Каб зладзіць баль у палацы, а не ў хаце

№ 23 (1149) 07.06.2014 - 13.06.2014 г

Ці патрэбен метадыст, каб адрадзіць шляхецкую культуру на Беларусі?
Мабыць, кожны жыхар краіны можа назваць тое, што вылучае беларусаў сярод іншых народаў. Але ж, зразумела, традыцыйная культура нашай краіны не зводзіцца толькі да драўлянай хаты селяніна, саматканай ільняной вопраткі, вышытых ручнікоў ды дранікаў з салам. Бо была ў нас не толькі сялянская, але і багатая гарадская ды шляхецкая культура, на якую, на жаль, вельмі часта забываюцца.

Так, мы вывучаем і адраджаем старадаўнія вясковыя танцы ды спевы, убранне сялянскіх хат і традыцыйнае вяселле, але ці шмат на Беларусі даследчыкаў шляхецкай культуры? Напрыклад, калі быў аб’яўлены Год традыцыйнага касцюма на Міншчыне, намаганнямі метадычных службаў, работнікаў Цэнтраў традыцыйнай культуры і клубных устаноў вобласці было сабрана шмат матэрыялу, на аснове якога рэканструявалі бярэзінскі, клецка-капыльскі, барысаўскі строі... У буклетах, выдадзеных па выніках даследавання, апісваліся традыцыйныя спадніцы і андаракі, нагавіцы і даўгаполыя кашулі, наміткі і хусткі… Усё гэта добра, але нідзе ў гэтых матэрыялах не згадвалася пра панскую вопратку, пра шаўковыя ды парчовыя сукенкі, карункавыя і расшытыя каштоўнымі камянямі каўняры, пра дарагія футры і аксамітныя світкі…

Яшчэ прыклад. На Міншчыне штогод ладзяцца дзясяткі святаў традыцыйнай культуры. Але ўсе яны адлюстроўваюць толькі адзін бок нашай культурнай спадчыны — традыцыйную сялянскую культуру: ад святаў-конкурсаў традыцыйных рамёстваў да фестываляў побытавых танцаў. Так, гэтыя імпрэзы патрэбныя. Але, на мой погляд, варта арганізоўваць і такія акцыі, на якіх можна было б дэманстраваць багатую традыцыйную культуру магнатаў і мяшчан.

Здаецца, пачатак падобнай працы — навідавоку. Летась у Беларусі была прынята Дзяржаўная праграма “Адраджэнне тэхналогiй i традыцый вырабу слуцкiх паясоў i развiцця вытворчасцi нацыянальнай сувенiрнай прадукцыi “Слуцкiя паясы” на 2012 — 2015 гады”. Таксама адбылося і першае свята, прысвечанае слуцкаму поясу — з’яве выключна шляхецкай культуры. Здаецца, вось яно — прызнанне! Але “шляхецкая” па сваёй сутнасці падзея ў выніку аказалася чарговым святам у сялянскім стылі: тыя ж ільняныя кашулі ды баваўняныя спадніцы, тыя ж хусткі і саламяныя капелюшы… Цэнтральны блок на свяце займаў звычайны для нашых імпрэз “горад майстроў”, у музычным афармленні гучалі знаёмыя ўсім песні пра сялянскую долю, пра каханне Янкі да Алены… Хаця пачыналася свята з тэатралізаванай гісторыі пра князя Радзівіла, які заснаваў мануфактуру па вырабе слуцкіх паясоў. На жаль, цалкам зрабіць “шляхецкім” свята не атрымалася…

Паўтаруся: я не супраць фэстаў сялянскай культуры — яны павінны існаваць, а мы толькі ўзбагацімся, ведаючы традыцыйныя строі сялян, побытавыя танцы і песні. Дый як абысці ўвагай культуру і побыт шляхты, мяшчан? У працэнтным суаднясенні шляхты на Беларусі было 12 працэнтаў ад усяго насельніцтва. Знакамітыя роды Сапегаў, Храптовічаў, Тышкевічаў, Кішак, Нарбутаў, Тызенгаузаў, не кажучы ўжо пра Радзівілаў, пакінулі свой след не толькі ў лакальнай, але і ў сусветнай гісторыі. І тут заканамерна паўстае пытанне: чаму, кажучы пра традыцыйную культуру беларусаў, мы забываемся на гэтыя залатыя старонкі сваёй гісторыі?..

