Унікальнае суседства

№ 23 (1149) 07.06.2014 - 13.06.2014 г

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка накіраваў прывітанне арганізатарам, удзельнікам і гасцям X Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур. Пра гэта паведаміла Прэс-служба Кіраўніка дзяржавы.

Як адзначыў беларускі Лідар, за многія стагоддзі на беларускіх землях сфарміраваўся ўнікальны характар этнакультурнага суседства розных народаў. “Сёння ў Рэспубліцы Беларусь у міры і згодзе пражываюць прадстаўнікі больш як 140 нацый і народнасцей. Яны захоўваюць і развіваюць сваю гісторыю, культурную спадчыну, узбагачаючы тым самым беларускае грамадства. У той жа час, дзяржава паслядоўна праводзіць у жыццё прынцыпы нацыянальнай палітыкі, скіраванай на павагу і захаванне правоў і інтарэсаў усіх нацыянальных супольнасцей”, — гаворыцца, у прыватнасці, у прывітанні.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Фестываль нацыянальных культур садзейнічае ўмацаванню традыцый дружбы і духоўнай блізкасці, якія аб’ядноўваюць шматнацыянальны народ Беларусі.

Прэзідэнт таксама выказаў упэўненасць, што дзясяты, юбілейны, фестываль будзе садзейнічаць далейшаму ўмацаванню культурных і міжэтнічных сувязей, з’яўленню новых яркіх творчых калектываў і выканаўцаў, стане маляўнічай падзеяй у шэрагу мерапрыемстваў горада Гродна — Культурнай сталіцы Беларусі 2014 года.