Вёскі без брэнда не бывае

№ 22 (1148) 31.05.2014 - 06.06.2014 г

Ігар ЛЯБЕЦКІ, Гродзенскі райвыканкам:
Раён пры абласным цэнтры мае сваю спецыфіку. Ён як быццам знаходзіцца ў ценю вялікага горада і на яго фоне — не надта заўважны… Але гэтае ўражанне, як правіла, памылковае. Прынамсі, Гродзенскі раён імкнецца мець зусім іншы імідж: яркі, незабыўны, свой.

/i/content/pi/cult/480/10242/12-4.jpg— 25 мая на Аўгустоўскім канале распачалася турыстычная навігацыя. А мы заўжды з’яўляемся далёка не другараднымі саўдзельнікамі гэтай акцыі. Шматлікія госці за апошнія гады прызвычаіліся да таго, што побач з каналам ёсць імправізаваная сцэна, тут можна паўдзельнічаць у канцэртных праграмах (у тым ліку — і для дзяцей), у тэатралізацыях, паслухаць лепшыя аматарскія калектывы, набыць сувеніры нашых майстроў-рамеснікаў… На сёння, да прыкладу, нашы паслугі замовілі ўдзельнікі трох турыстычных груп з розных куткоў краіны. За мінулы год клубнікі з Сапоцкіна (а менавіта яны — галоўныя аніматары на Аўгустоўскім канале) зарабілі на такіх паслугах больш за 40 мільёнаў рублёў. Сума, пагадзіцеся, немалая…

Як бы ні было цяжка, стараемся працягваць работы па ўмацаванні матэрыяльнай базы. Рамантуем нашы ўстановы і па працэнтоўках, і гаспадарчым спосабам. Неўзабаве завершым сваімі сіламі рамонт Квасоўскай дзіцячай школы мастацтваў. Распачалі рэканструкцыю Цэнтра культуры і адпачынку ў Путрышках. Канчатковы кошт будаўнічых работ — некалькі дзясяткаў мільярдаў рублёў. Прыступаем да падрыхтоўкі ДШМ да новага навучальнага года. Ва ўсіх аграгарадках давялі да ладу клубы. Райвыканкам на такую штогадовую “прафілактыку” пастаянна выдаткоўвае грошы. Усё правільна: аграгарадкі — наша перспектыва, менавіта вакол іх будзе пастаянна бруяць і вытворчае, і творчае жыццё.

Зыходзячы з гэтага, вельмі хочацца, каб кожнае наша буйное і жыццяздольнае паселішча мела брэнд. Узорам тут можа паслужыць вёска Адэльск, што славіцца адмысловай выпечкай і цудоўным майстрам Мар’янам Скрамблевічам, у руках якога і саломінка зайграе. Гэты чалавек-аркестр вырабляе дудкі і заўжды прываблівае да сябе аматараў нашага традыцыйнага мастацтва… Прыблізна ў такім кірунку павінны развівацца і іншыя нашы паселішчы. І пачатак гэтаму пакладзены. У самых розных кутках раёна апрабаваны і пачалі прыжывацца такія брэндавыя акцыі, як свята бульбы, вяндліны, ягад і грыбоў, фестываль рыбака…

Літаральна днямі, 27 мая, усе мы сабраліся на абласны семінар у Іўі. Гаворка ішла і пра паляпшэнне якасці абслугоўвання насельніцтва, пра новыя крэатыўныя формы дзейнасці аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. У гэтым кірунку і працуем. Любы клуб, любая бібліятэка павінны мець і сваё аблічча, і свой непаўторны змест творчай працы.

Спрабуем вырашаць кадравую праблему. Не сакрэт, што пенсійны ўзрост работнікаў культуры сёння дасягае ці не крытычнай кропкі. Калі пра гэта не паклапаціцца сёння, заўтра позна ўжо будзе. Чым можна прывабіць маладога спецыяліста? Неаспрэчна, жыллём. Тут пайшлі вось якім шляхам. Сельскагаспадарчыя вытворчыя кааператывы раёна (спрадвечныя нашы партнёры) набываюць кватэры, перадаюць іх аддзелу, і мы засяляем сваіх работнікаў культуры.

Пэўныя пытанні звязаны ў нас з планавай аптымізацыяй нашай сферы. Ведаем, працэс — важны ды не дакладны. Таму прадумваем кожны свой крок. Перавагу пры гэтым аддаём змяшаным тыпам устаноў культуры. Для надання кожнай структуры статуса юрыдычнай асобы не стае юрыдычна-прававой базы. Ведаю, што ў кожнай вобласці абраны свой шлях павышэння эфектыўнасці культасветнай працы. Мы выбар, напэўна, зрабілі.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"