“Бывайце здаровы!..”, або Жыццё, пражытае па законах песні

№ 22 (1148) 31.05.2014 - 06.06.2014 г

Да 110-годдзя з дня нараджэння Адама Русака
Паэт-песеннік Адам Русак з'явіўся на свет у вёсцы Пясочнае, што на Капыльшчыне. Мы прапаноўваем шаноўным чытачам працяг успамінаў дачкі паэта — Людмілы РУСАК. Успаміны пра бацьку, ягоных сяброў і паплечнікаў, пра няпросты век і “кухню” творцы… Таксама друкуем і ліставанне да Адама Русака, якое звязвала беларускага паэта з гэткімі ж выбітнымі творцамі, што праславілі колішні Савецкі Саюз ва ўсім свеце.

/i/content/pi/cult/480/10247/15-1.jpg

/i/content/pi/cult/480/10247/15-3.jpg

Адам Русак ва ўзросце 30 гадоў.

/i/content/pi/cult/480/10247/15-4.jpg

 

Аўтограф ліста Леаніда Уцёсава да Адама Русака.

(Заканчэнне. Пачатак у № 21.)

...Мая мама — Марыя Яўгенаўна Русак (Сініцына) — родам з Карэліі. Скончыла Ленінградскі літаратурны інстытут. Іх сям’я жыла пад Ленінградам, у Вышнім Валачку. Яе мама, Еўдакія Цімафееўна Цюлькіна, зусім не ўмела гаварыць па-руску, толькі па-карэльску. А Марыя Яўгенаўна вучылася да 5-га класа ў фінскай школе. Так што адбылося змяшанне абсалютна розных крывей. Але засталася дамінуючая — на гэта ўказвае і творчы характар усёй нашай сям’і...
Нарадзіўся я ў маі,

Як сады вакол цвілі,

У наднёманаўскім гаі

Распявалі салаўі.

Птушкі ў вырай адляталі,

Пакідалі песні мне,

Каб зімою не сціхалі,

Покуль вернуцца к вясне.

Слава і поспех

Так было за савецкім часам, калі вядомасць зусім не азначала матэрыяльны дабрабыт. Калі бацькі пераехалі з Ленінграда ў Мінск, дык першы час жылі на кватэры, у драўляным дамку татавага настаўніка музыкі Сцягеннага. Потым, дзякуючы Саюзу пісьменнікаў Беларусі, мы перасяліліся ў камунальную кватэру дома № 43 па праспекце Сталіна (цяпер — праспект Незалежнасці). У суседнім пакоі жыла сям’я з дзесяці чалавек. І толькі ў 1960-я гады, калі ў Мінску сталі ўзводзіць мікрараён “Зялёны Луг”, нашых суседзяў перасялілі.

Але ў цэлым, у нас заўжды ўсё было добра, як казаў тата. Было дзе жыць, што паесці і што апрануць. Мама шмат шыла па вечарах, а іншым разам — і па начах. Яна працавала ў школе, выкладала рускую мову і літаратуру. А потым скончыла трохгадовыя курсы кройкі і шыцця пры Доме афіцэраў. Таму ў нас заўсёды было ўсё неабходнае. “Рамантык” тата і “практычная” мама, якая вырашала ўсе побытавыя і сямейныя пытанні…

Сямейны подзвіг

Было ў мамы яшчэ адно пакліканне. Яна падтрымлівала творчы працэс Адама Русака. Вечарамі друкавала на трафейнай машынцы ягоныя вершы, рэдагавала і насіла іх у рэдакцыі, сустракалася з выканаўцамі, кампазітарамі. Яна вывучыла беларускую мову напрыканцы жыцця, калі тата не мог ужо выступаць, чытала са сцэны ягоныя вершы. Мама захаплялася талентам таты і ганарылася ім. Была сапраўднай знаўцай яго творчасці...

