“Кантрольны пакет” належыць не нам?

№ 23 (1149) 07.06.2014 - 13.06.2014 г

Чаму мы не канцэнтруемся на масавым энцыклапедычным рынку? / Даследаванне "К". Частка 1
Шануючы кнігі прадстаўнічага класа, што маюць элітную паліграфію, цудоўны дызайн і глыбокі змест, немалую, а мо і пераважную колькасць патрэбнай мне інфармацыі атрымліваю з выданняў, якія не прэтэндуюць на асаблівую навукападобнасць. Часта, калі часу бракуе, аддаю перавагу не тамам, а брашурам, не манаграфіям, а дайджэстам, не навуковай, а папулярызатарскай літаратуры. Чытанкі, што, пагартаўшы, не шкада забыць у электрычцы, уяўляюцца мне надзвычай важным чыннікам інфармацыйнай прасторы. Яны, мяркуючы па немалых накладах і стабільнай прысутнасці на выдавецкім рынку, ахопліваюць велізарную аўдыторыю. У любым выпадку, ставіцца да іх з пагардай не варта. Мае развагі не датычацца чытва авантурна-скандальнага зместу пра ўсялякія “таямніцы гісторыі” і невытлумачальныя прыродныя з’явы — гэта іншая тэма. Гаворка ж ідзе пра папулярызатарскую літаратуру, што грунтуецца на больш-менш аб’ектыўным асэнсаванні вартай даверу факталогіі. Пра літаратуру з энцыклапедычным, асветніцкім ухілам.

Мяркуючы па паліцах крам і шапікаў “Белсаюздруку”, сёння ў Беларусі “кантрольны пакет” гэтага сегмента інфармацыйнага рынку належыць не нам. Паўсюдна вам трапяцца на вока пазначаныя выдавецкім знакам італьянскай кампаніі серыі брашур па самых розных галінах ведаў. Тая кампанія існуе больш як сто гадоў, працуе больш чым у сарака краінах свету. Расійская рэдакцыя вядзе больш за трыццаць праектаў, а прадукцыя італьянскага выдавецкага дома на рускай мове распаўсюджваецца ў шэрагу краін СНД, у тым ліку і ў Беларусі.

Кантэкст — глабальны, аўдыторыя — свая

Біялогія, геаграфія, этнаграфія, мода ў гістарычнай рэтраспектыве, архітэктура, парусны флот, авіяцыя, аўтапрам, нумізматыка, гісторыя войн і гісторыя матэрыяльнай культуры, жыццяпісы выбітных асоб — здаецца, няма такой галіны ведаў, да папулярызацыі якой не спрычыніліся б згаданыя выдаўцы. Сабраўшы ўсе выпускі — ілюстраваныя нарысы — той або іншай серыі (у камплект уваходзіць папка альбо каробка для брашур), становішся ўладальнікам, лічы, энцыклапедычнага даведніка. Кожная брашура — яго асобны раздзел. Колькасць раздзелаў у праекце звычайна вагаецца ў межах некалькіх дзясяткаў, аднак жа вельмі шануецца лічба 100. Скажам, серыя “100 чалавек, якія змянілі хаду сусветнай гісторыі”, “100 бітваў, якія змянілі свет”…

Дзейнасць італьянскіх выдаўцоў носіць глабалісцкі кантэкст і выглядае як спроба ўзняцца ў духоўнай сферы над дзяржаўнымі межамі, вызначыць у гісторыі цывілізацыі ўніверсальныя чыннікі і акрэсліць своеасаблівую “зборную каманду Чалавецтва”. Але пры гэтым спецыялісты выдавецкага дома, кіруючыся логікай менеджменту, улічваюць асаблівасці нацыянальных і рэгіянальных аўдыторый, гісторыка-культурныя традыцыі розных краін і народаў. Працуе кампанія і па лакальных праграмах. Была, да прыкладу, серыя, прысвечаная выбітным постацям расійскай гісторыі. Зараз у нашых шапіках можна пабачыць серыі, прысвечаныя расійскім храмам, палацам, сядзібам. Падобна на тое, што поспех мае і серыя “Аўталегенды СССР”. Кожны яе выпуск — гэта брашура і мадэль аўтамабіля. А вельмі папулярную серыю “Рускія танкі” стварае для Расіі ды СНД англійскае выдавецтва…

