Першыя дзесяць тысяч "Дзесяці стагоддзяў..."

№ 17 (1143) 26.04.2014 - 02.05.2014 г

Мастацтвазнаўцы — пра буйны выставачны праект-2014
Ужо акурат месяц у Нацыянальным мастацкім музеі працягваецца свята для ўсіх тых, хто не абыякавы да нашай выяўленчай культуры, і для тых гасцей ды турыстаў, у каго ёсць жаданне даведацца, што, уласна кажучы, уяўляе з сябе беларускае мастацтва, дзе яго карані, у чым ягоная асаблівасць у сусветным кантэксце, і, наогул, як складваўся лёс нашай духоўнай спадчыны на працягу цэлага тысячагоддзя.

Пытанні, як бачым, не простыя, адразу на іх не адкажаш. Але паспрабаваць можна. Прыкладна так сказалі сабе арганізатары выстаўкі “Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі”. І ў іх — атрымалася, сведчаннем чаму шматлікія гледачы, якія кожны дзень запаўняюць выставачныя плошчы двух паверхаў музея. Больш як 10 тысяч наведвальнікаў за месяц — такую лічбу літаральна ўчора паведамілі мне ў музеі. Для нашага часу гэта добры знак.

Нагадаю, што арганізатарамі выстаўкі выступілі Міністэрства культуры Беларусі, ААТ “Белгазпрамбанк”, ААТ “Газпрам Трансгаз Беларусь” і, вядома ж, Нацыянальны мастацкі музей. У экспазіцыі прадстаўлены творы амаль 30 рэспубліканскіх і рэгіянальных музеяў, бібліятэк ды рэлігійных аб'яднанняў. Шмат работ з прыватных і карпаратыўных калекцый. А ўсяго — больш за 500 твораў. Па якасці гэта — самая моцная экспазіцыя за пасляваенны час. Зразумела, умясціць такую колькасць работ выяўленчага мастацтва і артэфактаў, якія былі народжаны на землях, што ўваходзяць у сучасную Беларусь, а таксама твораў аўтарства выхадцаў з гэтых мясцін, якія з’явіліся за іх межамі, было вельмі складана. І таму давялося “пашырыць” экспазіцыйныя плошчы за кошт дызайнерскіх пошукаў. Таленавітыя Любоў Лявонцьева і Ігар Асоўскі з Пецярбурга, Відутэ Павілаўскайтэ з Вільнюса і мінчанка Алена Матросава, на маю думку, выдатна справіліся з дадзенай задачай. Аўтарам канцэпцыі гэтага арт-праекта стаў вядомы знаўца сусветнай і нацыянальнай культуры Уладзімір Шчасны. Ён жа, разам з мастацтвазнаўцай Надзеяй Усавай, — і куратар выстаўкі.

Не буду зараз казаць пра вартасць і якасць асобных твораў экспазіцыі — у цэлым яна стала выдатнай з’явай у нашым духоўным жыцці. І тут ніхто спрачацца не стане: кожны глядач і спецыяліст тут знойдзе ўсё, што яму па душы. Камусьці падабаюцца артэфакты, звязаныя з візантыйскімі традыцыямі беларускай іконы, вельмі важныя для разумення ўнутранай структуры ды вобразаў беларускага мастацтва старажытнасці і Сярэднявечча; іншыя аддаюць перавагу Рэнесансу і барока — часу Францыска Скарыны і Льва Сапегі, Пятра Мсціслаўца і Івана Фёдарава. Асабіста мяне ўразіла радзівілаўская карта ВКЛ XVII стагоддзя. А яшчэ — цудоўныя гравюры “Поры года” А.Тарасевіча, якія раней я не бачыў.