Перад вачыма прайшло жыццё бацькоў. Мама для мяне — узор. Лічу, што яна здзейсніла сапраўдны сямейны подзвіг. Я запомніла яе словы, якія сталіся для мяне запаветам. Аднойчы пасля невялічкай сямейнай спрэчкі, па-дзіцячы ацэньваючы сітуацыю, я сказала: “Ці можна дараваць тату за ягоныя словы?!” Дзіцячая катэгарычнасць увобмірг разбіта мамінай мудрасцю. Яна сказала мне: “Ці ж можна на тату крыўдаваць? Ён такую песню напісаў!” І ўсё. Я не забудуся на гэтыя словы. Гэта быў урок вечных каштоўнасцей: што ёсць мітусня, а што — сапраўднае ў жыцці; на што варта звяртаць увагу, а на што трэба забыцца...

Гісторыя твора

“Бывайце здаровы, жывіце багата!..” Гэтыя радкі ведае ці не кожны чалавек не толькі ў Беларусі, але і на постсавецкай прасторы. Многія лічаць яе народнай і друкуюць без згадкі імені аўтара. Да прыкладу, у падручніку сальфеджыа, нядаўна выдадзеным у Расіі, значыцца: “Беларуская народная песня”. Яна ўваходзіць у рэпертуар многіх выканаўцаў. Назаву толькі мулявінскіх “Песняроў” ды Іосіфа Кабзона… “Бывайце здаровы!..” — гэта эпоха. Гісторыя песні падрабязна апісана ў кнізе І.К. Цішчанкі “Жыццё песні” (1984), на “Беларусьфільме” знята дакументальная стужка. Песня была напісана ў 1936 годзе, а ўжо ў 1938-м яна прагучала на расійскай сцэне ў выкананні Леаніда Уцёсава і ягонай дачкі Эдзіт. (Верш на рускую мову пераклаў Міхаіл Ісакоўскі.) Вось тэкст ліста Леаніда Уцёсава (сямейны архіў):

“Шаноўны Адам Герасімавіч!

Вашу цудоўную песню “Будзьце здаровы!..” я пачаў спяваць (калі мне памяць не здраджвае) у 1938 годзе. Поспех быў велізарны. Як ні дзіўна, яна гучала не толькі ў мірныя гады, але і на фронце, дзе мы яе спявалі, выклікаючы ў байцоў добрую, радасную ўсмешку і ўдзячнасць за неўтаймоўны аптымізм гэтай песні.

Вашу кніжку цудоўных вершаў я, канешне, атрымаў і напісаў Вам. Напэўна, ліст згубіўся.

Дарэчы: Песня “Будзьце здаровы…” была знята для фільма-канцэрта ў Ленінградзе да вайны. Матэрыял гэты, як мне падаецца, захаваўся.

Жадаю Вам усяго добрага.

(Леанід Уцёсаў)

Жывіце адпаведна Вашым вершам і песні.

13 —11 —74 г.”

У 1996 годзе твор гучыць у фільме “Старыя песні пра галоўнае” ў выкананні зорак расійскай эстрады. Праўда, у цітрах няма імя аўтара гэтай песні, згадваецца толькі Міхаіл Ісакоўскі. Але гэта зусім іншая гісторыя…

Мара не збылася

Так і засталася няздзейсненай мара нашай сям’і. Дакладней, мы нават не ведалі пра рэальнасць яе рэалізацыі. Толькі калі прайшло гадоў дваццаць, мама даведалася, што кожны член Саюза пісьменнікаў меў права на штогадовую бясплатную пуцёўку ў Кактэбель, у Дом творчасці савецкіх пісьменнікаў. Вось яна, мара! Але мы туды так і не даехалі, бо ў Беларусі ёсць нашмат лепшыя мясціны, чым нейкія шумныя дамы адпачынку, як казаў тата. І ён, безумоўна, мае рацыю! Гэта цяпер наша радзіма: вёска Пясочнае, хутар Малінаўка з бярозамі ды соснамі, з хаткай, што дасталася нам у спадчыну. Гэта цудоўныя мясціны, дзе зліваюцца Уса і Лоша, бярэ пачатак Нёман.

За шматгадовую працу перакладчыкам давялося аб’ехаць шмат краін. І цяпер я разумею, чаму тату так цягнула ў родныя мясціны, да аднавяскоўцаў, родзічаў і сяброў. Ён быў зацятым рыбаком. Вось у чым прычыны магнетызму роднага кутка, які змушае кінуць гарадскі тлум і з’ехаць па птушыны спеў і лясную цішу, каб пасядзець ля рэчкі ды назіраць, як імкліва цячэ вада, цепліцца вогнішча, як рэй вядзе свабода, якой так бракуе ў горадзе…

“Як табе пашанцавала, Адась!”

