе работы Уладзіміра Хадаровіча. Прадстаўлены яны рэтраспектыўна, а таму і па іх можна бачыць, як паступова змянялася сама сутнасць рэалістычнага стаўлення да выяўленчага мастацтва. Вось эцюдна ўвасоблены настрой нарачанскага ветранага дня. Цяжкія, ёмістыя, цягучыя хвалі марудна перавальваюцца каля прасторнай лодкі, у якой маладая жанчына пяшчотна ўтрымлівае свае падхопленыя ветрам валасы. На твары — гарэзлівае задавальненне. Усё прасторава абмежавана, канкрэтна, у адзіна магчымай прадметнай каларыстычнасці. Упэўненасць малюнка, дакладнасць адценняў… Напісана гэтая работа ў 1983 годзе.

Зусім іншая пейзажнасць — у творах “Вязынка. Родная хата Я. Купалы” (2001), “Подых вясны” (2003), “Пралескі” (2004), “Напрадвесні” (2007), “Спакой” (2009). Адчуваецца жаданне мастака захаваць нешта самае галоўнае менавіта ў той дэталізацыі, якая па-майстэрску яскрава выяўляе сама сябе. Духоўнае спалучэнне неспалучальнага? Так. Але гэта менавіта тое, што адрознівае рэалізм ад натуралізму. Ледзь заўважныя сярод гонкіх бяроз пралескі адчувальна прысутнічаюць у блакітнаватых адценнях тых жа беластволых прыгажунь, у самым паветры па-сапраўднаму веснавога краявіда, хаця твор так і называецца — “Пралескі”.

Уладзіміра Хадаровіча, між тым, лічаць адным з лепшых майстроў нацюрмортнага жанру. І сапраўды, варта ўбачыць хаця б адзін з яго нацюрмортаў, каб пагадзіцца з гэтым. Ці не таму, што ў іх, пры ўсёй, здавалася б, фрагментарнасці, захоўваецца беларускі каларыт. Вось хто беспамылкова адказвае сваімі творамі на тры спрадвечныя пытанні мастака: аб чым, што, як? Аб часе, які па-за часам. Рэчы, якія адухоўлены народным побытам. Фарбамі нацыянальнага светаадчування.

Цікава параўнаць два ягоныя нацюрморты з аднолькавай назвай — “Мёд”. Першы напісаны ў 1993 годзе, другі — у 2005-м. Нейкія дэталі (гліняны посуд з мёдам, соты, дымар, льняныя ручнікі, гладышка з рамонкамі), вядома ж, паўтараюцца. Але ў пазнейшым па часе творы (менавіта ён і экспануецца ў светлагорскай галерэі) усё праяўлена нейкай (так і хочацца сказаць: мядовай) святочнай каларытнасцю. Мядовы Спас? Магчыма. Ва ўсялякім выпадку, амаль пад самай столлю хаты бачым беражліва ахутаную беларускімі льнянымі ручнікамі ікону з абліччам Ісуса… Яшчэ большую фрагментарную дэталізацыю адухоўленай цэласнасці заўважаем у “Нацюрморце з птушыным гняздом” (2014). Нельга не захапляцца яго “Хлебам”, “Рамонкамі”, “Бэзам”, бо напісана ўсё колерамі адухоўленай святочнасці з такім майстэрствам.

Разглядваючы экспазіцыю Уладзіміра Хадаровіча, слухаючы яго самога, я зноў і зноў думаў пра тое, што наша ўяўленне аб рэалізме выяўленчага мастацтва даўно трэба змяняць. Зараз апошні абагульняе ў сабе ці не ўсе стылі ды напрамкі творчых здабыткаў, застаючыся, аднак, верным самаму галоўнаму. А яно — у таленавітай выснове: ёсць малюнак — ёсць мастак; няма малюнка — няма і мастака.

Размова аб экспазіцыі Паўла Хадаровіча патрабуе асобнага артыкула. Скажу толькі, што ён — нядаўні выпускнік Акадэміі мастацтваў. Ужо дыпломнай работай, што ўвайшла зараз у своеасаблівы трыпціх “З рукатворных крыніц”, засведчыў талент, якому падуладны маштабныя, прасторавыя творы, адухоўленыя асэнсаваннем далёкага і блізкага нам часу. Яго “Старадрукі”, “Рэтраспектыва. Вялікакняжацкі час” і работа, якая дала назву ўсёй экспазіцыі, вяртаюць да беларускай жывапіснасці таго, што было і, як сказаў класік, ёсць і будзе. Малады мастак ставіць перад сабой задачы, якія патрабуюць паэтычнай канкрэтызацыі. А яна немагчымая без той “малюнкавасці”, што даецца не толькі засваеннем нават класічнай школы, а і першародным талентам. Утрымаць такую вышыню памкненняў спрабуе Павел Хадаровіч і ў іншых творах, прадстаўленых на гэтай выстаўцы. Варта прыгадаць некаторыя з іх: “Сланечнікі”, “Лён”, “Нацюрморт з блінцамі”, “Лошыцкі парк”…

Застаецца толькі пажадаць, каб духоўная еднасць бацькі і сына стала яшчэ больш пераемнай у вытоках ды крыніцах іх творчасці. Зрэшты, усе ўдзельнікі вернісажу дзвюх роднасных экспазіцый менавіта гэтага і жадалі шаноўным мастакам. А яны, у адказ, ахвяравалі ў фонд карціннай галерэі па адным сваім творы.

Ізяслаў КАТЛЯРОЎ

Светлагорск