Як я ўжо адзначаў, у сабраным выглядзе серыя ўяўляе з сябе энцыклапедычны даведнік. Але ж збіраць асобныя выпускі ў камплект цягам некалькіх гадоў значна цікавей, чым адразу прыдбаць немалога памеру кнігу. Гэта як глядзець па тэлебачанні серыял, сюжэт якога зразумелы, а дэталі могуць быць нечаканымі. Зрэшты, такі занятак зацягвае, і чытач, сабраўшы адну серыю, можа запаліцца цікавасцю і да сумежнай тэматыкі. Скажам, ужо маючы “Танкі”, пераключыцца на “Самалёты”.

Глядзім на свет чыімі вачыма?

Гледзячы на італьянцаў, якія фактычна кантралююць вялікі сегмент рускамоўнага чытацкага рынку, за маштабныя праекты папулярызатарскага кірунку ўзяліся нашы суседзі-расіяне. Сярод іх асабіста мяне зацікавілі “Вялікія мастакі” і “Вялікія музеі свету”: якасныя друк і макет, карэктныя тэксты і прымальны кошт.

Для канкрэтнага чытача, як правіла, не істотна, у якім выдавецтве патрэбная яму кніга пабачыла свет. Але “масавы чытач” — гэта ўжо іншы маштаб. Бо гаворка ідзе пра інфармацыю, здольную ўплываць на грамадскую думку.

Ніяк не абмінуць тую акалічнасць, што нават калі сама інфармацыя вонкава “нейтральная”, яе падборка і сэнсавыя акцэнты заўжды тэндэнцыйныя. Да прыкладу, адносна кола геніяў планетарнага маштабу ў свеце існуе кансэнсус: Рафаэль ён і ў Афрыцы Рафаэль. Але пры гэтым даведнікі, прысвечаныя шэдэўрам сусветнай культуры, будуць адрознівацца зместам у залежнасці ад краіны выдання, бо з’яўляецца спакуса “перацягнуць коўдру на сябе” і скласці “сусветны спіс” такім чынам, каб у ім дамінавалі родныя імёны ды аб’екты.

Cярод 100 альбомаў “Вялікія мастакі” больш за 50 прысвечана рускім творцам. Праўда, прыналежнымі выключна да рускай культуры трактуюцца Іван Хруцкі, Марк Шагал і Казімір Малевіч, якіх сваімі ці датычнымі да сваёй гісторыі лічыць таксама Беларусь. Паводле такога ж прынцыпу пабудаваны серыі “Вялікія паэты” і “Вялікія кампазітары”. Але ж, мяркую, што ставіць побач як роўных, як аднолькава значных для сусветнай цывілізацыі Веласкеса і Шышкіна, Гойю і Глазунова не надта карэктна. Відавочна, праект не мае на мэце аб’ектыўнае адлюстраванне гісторыі мастацтва. Ёсць у мяне польскае выданне 1970-х гадоў “100 славутых карцін”: даведнік па гісторыі сусветнага жывапісу — ад часоў Старажытнага Егіпта да другой паловы ХХ стагоддзя. Дык там колькасць твораў польскіх мастакоў таксама зашкальвае. У амерыканскай літаратуры па гісторыі сусветнага мастацтва, якую мне даводзілася гартаць, Усходняя Еўропа ўвогуле ігнаруецца. Але падрабязна разглядаюцца ўласна амерыканскія здабыткі, якія, на маю думку, больш адпавядаюць рэгіянальнаму, а не сусветнаму ўзроўню. Так што гэта справа звычайная.