Сябры і знаёмыя пастаянна казалі: “Як табе з жонкай пашанцавала, Адась!” Яна сапраўды ўсю сябе прысвячала сям’і. Была вельмі кантактнай, добрай, мудрай і бескарыслівай. Перачытала ўсю класічную літаратуру, рускую і замежную. Ведала на памяць многія арыі з вядомых опер, добра спявала, бо мела моцны прыгожы голас. Шыла нам с сястрой сукенкі, блузкі, паліто, нават футры. А ўсе думалі, што адзенне нам прывозіць з камандзіровак тата. Яна збірала ўсіх дзяцей нашага дома і вяла на дзіцячыя спектаклі Тэатра оперы і балета. Атмасфера майго дзяцінства — гэта атмасфера сяброўства, узаемнай падтрымкі, шырокіх стасункаў і добразычлівасці.

Не магу я знайсці тое слова,

Каб красу расказала тваю.

Не магу я знайсці тое слова,

Каб любоў расказала маю…

Не магу параўнаць цябе з зоркай —

Днём не свеціць яна над зямлёй,

Не магу параўнаць цябе з кветкай —

Не цвіце ў садзе кветка зімой.

Не магу параўнаць я і з сонцам

Тваіх ясных, агністых вачэй,

Бо не свеціць і сонца з нябёсаў

Яркім светам у цемры начэй.

Толькі з песняй цябе параўнаю,

Што у сэрцы сваім берагу.

Тую песню я вечна спяваю,

Без той песні я жыць не магу…

Не спудзіць натхненне

Калі няма грошай, але хапае творчых планаў — гэта не кожны ў сям’і зможа зразумець. Цяжка пазбегнуць тады прэтэнзій, спрэчак і рознагалоссяў, і не вядома, чым можа скончыцца размова. Але ў нашай сям’і такія пытанні ніколі не ўзнікалі. Усё вырашалася спакойна, без парушэнняў дзіцячай псіхікі. Перш за ўсё таму, што мама цудоўна разумела сітуацыю: нічога не зменіш. Па-другое, таму, што тата заўжды казаў: “У нас і так усё добра. Нам нічога не трэба!” Вось чаму мудрая мама ўрэшце пайшла на курсы кройкі і шыцця.

У нашай сям’і быў прынцып: галоўнае — не спудзіць натхненне! А пісаць тата мог выключна тады, калі яго наведвала гэтае самае натхненне. Прымусіць напісаць артыкул у часопіс ці газету было практычна немагчыма. Менавіта таму існуе толькі адзіны зборнік ягоных вершаў, які ўдалося выдаць гераічнымі высілкамі маёй маці, Марыі Яўгенаўны.

Але пра тату ў перыядычным друку пісалі вельмі шмат: цэлая выстаўка існуе ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Амаль усе ягоныя вершы — пакладзены на музыку. Іншым разам некалькі кампазітараў прапаноўвалі сваю музычную версію аднаго і таго ж верша. Так, да прыкладу, атрымалася з песняй “Бывайце здаровы, жывіце багата!..”.

Працяг традыцый

На адным з навагодніх канцэртаў я пазнаёмілася з Вітаўтасам Грыгалюнасам. Ён, рэжысёр Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага, галоўны рэжысёр Белдзяржцырка, загадчык кафедры рэжысуры Акадэміі мастацтваў, тады быў проста кіраўніком тэатральнага гуртка пры ДК чыгуначнікаў. Так у нашай сям’і з’явіўся яшчэ адзін творчы чалавек. Цэлымі вечарамі яны з мамай абмяркоўвалі сцэнарыі і творчыя планы… І зноў: галоўнае — не спудзіць натхненне! А ўсё астатняе прыкладзецца. Урэшце, у нас ужо ёсць багаты сямейны досвед асаблівага стаўлення да людзей творчых прафесій. Не магу не сказаць: “Вітас! Як табе пашанцавала з жонкай!..”