Ну, пра раздзел “XIX стагоддзе. Дыялог культур” я ўжо не кажу. Адны імёны чаго вартыя: І.Хруцкі, С.Жукоўскі, С.Заранка… Тут і культура шляхецкіх сядзіб, і Полацкая мастацкая школа, і школы Пецярбурга ды Масквы, дзе вучыліся нашы слынныя землякі — ад К.Карсаліна, Н.Сілівановіча да В.Бялыніцкага-Бірулі і Ф.Рушчыца. Потым пайшлі знакамітыя мастацкія школы на мяжы XIX — XX стагоддзяў: мінская — Я.Кругера, віленская — І.Трутнева, і, канешне ж, Ю.Пэна — у Віцебску. З задавальненнем разглядаюць наведвальнікі творы дэкаратыўна-прыкладнога ды інсітнага мастацтва Я.Драздовіча і А.Кіш. Прынамсі, беларускія мастакі такога роду былі не горшыя за даўно “раскручаных” А.Русо, Н.Пірасмані ды І.Генераліча.

Што да ХХ стагоддзя — стагоддзя небывалых мастацкіх эксперыментаў, жорсткай і працяглай барацьбы так званага авангарда з так званым рэалізмам, — то гэты час, уключаючы і сучасны перыяд, таксама вельмі ярка прадстаўлены на выстаўцы. “К” вельмі шмат пісала пра выдатных мастакоў-авангардыстаў, пачынаючы з “Парыжскай школы”, і наогул распавядала пра лёсы амаль усіх тых творцаў, работы якіх сёння ўпрыгожваюць залы выстаўкі, таму вяртацца да іх я зараз не буду. Хаця вельмі раю гледачам звярнуць асаблівую ўвагу на жывапісныя арыгіналы В.Ваньковіча, М.Шагала, Х.Суціна, П.Крэменя ды іншых бліскучых каларыстаў.

Далей — наш час, савецкі і постсавецкі: Віцебскі мастацкі тэхнікум, Вялікая Айчынная вайна, час пасляваенны і час “суровага стылю”, час творчага жыцця выкладчыкаў ды выхаванцаў БДТМІ, і бліжэй да нас — час “гістарычнага рамантызму” ды час постмадэрнізму. Апошнія два раздзелы якраз і выклікаюць у шэрагу мастацтвазнаўцаў ды мастакоў найбольш гарачыя, праўда, у асноўным, “кухонныя”, спрэчкі і дыскусіі. І гэта для мяне зразумела. Заўсёды былі і ёсць мастакі, незадаволеныя тым, што іх праігнаравалі, што іх творы чамусьці не трапілі ў экспазіцыю, а калі і трапілі — то размешчаны не так, як трэба... І далей — у тым жа духу...

Па вялікім рахунку, і ў мяне поўнага задавальнення ад выстаўкі няма. Перш за ўсё ўзнікае пытанне, якое вось ужо шмат гадоў мяне хвалюе: чаму, калі мы гаворым пра айчынную спадчыну, абмяжоўваемся толькі “сучаснай тэрыторыяй Беларусі”? А калі мастак з’явіўся на свет на той зямлі этнічнай Беларусі, якая па розных прычынах сёння належыць іншым краінам? Я маю на ўвазе, напрыклад, гістарычныя Вільню, Дзвінск, Друскенікі, а таксама Беласток, Веліж, некаторыя землі Смаленшчыны і г.д. І такім чынам творцы сёння аказаліся “не нашымі”: Р.Жукоўскі, М.Андрыёлі, Я.Дамель, А.Ромер, М.Мікешын, Ж.Ліпшыц, А.Грыгаровіч-Экстэр, М.Ротка, К.Ельскі, Л.Сегал, К.Геда… Тады нават Каруся Каганца трэба выключыць з беларускай прасторы, бо нарадзіўся ён… у расійскім Табольску. Толькі для аднаго Ю.Пэна, народжанага на Ковеншчыне (цяпер г. Зарасай, Літва), было зроблена выключэнне.

