Дон Жуан ля бар’ера

№ 17 (1143) 26.04.2014 - 02.05.2014 г

“Нагой у неба”: наводмаш і ў рапідзе
З чым асацыюецца Дон Жуан? З разбэшчанасцю, эротыкай, жаночымі спадзевамі (“Я буду апошняй!”) і помстай. З операй Моцарта, трагедыяй Пушкіна. Прэм’ера ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы, ажыццёўленая паводле п’есы Мальера ў цудоўным, поўным сакавітых “беларусізмаў” перакладзе Андрэя Хадановіча, ушчэнт разбівае ўсе гэтыя ўяўленні.

/i/content/pi/cult/481/10250/9-1.jpg

У ролі Дон Жуана — Павел Харланчук. / Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА

І колькі б ні сцвярджалі, што гэты спектакль — фестывальны, таму і публіку на яго не загоніш, усё гэта лухта. Ён, насамрэч, сямейны. Для бацькоў — пра тое, як важна быць побач не толькі з маленькімі, але і падрослымі дзецьмі. Для падлеткаў — як важна “не нарабіць глупстваў” і правільна разумець свабоду. Яго можна было б рэкамендаваць і тым, хто не можа знайсці паразумення паміж пакаленнямі.

Іншымі словамі, спектакль разбурае ўсе стэрэатыпы ўспрыняцця і самой гісторыі пра Дон Жуана, і творчасці Мальера, на якую мы звычайна глядзім скрозь прызму ягоных камедый, і акцёрскага майстэрства нашых артыстаў. Убачыўшы ў афішах імёны Паўла Харланчука і Віктара Манаева, настройваешся на іскрамётны тэмпарытм, пластычна гуллівыя мізансцэны, безліч акцёрскіх прыдумак, што вымусяць гледачоў плакаць ад смеху, робячы яшчэ больш моцным трагічны фінал. Ажно не! Бо рэжысёрам быў запрошаны Анатоль Праўдзін — арганізатар і кіраўнік “Эксперыментальнай сцэны” ў складзе пецярбургскага Тэатра-фестывалю “Балтыйскі дом”. А ён, паводле аднаго са сваіх ранейшых выказванняў, добра разумее мяжу паміж тэатрам “жыццяпадабенства” і мастацтвам “вострым, радыкальным, метафарычным”.

Ці ж пра бясконцыя спакушэнні жанчын гэты спектакль? Дзе ўвогуле там тыя жанчыны, каго хацелася б спакусіць? Шарлота (Ганна Хітрык) і Мацюрына (Валянціна Гарцуева) ніяк не выглядаюць наіўнымі сяляначкамі ў лепшых традыцыях буколікі — пастаральнага мастацтва. Гэта, хутчэй, маладыя бамжыхі, намаляваныя ў гэткім лубочным стылі, з элементамі не толькі іроніі, але і адкрытай пародыі, “сцёбу”. Ці могуць яны, нават у добрым падпітку, сур’ёзна ставіцца да абяцанняў Дон Жуана ажаніцца з імі? Асабліва Шарлота, іранічная да нязграбных заляцанняў П’еро (Міхал Зуй). Але ж як пераўвасабляюцца дзяўчаты пад уздзеяннем ласкавага слова і элементарных выказванняў увагі да сваёй персоны!

А дзе ў спектаклі, прабачце, Дон Жуан? Гэта, хутчэй, адзінокі падлетак з інтэлігентнай, мяркуючы па ўсім, сям’і, у якога — быццам бы безліч служак-сяброў. Але чамусьці ва ўсіх складаных сітуацыях ён застаецца сам-насам з лёсам, без падтрымкі (не блытаць з “прамываннем мазгоў”!) і добрага слова на свой адрас. А між тым, ягоная галоўная “зброя” — зусім не моц (кулак ці шпага — якая розніца?), а... добрае слова, якое, вядома, і котцы прыемна. Хай яно не шчырае, а вымаўленае з унутранымі кпінамі — усё роўна, яно вымаўлена! І гэта — галоўнае.

Надзелены адвагай, смеласцю, абаяльнасцю, герой не можа знайсці сабе прымяненне ў грамадстве, годнае і для навакольных, і для сябе самога. Гэта вам нічога не нагадвае? Не ўсплывае ў памяці школьная праграма па літаратуры, увасабленне “лішняга чалавека” і праблемы “бацькоў і дзяцей” у творчасці Пушкіна, Лермантава, Тургенева ды іншых рускіх пісьменнікаў? Працягваючы гэтыя традыцыі залатога веку рускай літаратуры, рэжысёр падкрэслівае ў героі П.Харланчука адсутнасць веры. Не адно ў Бога — веры ва ўсё. У тым ліку ў жыццё, у сябе самога, у каханне... Гэтак жа не верыць ён у словы “пропаведзяў”, што чытаюць яму навакольныя, бо не верыць самім прамоўцам. Не верыць ён і ў набожнасць Жабрака (Мікалай Кірычэнка). Каб даказаць супрацьлеглае, прапануе таму блюзнерстваваць — за вялікія грошы. Калі ж той адмаўляецца, усё роўна дае яму манету: атрымліваецца, за веру, якая не прадаецца. Але больш такіх людзей, што “не прадаюцца”, Дон Жуан не сустракае. Эльвіра (Святлана Анікей) папярэджвае яго аб небяспецы, але ў страху пакідае, калі той просіць застацца: яна выкрасліла яго са свайго жыцця. Сганарэль (Віктар Манаеў), здавалася б, вельмі “пакутаваў” ад дрэнных учынкаў свайго гаспадара, увесь час імкнуўся яго “наставить на путь истинный”. А як стаў сведкам яго заўчаснай гібелі, дык з вуснаў вырваліся хіба ўпікі, што той не выплаціў яму грошы...