І зноў пра “кухню” і памяць

Не да кожнага верша можна напісаць музыку, не кожны верш становіцца песняй. У Адама Герасімавіча быў асаблівы стыль. “У кожным вершы ўжо была чутна музыка”, — казалі многія кампазітары. Сапраўдная памяць пра бацьку — ягоныя песні. Тут галоўнае журы — народ і час, казаў ён. Але ёсць і іншая памяць. На радзіме Адама Русака, у Краязнаўчым музеі Капыля ашчадна захоўваецца памяць пра паэта. Акрамя таго, у Пясчанскай сярэдняй школе ёсць літаратурны музей. І па-ранейшаму гучаць над Беларуссю песні паэта...

І яшчэ лісты...

“Мінск, 19.01.1970.

Дарагі Адась!

Вялікі табе дзякуй за кніжачку вершаў, выдадзеную ў Мінску. Вельмі рад, што ты выходзіш на больш шырокую арбіту, чым адна Беларусь.

Уражанне ад кніжачкі ўвогуле добрае. Мне вельмі не спадабаўся пераклад песень “Не шукай” і “Толькі з табою…”. Яны (асабліва першая) значна горшыя за арыгінал. Як гэта назваць…:

“Не ходи ты за мной,

Не волнуй мою грудь…”

Ці далей:

“Не играй под окном

На гармошке своей…”

Гэта пасуе нейкім прыпеўкам, але не такой пранікнёнай песні.

Пераклад “Толькі з табою…” таксама горшы за ранейшы пераклад. Не ведаю, можа, я памыляюся таму, што падыходжу да гэтых песень як да сваіх (нашых) песень.

Між іншым, я даўно ўжо знайшоў вельмі ўдалую песню на твае вершы — “Крынічанька”, — але ў Мінск не даслаў (бо і па сёння Цітовіч не заплаціў мне за нашы песні, якія ўхваліў і прыняў). Музыка настолькі спадабалася, што яе выдалі без тэксту, як інструментальную п’есу. Калі будзе настрой, магчыма, прыеду на некалькі дзён у Мінск. Тады змагу асабіста павіншаваць цябе і тваю сям’ю з надыходзячым Новым Годам.

Моцна цябе абдымаю.

Твой І. Любан”

***

“Віншаванне Сябру, Юбіляру Уладзіміру Алоўнікаву.

Песня. Якое маленькае слова — песня. І якое яно крылатае, чароўнае, прыносіць чалавеку то вясёлы, то лірычны настрой, калі слова і музыка злітыя ў адно цэлае, у адзін голас, кранае душу і сэрца.

З Уладзмірам Алоўнікавым мы пазнаёміліся пасля вайны, калі я іграў у сімфанічным аркестры Беларускай Філармоніі. Вось тут мы і падружылі, два музыканты і два песеннікі.

Аднойчы сустрэў мяне на вуліцы Валодзя і запытаў: ці ёсць у мяне новыя песенныя вершы? “Патрэбна мне што-небудзь лясное, партызанскае”. А ў мяне якраз і напісаны верш пра партызан. Валодзю спадабаўся гэты верш. Неўзабаве песня была гатова. Валодзя запрасіў мяне паслухаць. Песня ўдалася сваёй сардэчнай цеплынёй, задушэўнасцю, меладычным чароўным голасам. І звініць яна не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. Неўзабаве Беларускае радыё атрымала з далёкай Канады пласцінку з запісам “Лясной песні” ў выкананні нашых тамтэйшых землякоў-беларусаў. Як бачыце, пераляцела гэтая песня і акіян.

Успамінаецца наша паездка з Валодзем па песенным краі нашага багатага песеннага Палесся. Дзяўчаты і хлопцы-палешукі цэлымі летнімі начамі спявалі нам народныя песні. А мы з Валодзем запісвалі іх.

Палешукі вельмі любяць музыку і танцы. З вечара да раніцы звіняць там песні і музыка.

Дарагі мой дружа Валодзя!

Мы з табой напісалі каля трыццаці песень. Гэта яшчэ малавата. Спадзяюся, што наш песенны план В Ы К А Н А Е М. 

Шчыра цябе абдымаю.

Твой дружбак — Адам Русак.

 

29 — 3 — 1978”.

Людміла РУСАК

Фота і лісты з архіва аўтара