А яшчэ я хацеў бы пабачыць творы беларускіх майстроў, якія сёння належаць замежным музеям Расіі, Літвы, Польшчы, Украіны, іншым краінам... Ці ж нельга было дамовіцца з уладальнікамі такіх устаноў пра часовы паказ нашай былой спадчыны на сённяшняй выстаўцы? Цудоўныя прыклады падобнага супрацоўніцтва нашага музея з музеямі розных краін ёсць. Вы скажаце: гэта занадта дарагая забава (грошы, мытня і ўсё такое). Дый памяшканне нашага музея не дазволіць па-сапраўднаму ўмясціць усе скарбы, народжаныя ў Беларусі, і потым — адкрыта ці тайна — вывезеныя за кардон. Быццам бы і так, але падобная ўнікальная выстаўка — калі яна яшчэ будзе? Сумняваюся, што пры жыцці майго пакалення… Дарэчы, свежы прыклад супрацоўніцтва: з 29 красавіка да кастрычніка бягучага года ў трох гарадах Венгрыі мае працаваць выстаўка “Іканапіс Беларусі XVII — XVIII стст.” з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. Разумееце, да чаго я вяду? Любыя праблемы, пры жаданні і з дапамогай дзяржавы ды спонсараў, можна вырашыць…

А што да памяшкання… Калісьці на Экспертным савеце я прапаноўваў выкарыстаць для гэтай выстаўкі, акрамя Нацыянальнага мастацкага музея, Палац мастацтва, Музей сучаснага выяўленчага мастацтва, Нацыянальны гістарычны, але штосьці не атрымалася. І, зразумела, шмат дастойных работ засталося па-за рамкамі канцэпцыі арт-праекта.

Тым не менш, хочацца падзякаваць усім тым, хто зладзіў такую бліскучую святочную акцыю: і калектыву музейных рэстаўратараў, якія прывялі “ў парадак” каля сотні твораў; і па-сучаснаму востра мыслячым дызайнерам; і тым, хто прыняў удзел у падрыхтоўцы цікавага альбома-каталога ды яго мультымедыйнай версіі... Словам, усім, хто ўклаў у гэтую вялікую справу шмат таленту, сіл і часу. І разлічваю, што наведвальнік выстаўкі, выходзячы з музея, стане трошкі багацейшы душой і дабрэйшы сэрцам…

Барыс КРЭПАК

 

***

Гэтая выстаўка вартая таго, каб яе наведаць. Дасведчаны глядач яшчэ раз пераканаецца ў тым, што на працягу апошняга тысячагоддзя наш край быў хоць і не стрыжнем, але часткай сусветнага культурнага мэйнстрыму. А той, каму пра падобныя рэчы думаць не даводзілася, магчыма, усвядоміць значнасць культурнага чынніка ў нацыянальнай гісторыі.

Сама назва “Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі” гучыць досыць прэтэнцыёзна і настройвае гледача на маштабнае відовішча, якіх нам пакуль відавочна бракуе. Праз малы досвед асэнсавання падобных імпрэз маем і недахоп аб’ектыўных чыннікаў іх ацэнкі. Між тым, гэты выставачны праект не ўціснеш у побытавыя ацэначныя катэгорыі кшталту “падабаецца — не падабаецца”. Бо на такім узроўні можна разважаць хіба пра рэчы і з’явы ў стане развіцця, калі пазітыўная альбо адмоўная ацэнка можа паўплываць на яго вектар. Тут жа мы маем справу з рэтраспектывай, з гісторыяй, якая ёсць такая, як склалася, і ўжо скарэктаванай быць не можа.