Так, напрыканцы мінулага стагоддзя ў буйных гарадах Беларусі з’яўляюцца рыцарскія клубы, дзе моладзь займаецца рэканструкцыяй рыцарскай культуры. Але часцей за ўсё ў такіх арганізацыях даследуецца не беларуская традыцыйная культура. Напрыклад, Мінскі рыцарскі клуб “Ордэн паўночнага храма” за аснову сваёй дзейнасці ўзяў Тэўтонскі ордэн ХІV стагоддзя, а “ордэн” “Меч і крумкач” увогуле ўяўляе з сябе рэканструкцыю вобраза еўрапейскага рыцара. Тыя ж клубы, што грунтуюцца на роднай культуры (“Заслаўская харугва” з Мінска, “Арыдан” з Гродна ды іншыя), больш увагі надаюць працы са зброяй, даспеху, воінскаму ўбору.

Праўда, нельга не заўважыць, што дзякуючы менавіта гэтым аб’яднанням на Беларусі паступова з’яўляюцца мерапрыемствы, прысвечаныя магнацкаму побыту. Згадайма хоць бы рыцарскія фестывалі ў Міры, Гальшанах. Да таго ж, у некаторых установах культуры перыядычна ладзяцца “Шляхецкія балі”. Але, як сведчыць практыка, падобных мерапрыемстваў у клубах Беларусі бывае не так ужо і шмат, а іх змест рэдка адпавядае назве.

Крыху лепшая сітуацыя назіраецца ў музыцы: альбомы гурта “Стары Ольса” ды іншых падобных гуртоў, аднаўленне “Полацкага сшытка” — усё гэта красамоўна паказвае на яркую і багатую культуру шляхецкіх родаў Беларусі. Але гэтыя творы не так шырока вядомыя, як “зажыначныя” ды “дажыначныя” спевы, і, на жаль, не асацыююцца з традыцыйнай культурай.

На мой погляд, такая перавага ў традыцыйнай культуры сялянскага перад шляхецкім збольшага выклікана палітыкай савецкай улады, пры якой быць знатнага роду было не толькі “непрыстойна”, але і небяспечна. Савецкія часы даўно мінулі, і зараз, наадварот, “модна” адшукваць свае шляхецкія карані. Але “мода на шляхецкае” чамусьці не дайшла да галіны культуры.

Навука ў гэтым плане больш “прагрэсіўная”. Па словах загадчыка кафедры культуралогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Аляксандра Смоліка, у апошнія гады ў айчыннай навуцы паступова “выкідаецца вобраз сялянства” як адзінага носьбіта традыцыйнай культуры. Пацвярджэннем таму сталі абароненая дысертацыя на тэму “Культура магнатаў Панямоння”, міжнародныя навукова-практычныя канференцыі, прысвечаныя родам Агінскіх, Тышкевічаў, артыкулы пра жыццё і дзейнасць прадстаўнікоў шляхты, якія пакінулі свой след у гісторыі ды навуцы. Як адзначае Аляксандр Іванавіч, даследаванні ў гэтай сферы варта ажыццяўляць сумесна з суседзямі, бо большасць магнацкіх родаў і дзейнасць іх прадстаўнікоў нельга дакладна замацаваць за адной краінай.

І апошняе. Наяўнасць праблемы папулярызацыі шляхецкай культуры абумоўліваецца і бракам у метадычна-арганізацыйных цэнтрах, цэнтрах традыцыйнай культуры спецыялістаў па гэтым пытанні. Напрыклад, на Беларусі ёсць метадысты па традыцыйных промыслах і рамёствах, па фальклоры, па аматарскіх аб’яднаннях, па этнаграфіі і па нематэрыяльнай культурнай спадчыне, а вось адзінку метадыста па шляхецкай культуры яшчэ не ўвялі. І ці ўвядуць яе калі-небудзь?..

Настасся КОМЛІК-ЯМАЦІНА, вядучы метадыст па фальклоры Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці