Сем плюс...

№ 23 (1149) 07.06.2014 - 13.06.2014 г

Мастакі — спецыялісты мастацкага тэкстылю стварылі ў складзе Беларускага саюза мастакоў творчую суполку “Сем+”. Гэта Ала Непачыловіч, Наталля Сухаверкава, Алена Обадава, Вольга Рэднікава, Алена Сяргеева, Марыя Барысенка, Уладзімір Лісоўчанка. У Цэнтры сучасных мастацтваў адбылася выстаўка-прэзентацыя суполкі.

/i/content/pi/cult/482/10272/9-1.png

Гэта не “справаздачная” экспазіцыя, калі аўтары знаёмяць гледачоў з вынікамі працы за пэўны перыяд. Гаворка ідзе пра выстаўку-дэкларацыю: мастакі дэманструюць розныя эстэтычныя канцэпцыі і спектр тэхналогій, якія яны збіраюцца скарыстоўваць у сваёй творчай практыцы. А гэта і тыя формы ткацтва, што грунтуюцца на народнай традыцыі ды канонах прафесійнага мастацтва, і аб’ёмна-прасторавыя кампазіцыі, і складаныя калажы, дзе спалучаны матэрыяльныя аб’екты з розных сэнсавых ды эстэтычных сістэм.

Кожны з названых вышэй творцаў мог бы пры патрэбе зладзіць грунтоўную персаналію. Але цяпер яны — суполка, зыходнай умовай існавання якой з’яўляецца сумяшчальнасць менталітэтаў і блізкасць светапоглядаў. У дадзеным выпадку мастакоў яднае ўспрыманне тканіны як неабмежаванай прасторы не толькі для тэхналагічных эксперыментаў, але і для вырашэння рознамаштабных эстэтычных задач. Згаданыя мастакі могуць і міні-габелен выткаць, і аздобіць інтэр’еры манументальнага гмаху.

Асабіста мне ў “Сем+” найбольш блізкая і зразумелая творчасць Алы Непачыловіч і Наталлі Сухаверкавай. Першая, беручы за аснову народную семантыку, стварае кампазіцыі, блізкія зместам да мастацтва “оп-арта”. Другая шануе сюжэтнасць, але ва ўмоўна-дэкаратыўных формах. Я сказаў бы, што гэтыя творцы, зыходзячы з немалога жыццёвага і прафесійнага досведу, акрэслілі для себе сферы прыкладання таленту ды напрамкі стылявой эвалюцыі, якія найбольш адпавядаюць іхняй мастакоўскай філасофіі. Іншым жа членам суполкі ўласцівы, як мне падаецца, брак сістэмнасці і большы творчы суб’ектывізм, нібыта яны яшчэ не вызначыліся адносна мяжы, за якой тэкстыль перастае быць самадастатковай эстэтычнай з’явай. Гэта не загана, але такія чыннікі, каб эфектыўна спрацоўваць, вымагаюць стварэння адмысловага кантэксту. У дадзены момант некалькі перасоўных выставак суполкі вандруюць па свеце, прадстаўляючы замежнай аўдыторыі сучаснае беларускае мастацтва і саму Беларусь, адкрытую свету. Адкрыта для новых праектаў і сама суполка. Знак “+” у яе назве сведчыць пра магчымасць далучэння да яе новых членаў ды гатоўнасць генерыраваць ідэі.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"