Калі ноч — не час для сну

№ 22 (1148) 31.05.2014 - 06.06.2014 г

Праграма сёлетняга Х Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, фінальныя мерапрыемствы якога адбудуцца ў Гродне, адметны цікавымі начнымі дзействамі. Так, тэатралізаванае шэсце ўдзельнікаў па вуліцах горада распачнецца 6 чэрвеня а 21-й. Канцэрт артыстаў — прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей “Зорны вечар у Гродне” завершыцца апоўначы. А шоу-праграма з удзелам зорак будзе доўжыцца ці не ўсю ноч.

/i/content/pi/cult/480/10244/13-3.jpg

Фестываль святла ў французскім Ліёне.

Аматараў начных фэстаў багата і ў іншых краінах. Да прыкладу, кожны пяты жыхар Вільнюса ўдзельнічае ў Ночы культуры, якая праводзіцца штогод 20 чэрвеня. У гэты час плошчы горада ператвараюцца ў школы танцаў пад зоркамі, паркі — у вялікія кіназалы на траве, рака Вілія ўпрыгожваецца нечаканымі інсталяцыямі, у касцёлах адбываюцца начныя канцэрты як класікі і арганнай музыкі, так і року, на вузкіх вуліцах старога горада праходзяць спектаклі прафесійных і самадзейных тэатраў. Не адстаюць і музеі, якія прыцягваюць наведвальніка музычнымі спектаклямі і анімацыяй.

Фестываль святла ў французскім Ліёне — ці не самае грандыёзнае начное свята Заходняй Еўропы, якое штогод наведваюць прыкладна чатыры мільёны чалавек. Мае фестываль і сваю доўгую гісторыю — свой пачатак ён бярэ з 1852 года, калі на званіцы базілікі Нотр-Дам-дэ-Фурв’ер была ўсталявана пазалочаная статуя Багародзіцы. У той дзень з-за праліўнога дажджу архіепіскап адмяніў святочнае асвятленне. Ноччу дождж спыніўся, і горад асвятлілі тысячы агеньчыкаў, запаленых жыхарамі ў вокнах.

Зараз у падрыхтоўцы начнога фестывалю прымаюць удзел прафесійныя архітэктары святла з многіх краін Еўропы. За чатыры дні свята паспяваюць паказаць свае працы паўтары тысячы майстроў. Пад час фестывалю ўсе гістарычныя будынкі горада (усяго больш за 70 пляцовак) упрыгожваюцца неверагоднымі адценнямі. Нярэдка на іх фасадах дэманструюцца карціны і абстрактныя кампазіцыі, якія суправаджаюць адпаведныя гукавыя эфекты.

Да слова, уваход на ўсе згаданыя начныя фестывалі абсалютна бясплатны.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"