Стрыжань экспазіцыі складаюць экспанаты з фондаў Нацыянальнага мастацкага, але і рэгіянальныя скарбніцы тут прадстаўлены годна. Плён працы тых, хто спрычыніўся да арганізацыі выстаўкі, навідавоку. І калі што не атрымалася ці атрымалася не так, як хацелася адпачаткова, дык гэта вынік недастаткова выверанай, на мой погляд, канцэпцыі. Ёсць асобныя ўдалыя фрагменты, ёсць творы, якія складаюць “залаты фонд” нацыянальнай мастацкай школы. Але няма пачуцця ансамбля. Дазволю сабе меркаванне, што арганізатары паўтарылі памылку аўтара славутага “Габелена стагоддзя” Аляксандра Кішчанкі, якому захацелася ў сваім творы “ахапіць неабсяжнае”. У выніку твор разваліўся на мноства прыгожых фрагментаў, а трымае кампазіцыю не канцэптуальная яснасць, а жорсткая структура. Да таго ж аўтару яшчэ давялося чуць нараканні за тое, што сярод ягоных герояў-персанажаў ёсць такія, без якіх можна было б абысціся, а нейкіх сапраўды неабходных постацей на габелене няма. Гэты ж закід цалкам можна аднесці і да экспазіцыі выстаўкі. Ёсць нібыта ўсё: ад Крыжа Ефрасінні Полацкай да авангардысцкіх опусаў Цэслера і Войчанкі. Ёсць Валенцій Ваньковіч і Іван Хруцкі, Язэп Драздовіч і Марк Шагал, Віталь Цвірка і Міхаіл Савіцкі. І паслядоўнасць стыляў ды эпох някепска выбудавана. А вось разумення логікі культурных працэсаў на нашай зямлі цягам стагоддзяў ды іх сувязі з геапалітычным кантэкстам выстаўка, як мне падаецца, не дае.

Чамусьці ў час наведвання Рускага музея ў Пецярбургу ці маскоўскай Траццякоўкі я акрамя задавальнення ад сузірання шэдэўраў яшчэ адчуваю і сам дух драматычнай расійскай гісторыі, і ў выніку лепш разумею сучасных расіян. Ад гэтай выстаўкі я такіх пачуцяў не атрымліваю, прытым што ў беларускай гісторыі збольшага дасведчаны і ў культуры ўсё ж арыентуюся. Хацеў бы памыліцца, але мяркую, што замежнік, у якога такіх ведаў па вызначэнні быць не можа, атрымае ад выстаўкі моцных уражанняў менш. І гэта крыўдна, бо выстаўка прымеркавана, прынамсі, часавымі рамкамі, да Чэмпіянату свету па хакеі.

Адна з праблем, з якой сутыкнуліся арганізатары выстаўкі, — брак экспазіцыйных плошчаў. У адносна малую прастору спатрэбілася ўплішчыць вялікую колькасць экспанатаў. У такіх умовах было вельмі цяжка зрабіць візуальныя акцэнты на найбольш значных творах. Але гэтая “хвароба” для нашых музеяў, на жаль, хранічная. Пад такую выстаўку, як “Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі”, варта было б задзейнічаць гмах на праспекце Пераможцаў, 14. Але нават калі б гэтая зала аказалася свабоднай (зараз у ёй — экспазіцыя “Avant-gARTe. Ад квадрата да аб’екта”), яе “клімат” не разлічаны на музейныя рэчы. Так што акрамя як у Нацыянальным мастацкім у Мінску, атрымліваецца, і няма дзе экспанаваць творы, для захоўвання якіх патрэбны спецыяльныя ўмовы. А ў музеі, паўтаруся, — брак экспазіцыйных плошчаў.

Можа, галоўнае значэнне выстаўкі ў тым, што яна яшчэ раз нагадала нам самім, што мы, беларусы, даволі часта ўсё яшчэ не ўмеем ганарыцца сваімі дасягненнямі ды перамогамі, у тым ліку і ў галіне культуры? Ці то мы занадта баімся пакрыўдзіць суседзяў? Прынамсі, прыходзяць такія думкі. Уяўляю, як падобную выстаўку рабілі б расіяне, літоўцы, палякі, украінцы!

Вось сабралі ў экспазіцыі артэфакты і творы за тысячу гадоў, а вобраза краіны ў часе, на маю думку, не атрымалася… Але, нагадаю, праца зроблена вялікая, аматарам мастацтва ёсць што паглядзець ды абмеркаваць. Досвед гэтай выстаўкі будзе карысным для будучыні….

Пётра ВАСІЛЕЎСКІ

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"