У пачатку спектакля Дон Жуан наўмысна фарбуе свой твар чорным. Хіба ж “белыя ды пухнатыя” тыя, хто апрануты ў светлае адзенне? І хіба не “двайнік” Дон Жуана — Прывід (Андрэй Дробыш)? Незразумелая постаць у белым з дыпламатам у руках моўчкі выходзіць на сцэну задоўга да пачатку спектакля, садзіцца на падлогу спінай да залы, перабірае штосьці ў сваім чамаданчыку. А на пачатку дзеяння гэтак жа павольна сыходзіць, паказаўшы, што ўмее дасягаць свайго, як і Дон Жуан, літаральна “адным пальцам” (менавіта так ён адчыняе-зачыняе “вакенцы” на задніку, якія сімвалізуюць, паводле выказвання рэжысёра, сувязь з нябёсамі). Вось толькі мэты ў герояў розныя!

У фінальнай карціне інтэр’ер сцэны нагадвае тэлепраграму “Да бар’ера!”; маналог пра крывадушнасць Дон Жуан чытае, абапершыся на той самы “бар’ер” у выглядзе харэаграфічнага станка. Хто ж ягоны супраціўнік — адзіны, хто яго не баіцца, як запалоханы гандляр Дыманш (Сяргей Краўчанка)? Няўжо Камандор, які нагадвае “жывыя статуі” ў еўрапейскіх турыстычных зонах? Ці хтосьці з “сильных мира сего”, побач з кім Дон Жуан — проста крыху яршысты, але зусім не прапашчы хлапец? Невыпадкова сцэнаграфія другой дзеі нагадвае пустое напаўзбудаванае-напаўразбуранае памяшканне, дзе любіла “тусавацца” моладзь 1990-х.

Не мае сэнсу параўноўваць спектакль з п’есай. Пастаноўка — абсалютна самадастатковае аўтарскае выказванне, дзе перапрацаваная літаратурная аснова стала хіба зыходным пунктам рэжысёрскіх думак. Аўтарскае азначэнне жанру — не камедыя, як у Мальера, а містэрыя. Толькі замест біблейскага сюжэта — міфалагічны, але гэтак жа перамежаваны побытавымі камічнымі сцэнкамі. Візуальнае аблічча спектакля, увасобленае на афішах і праграмках, — “нагой у неба”: на фоне воблачна-блакітных нябёс — чорны след нечага ступака...

Такі ж моцны след пакідае спектакль у душы гледачоў. Б’е наводмаш, як “чарноцце” 1990-х. Вымушае зноў і зноў вяртацца ў думках да повязі актуальных сучасных праблем, акрэсленых у пастаноўцы з пранізлівым болем у сэрцы, але — выключна спакойнай “побытавай” інтанацыяй, уласцівай дакументальнаму тэатру.

Але хто гэты глядач? Рэспектабельная публіка, што прыйшла "на камедыю Мальера”, пакідала залу ў антракце. Моладзі ж наўрад ці блізкі сам тэмпарытм спектакля — быццам у запаволеным рапідзе (на гэтым кінапрыёме пабудаваны многія пластычныя сцэны, пастаўленыя класічным харэографам Аляксандрай Ціхаміравай). І гэта становіцца супярэчнасцю спектакля: каб задумацца над глыбінёй праблем, яго трэба, для пачатку, хаця б даглядзець да канца. Параўнанні з Някрошусам, спектаклі якога могуць цягнуцца ўдвая даўжэй, недарэчныя, бо тут няма містычнага зачаравання, што ўзнікае ў літоўскіх прыпавесцях.

Відавочна адно: спектакль зможа ўпрыгожыць не адну фестывальную афішу. Для Купалаўскага тэатра ён — крок наперад. Артыстаў не пазнаць: змянілася сама манера іх маўлення, сцэнічных паводзін. Адчуванне няўмольнай трагедыі, нечаканыя авангардныя гучанні ўзніклі ў музыцы Уладзіміра Кур’яна, у творчасці якога мы прывыклі бачыць тэатральную кідкасць, гуллівую іранічнасць. Работы мастакоў Аляксея Парай-Кошыца і Валянціны Праўдзінай пераканалі, што нават вельмі пазнавальныя сучасныя прыёмы, асабліва ў сцэнаграфіі, могуць успрымацца не простым запазычаннем, а пераасэнсаваннем. Так што гэты спектакль — бы глыток жывога паветра не толькі для купалаўцаў, але і для ўсіх нас...

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"