Усе так робяць, і не было б нам да гэтага справы, каб папулярныя ў суседняй краіне выдавецкія праекты не выходзілі за яе межы. Праблема, аднак, у тым, што яны распаўсюджваюцца і на рускамоўную прастору краін СНД. На Беларусь, у прыватнасці. Фактычна мы прызвычайваемся глядзець на свет чужымі вачыма.

Можа, такую саступку трэба ўспрымаць як непазбежную плату за інтэграцыю ў сусветную інфармацыйную прастору? Але ж, да прыкладу, Расія, зацікаўленая ў супрацоўніцтве з навакольным светам не менш за Беларусь, не збіраецца здаваць каму-небудзь свой духоўны суверэнітэт. Расіяне пра свае інтарэсы дбаюць. Замежныя выдаўцы, пра якіх ідзе гаворка ў гэтых нататках, працуюць на расійскім інфармацыйным рынку з расійскім матэрыялам на дзяржаўную ідэалогію краіны-замоўцы.

Замоўца можа ставіць умовы

Напрыклад, згаданая вышэй серыя італьянцаў “100 бітваў…” для суседняга нам інфармацыйнага абшару зроблена інакш, чым для іншых кліентаў выдавецкага дома. Пры асвятленні ваеннай гісторыі ўвогуле цяжка быць аб’ектыўным. Як інакш патлумачыць тое, што гэтая серыя разам з вялікімі бітвамі, якія сапраўды змянялі глабальны расклад сіл і палітычную карту свету, уключае і лакальныя баявыя сутыкненні? Дык вось, расіяне, прыняўшы недасканалы тэматычны план за аснову, нават пакінуўшы ў ім шэраг нецікавых для сябе пазіцый, моцна той пералік адкарэктавалі. Цяпер у той версіі “100 бітваў…”, што распаўсюджваецца на рускамоўнай прасторы, выразна прысутнічае расійскі гістарычны чыннік: ад бітвы на Калцы ў 1223 годзе да грандыёзных баёў Вялікай Айчыннай вайны. Так, у ідэале, пажадана рабіць і нам, калі мы згаджаемся на прысутнасць замежнікаў на сваім інфармацыйным полі. Каб нашы інтарэсы браліся да ўвагі, відаць, мае сэнс скантактавацца з расійскай рэдакцыяй італьянскага выдавецкага дома і ўсталяваць сваю прастору ў тэматычным плане? Іншая справа — хто зацікаўлены ў тым, каб за гэта ўзяцца...

Сказаць лёгка, а зрабіць?

Адносна нядаўна ў Беларусі з’явілася ў продажы калекцыя фарфоравых лялек у традыцыйных касцюмах рэгіёнаў Расіі і краін СНД. Як вы думаеце, хто зрабіў гэты падарунак аматарам этнаграфіі? Правільна, тыя самыя італьянцы. Кансультанты ж праекта — расійскія навукоўцы, якія гарантуюць гістарычную дакладнасць кожнага фрагмента адзення лялек. Сам праект з’яўляецца часткай вялікай тэмы “Лялькі ў касцюмах народаў свету”, над якой італьянскае выдавецтва працуе не адзін год. Беларусь прысутнічае ў праекце касцюмамі Смаленскай і Мінскай губерняў — яшчэ як колішнія рэгіёны колішняй Расійскай імперыі. Ці могуць у вачах калекцыянера ці збіральніка сувеніраў нашы саламяныя лялькі скласці канкурэнцыю расійскім фарфоравым? Мяркую, не… Гэтак жа, як, на жаль, не ўяўляецца перспектыўным выданне ў фармаце “часопіс+DVD-дыск” айчынных балетных спектакляў. Пра гэта “К” пісала ў № 50 за 2013 год, калі разглядала магчымасці канкурэнцыі расійскаму выданню са спектаклямі тамтэйшых тэатраў.

А ці можа Беларусь ажыццявіць падобныя асветніцкія праекты? Пра гэта — у наступных нумарах "К".

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"