Як прадаць “...Стынга”

№ 17 (1143) 26.04.2014 - 02.05.2014 г

Нябачная дуэль, дзе перамагаюць абое. Але як з публікай?
Учора ў Маладзечне, у Мінскім абласным драматычным тэатры, да 28-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС, быў паказаны спектакль “Падобны на Стынга”. На яго былі запрошаны ліквідатары аварыі і перасяленцы з забруджанай радыёнуклідамі зоны. Мерапрыемства прайшло ў рамках гарадской акцыі пад патранатам Маладзечанскага райвыканкама і, у прыватнасці, тамтэйшага аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі.

/i/content/pi/cult/481/10248/8-1.jpg

Прэм’ера гэтага спектакля адбылася роўна год таму, 26 красавіка. Але за гэты час ён ішоў усяго некалькі разоў — хопіць пальцаў адной рукі, каб падлічыць. Хаця, прызнацца, і п’еса Ірыны Пісьменнай, і пастаноўка Мікалая Дзінава — не зусім пра чарнобыльскія наступствы ды ахвяры. Яна пра той “чарнобыль”, які бывае ў душы. І пра ягоныя наступствы ды ахвяры.

Чарнобыльская зона, адкуль так і не з’ехала забытая ўсімі старая і куды трапляе малады хлапец, які збег з турмы, апынуўшыся “з зоны ў зоне”, — усяго толькі сімвал. Больш рэальная замена іррэальнасці. У спектаклі даследуюцца наступствы аднаго, здавалася б, выпадковага здарэння, што рэзка змяніла ўсё жыццё героя: паспяховы малады чалавек з бліскучымі перспектывамі апынаецца за кратамі, абвінавачаны ў згвалтаванні і забойстве. Пасля ўцёку адтуль літаральна напярэдадні вызвалення (яшчэ адзін неабдуманы ўчынак), ён паўстае перад намі чалавекам падазроным, цынічным, з разладжанай нервовай сістэмай. Не верыць нікому і нічому, імкнецца пасеяць вакол сябе страх, бо ўпэўнены, што гэта адзіны шлях да павагі. І — сустракае жанчыну, якая да ягоных выбрыкаў ставіцца з абсалютным, непахісным спакоем, убачыўшы ў ім не галаварэза, а ўсяго толькі “непаслухмянага” сына, які “не ведае, што робіць”...

Увесь спектакль — гэта іх нябачная дуэль, дзе перамагаюць... абое. Яна — таму што ўсяліла ў яго сваю веру (нават не проста ў Бога, а веру “ў веру” як у нейкае самастойнае ўтварэнне). Ён — таму што на мяжы смерці пачынае, нарэшце, жыць. І абое ж яны гінуць. Яна памірае. Ён разумее, што ў хуткім часе яго чакае такі ж фінал, але становіцца на яе месца. “Дуэль” аказваецца цудоўным акцёрскім ансамблем. Аляксей Карпец дэманструе цуды пластыкі і пераўвасаблення. Разам з Ірынай Кляпацкай яны трымаюць увагу цягам больш за дзве гадзіны, практычна не сыходзячы са сцэны. Так што спектакль можна было б іграць і ў такім камерным варыянце, паказваць розным аўдыторыям.

На магчымасць камерных паказаў скіравана таксама сцэнаграфія Валерыя Юркевіча. Хаця ёсць там і другі паверх, прызначаны для ўзгадвання “падзей мінулага”, у цэнтры апынаецца надзвычай кампактны абрыс сялянскай хаты з некалькімі дэталямі, схільнымі да “пераўтварэнняў”. А галоўнае — люстэрка, самы, бадай, шматзначны сімвал. Дзякуючы майстэрству мастака, які працаваў у кіно і добра ведае найсучасныя тэхналогіі, сцэна смерці ўспрымаецца як загадкавая “рэальная іррэальнасць”: гераіня нібыта распускаецца ў пазалюстэркавай прасторы, становіцца бесцялесным духам, што знікае на нашых вачах...

І колькі б ні сцвярджалі, што гэты спектакль — фестывальны, таму і публіку на яго не загоніш, усё гэта лухта. Ён, насамрэч, сямейны. Для бацькоў — пра тое, як важна быць побач не толькі з маленькімі, але і падрослымі дзецьмі. Для падлеткаў — як важна “не нарабіць глупстваў” і правільна разумець свабоду. Яго можна было б рэкамендаваць і тым, хто не можа знайсці паразумення паміж пакаленнямі. Тым больш, што на стацыянарнай сцэне ў ім ёсць наўмысныя пастановачныя дэталі, скіраваныя ў бок моладзі. Гэта не толькі “біяробаты”, больш падобныя на сімвал жыццёвай механічнасці, а значыць — нежыцця. Гэта яшчэ і свядомая “недасказанасць”, таямнічасць асобных сцэн, быццам дзея пераносіцца ў нейкае “фэнтазі”.

На жаль, не ўсё, што адбываецца “на другім паверсе” (ва ўспамінах, снах, праз якія даносіцца перадгісторыя падзей), “прапісана” ў спектаклі ясна і зразумела. Не зусім апраўданымі падаюцца пераходы Ірыны Кляпацкай ад “паляшуцкай гаворкі” да чыстай рускай мовы. Не самай “канцэпцыйнай” мне падалася і музыка. Калі ў іншых пастаноўках, стужках менавіта музычны складнік, здараецца, “выціскае” сваёй кранальнасцю слязу з гледачоў, дык тут ён, наадварот, яе асушвае. Бо галоўнай мелодыяй становіцца сумніўны вальсок, блізкі не лепшым прыкладам шансона. Але ўсё гэта — проста дробязь, у параўнанні з галоўным: пра што і навошта гэты спектакль. Ён узрушае (у фінале слёзы рэальна ліюцца ракой), месцамі — вымушае смяяцца, няхай і праз слёзы. Абуджае, пакідае ў сэрцы не “чарноцце”, а святло. Бо зроблены таленавіта, з любоўю да артыстаў, гледачоў ды самога жыцця...

І вось тут усё перакрэслівае галоўны пралік (праўда, не самога спектакля) — адсутнасць публікі. У зале — літаральна два-тры дзясяткі чалавек, некаторыя з якіх, як я, прыехалі з Мінска. Вагон электрычкі можна ператвараць у дыскусійны клуб. А што ж самі маладзечанцы? Няўжо толькі на эстрадных зорак ходзяць? А тут — не, не Стынг (назва спектакля, дарэчы, на маю асабістую думку, мо і не самая ўдалая). Ці тэатр лічыць, што высокае мастацтва — “непрадажнае”?..

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"