“Байцы” на прывале. Пакуль?..

№ 17 (1143) 26.04.2014 - 02.05.2014 г

Алег КЛІМАЎ, спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"
Напачатку — доўгае і нелiрычнае адступленне ад тэмы. Усе вы, вядома ж, з панядзелка па чацвер, недзе апоўначы знаходзіце час, каб паглядзець на тэлеканале “Беларусь 2” справаздачы аб тым, як у Мiнску праходзілі адборачныя туры да міжнароднага музычнага конкурсу “The Global Battle of the Bands” (іранізую, вядома ж, у пэўнай ступені). І ўсё б нічога, каб не адно “але”. Выступленні гэтыя адбыліся ў адным са сталічных клубаў амаль… год таму. Больш за тое: ужо ў лютым было вядома, што гурт-пераможца “Inomarki” (якi практычна адразу ж пасля лакальнага трыумфу змяніў назву на “Vox Mira”) прадставіў нашу краіну ў Тайландзе, дзе заваяваў 5 месца (дарэчы, найлепшы вынік у гісторыі ўдзелу Беларусі ў гэтым фестывалі альтэрнатыўнай музыкі).

/i/content/pi/cult/481/10253/4-3.jpgЗайздросная “аператыўнасць” у паказе тлумачыцца, відаць, проста: менавіта такія рэаліі айчыннага шоу-бізнесу і яго запатрабаванасці айчынным тэлебачаннем. Планавалася, што перадачы пачнуць выходзіць напрыканцы мінулага года, затым тэрміны перасунуліся на студзень бягучага. І, урэшце, старт эфіраў адбыўся ў пярэдадзень 1 красавіка.

Карацей кажучы, з гэтага часу вырашылі мы з маім старадаўнім сябрам Андрэем Халадзінскім — ці не першым беларускім FM-ды-джэем (які разам са мной, а таксама з заслужаным артыстам Рэспублікі Беларусь Уладзімірам Ткачэнкам, легендарным рок-вакалістам Ігарам Варашкевічам і гуру авангарда, а па сумяшчальніцтве гукарэжысёрам Леанідам Нарушэвічам уваходзіў у склад журы адборачных тураў), называць родны шоу-бізнес не інакш як “сан саныч” (з намёкам на адну адказную асобу, датычную да правядзення адбораў). Дарэчы, не факт, што такія ж туры ў Беларусі да “GBOB-2014” адбудуцца сёлета...

Як вы ўжо, мабыць, здагадаліся, задумаў я бясконцы ўступ для таго, каб вывесці на авансцэну аповеду людзей, пра якіх напісаў вышэй. І для таго, каб вы адчулі, у якіх умовах “сан саныча” ім даводзіцца рэалізоўваць свае творчыя ідэі. Зрэшты, тэкст мой, якраз наадварот, — не пра рэалізацыю.

Так ужо здарылася, што героі гэтага “эсэ” цяпер жывуць, як мяркуюць некаторыя, у найлепшым для мужчын узросце — 50-гадовым (камусьці — больш, камусьці — крыху менш). І дасягнулі яны, падавалася б, у жыцці многага. Ды вось толькі шчасце на іх тварах асабіста я назіраю не так часта. У гітарэра Ткачэнкі, якому пайшоў сёмы дзясятак i якi стаiць пэўным чынам асабняком ад астатніх названых, як мне падаецца, таксама. Леташні юбілей маэстра не быў адзначаны безліччу ганаровых грамат, канцэртам, паказаным па ТБ, ды іншымі складнікамі джэнтльменскага набору віншаванняў, што, як правіла, выпадае з падобнай нагоды. Але ж не дзеля іх нясе радасць меламанам музыкант? Аднак такое стаўленне наводзіць на невясёлыя думкі: калі артыст быў маладзейшы, пра яго памяталі, прысвоілі званне, а з гадамі што здарылася?..

Ігар Варашкевіч некалькі гадоў таму мог з’ехаць з краіны, і думкі такія яго наведвалі. Зарабіць на хлеб з вадой яму, акрамя як рок-н-ролам, ёсць і яшчэ чым. Але застаўся. Чаму? Бо, кажа лідар гурта “Крама”, “...гэта мая краіна, іншай мне не трэба...”. І спакойна канстатуе, што каманда яго, па вялікім рахунку, тут ужо нікому не патрэбная. І не пазамузычныя прычыны ў тым вінаватыя. Мінуў час. Сталыя прыхільнікі зацягнуты побытавымі справамі, зрэдку яны дазваляюць сабе хіба панастальгаваць на канцэртах, а ў моладзі куміры — з аднагодкаў. “І выпушчаны новы альбом нічога не зменіць”, — перакананы Варашкевіч. А рок граць хочацца, таму ён і грае яго... выконваючы сусветныя каверы па корчмах-рэстаранах.

Леанід Нарушэвіч — “вушы” беларускіх радыёстанцый. “Якія даўно “звялі”, — не жартуе ён, прыгадваючы тыя гады, калі адрозніваў FM-станцыі па другой-трэцяй песні. “З авангардам карціна тая ж, — лічыць крэатар калісьці культавага фестывалю “Сіні перац”. — Ёсць асобныя выканаўцы, але — вельмі асобныя. А пра тое, каб правесці маштабны, рэзанансны фэст “музыкі не для ўсіх”, гаворка не ідзе. На яго няма фінансаў. Я зайздрошчу таму ж Сашу Багданаву, які пакуль яшчэ не астыў і нешта спрабуе рухаць на гэтым “фронце”, але сам за “…Перац” ужо не вазьмуся”.

Андрэя Халадзінскага ў 2013-м адправілі з радыёстанцыі, якую ён з калегамі ствараў з нуля. Не праз нейкую правіну, а з-за чарговай “новай унутранай палітыкі” арганізацыі. Ды-джэй пабываў на іншых станцыях, дзе яму адкрыта заявілі: “Стараваты ўжо...” Сёння яго можна сустрэць у якасці вядучага на абрыдлых яму карпаратыўных вечарынах і... у журы конкурсаў. Ну, і нядаўна ён усё ж такі ўладкаваўся па профілі: займаецца тым, чым займаўся б практыкант. У галаве гэтага чалавека маса ідэй, задумак пазнаваўча-адукацыйных у кантэксце музычных праектаў, фестываляў. Але ці патрэбна гэта цяперашняму радыё? Тым, хто прывозіць з гастролямі гурт “БІ-2” ці яшчэ які? “Сан санычу”? Вам? Памыляецеся: не патрэбна гэта і вам...

І ўсё ж, пяцьдзясят — выдатны ўзрост, па сабе мяркую! І вельмі спадзяюся, што ў лёсах маіх прыяцеляў наступіць той самы чарговы шчаслівы паварот іх дарогі. Час так мудрагеліста і раптам змяняецца...

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"