Толькі тры выпускі

№ 22 (1148) 31.05.2014 - 06.06.2014 г

Летась Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь адзначыла сваё 80-годдзе. За такі прамежак часу калектывам установы сабрана шмат унікальных і рарытэтных дакументаў, якія адлюстроўваюць наш профільны кірунак па праве, эканоміцы, палітыцы.

Але збор кніжных каштоўнасцей не абмежаваны толькі гэтымі сферамі. У фондзе захоўваюцца выданні па разнастайных галінах навукі. Пастаянныя чытачы ведаюць: у бібліятэцы можна знайсці не толькі папулярныя выданні сучаснага айчыннага ды замежнага друку, але і тыя, што даўно сталі бібліяграфічнай рэдкасцю.

Пра адметныя багацці кніжнай скарбніцы сведчыць выставачная дзейнасць бібліятэкі. У маі ў бібліятэцы адкрылася выстаўка “Полацка-Віцебская даўніна. Старонкі мінулага”. У экспазіцыі прадстаўлены дакументы, якія захоўваюцца ў аддзеле старадрукаў і рэдкіх выданняў. Выстаўка распавядае аб Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, якая працавала ў 1909 — 1919 гг. Навуковая арганізацыя была створана па ініцыятыве вядомых грамадскіх і навуковых дзеячаў Е.Р. Раманава, А.П. Сапунова, В.С. Арсеньева. Дзейнасць камісіі спрыяла ахове помнікаў гісторыі і культуры, правядзенню археалагічных раскопак, збору і вывучэнню прадметаў старажытнасці, старадаўніх рукапісаў і дакументаў. Шмат зроблена яе супрацоўнікамі па папулярызацыі гісторыі Віцебскага краю. Сведчаннем з’яўляюцца публікацыі навуковых і папулярных прац па геаграфіі, археалогіі і этнаграфіі.

Архіўныя дакументы, даследчыя працы, а таксама артыкулы аб культурным і грамадскім жыцці ўтрымлівае і выданне “Полацка-Віцебская даўніна”, якое заснавала вучоная архіўная камісія. Зборнік выйшаў толькі ў трох выпусках, якія датуюцца 1911 г., 1912 г., 1916 г., — усе можна ўбачыць на выстаўцы. Апублікаваныя ў выданні матэрыялы прыцягваюць увагу не аднаго пакалення даследчыкаў. У зборніку змешчаны працы вядомых навукоўцаў А.П. Сапунова “Гістарычны нарыс Віцебскай Беларусі”, “Сказанні ісландскіх ці скадынаўскіх саг аб Полацку, Полацкіх князях і р. Заходняй Дзвіне”; Д.С. Леанардава — “Полацкі князь Усяслаў і яго час”, П.М. Красавіцкага — “Помнікі царкоўнай даўніны ў Віцебскай губерні і іх захаванне”, І.Я. Мітрошанкі “Езуіты ва Усходняй частцы Беларусі з 1579 да 1772 года” ды іншыя. У выпусках можна знайсці выявы археалагічных і архітэктурных помнікаў Віцебшчыны. На старонках “Полацка-Віцебскай даўніны” шырока прадстаўлены ўнікальныя дакументы са спраў Віцебскага губернскага архіва, цікавыя матэрыялы з асабістых збораў, дзе закранаюцца падзеі вайны 1812 г.

На выстаўцы прадстаўлены таксама сучасныя выданні, прысвечаныя Віцебскай вучонай архіўнай камісіі.

Святлана ПАЎЛАВІЦКАЯ, галоўны бібліятэкар аддзела старадрукаў і рэдкіх выданняў Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь