Царская брама на лазовых дубчыках

№ 22 (1148) 31.05.2014 - 06.06.2014 г

Што ведае пра скарбы Ларыса Лось?
Царскія брамы з саломкі — гэта выключна беларускі твор мастацтва. Іх няма ні ў адной краіне свету. І каб не музейныя экспедыцыі, якія актыўна вяліся ў сярэдзіне мінулага стагоддзя, магчыма, не было б ужо і ў нас. Навукоўцы, даследчыкі знайшлі ды зафіксавалі гэтыя ўнікальныя творы народнага мастацтва. Саломка — не надта трывалы матэрыял, і невядома, колькі яшчэ змогуць захоўвацца арыгіналы, таму вельмі слушна, што праводзіцца рэстаўрацыя і ствараюцца дакладныя копіі гэтых выдатных твораў народнага мастацтва. Такой складанай і адказнай працай займаецца народны майстар Беларусі, мастачка Ларыса Лось, якая адсвяткавала ўжо 80-годдзе. Яна і цяпер стварае складаныя па тэхніцы выканання царскія брамы, вяртаючы іх з нябыту, рэстаўруе, аднаўляе сапраўдныя шэдэўры беларускага саломкапляцення.

/i/content/pi/cult/480/10241/12-1.jpg

/i/content/pi/cult/480/10241/12-3.jpg

Ларыса Лось і яе работы. / Фота аўтара

Арцель, фабрыка, палац

Пра Ларысу Мікалаеўну можна знайсці звесткі ў энцыклапедыях і даведніках, але самая дакладная інфармацыя — гэта шчыры расповед самой майстрыхі:

— Нарадзілася я 25 ліпеня 1928 года ў вёсцы Княжыцы, што на Магілёўшчыне. Цяпер вёска злілася з абласным цэнтрам… Мама скончыла фельчарска-акушэрскі тэхнікум. Бацька быў афіцэрам, адукаваным чалавекам. Сям’я мела маёнтак. Яго забралі, а гаспадароў раскулачылі. Перад самай вайной бацька прыехаў з Бабруйска, з месца службы, у пасёлак Круглае, рамантаваў нам веласіпеды… Мы са школы прыйшлі шчаслівыя, нам кніжкі падарылі, я там выступала, верш чытала. А бацькі такія сумныя, кажуць: дзеткі, вайна пачалася… Мне тады было трынаццаць гадоў, а брату дванаццаць. Бацьку было сорак чатыры гады. Як вайсковец ён адразу пайшоў у ваенкамат. Яны на школьным дварэ збіралі ўсіх мужчын. Ніхто не вярнуўся. Навабранцы пайшлі ў бок Магілёва, а там — баі. У першыя дні вайны бацькі не стала…

Ларыса Лось вучылася ў Мінскім мастацкім вучылішчы на адным курсе з Л.Шчамялёвым, М.Данцыгам, Г.Паплаўскім. Народны мастак Беларусі Віталь Цвірка, настаўнік, прадказваў ёй добрую будучыню “жывапісца ў прыкладным мастацтве”. На трэцім курсе Ларыса выйшла замуж, а ў 1968-м раптоўна памёр муж, і яна засталася з трыма дзеткамі… Працавала ў арцелі 3-й пяцігодкі, распісвала хусткі, сцягі, купоны. А потым арцель ператварылася ў Мінскую мастацкую скургалантарэйную фабрыку, дзе Ларыса Мікалаеўна была галоўным мастаком. Па сумяшчальніцтве ў Палацы піянераў вяла гурток саломкапляцення. Пэўны час была мастаком газеты “Зорька”. Паводле звестак “Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва”, сярод работ мастачкі — малюнкі па тэкстылі (размалёўка тканін, батык): “Мінску 900 год”, “50 год Кастрычніку”. З 1977-га яна працуе пераважна ў галіне пляцення з саломкі, ужывае розныя тэхнікі, творча выкарыстоўваючы народныя традыцыі саломкапляцення.

Ад сувеніра да брамы

Напрыканцы 60-х Ларыса Лось пачала распрацоўваць сувеніры з саломкі. Першымі сувенірамі былі лялькі. Каб вывучыць асаблівасці вырабу традыцыйнай саламянай цацкі, Ларыса Мікалаеўна ездзіла ў этнаграфічныя экспедыцыі па Беларусі, сустракалася з сельскімі жыхарамі. Народную тэхналогію вырабу конікаў, падвясных і стаячых птушак майстар захавала ў сваіх аўтарскіх творах. Усе работы Ларысы Мікалаеўны заснаваны на перагнутых пучках саломкі без чарнавых каркасаў. Творы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Расійскім этнаграфічным музеі ў Санкт-Пецярбургу і Гістарычным музеі ў Маскве. Яны ёсць і ў ЗША, і ў Англіі.

Самай знакавай работай Ларысы Лось з’яўляецца рэканструкцыя царскіх брам. Каб уратаваць гэтыя ўнікальныя творы старадаўняга беларускага рамяства — саломкапляцення, вядомая беларуская майстрыха Ларыса Лось у 1976 годзе была накіравана ў Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей, дзе працавала над рэстаўрацыяй царскай брамы з Барысаглебскага манастыра. Разам з дачкой Аленай аднавіла царскія брамы з палескіх вёсак Лемяшэвічы і Вавулічы…

Тэхналогія аднаўлення

— Далі мне рэстаўраваць гэтую царскую браму — скручаную, вяроўкай перавязаную, асабліва Лемяшэвіцкая была разбураная. Нам выдзелілі месца ў музеі. Мы асцярожна вычысцілі, зрабілі копію. Ва ўсіх брамах больш за ўсё былі разбураныя і рассыпаліся злучэнні элементаў, сшытыя льнянымі ніткамі: ад часу ніткі спарахнелі і літаральна рассыпаліся ў руках. Дрэнная захаванасць брамы дазваляла аднаўляць штодня толькі невялікія фрагменты паверхні — памерам прыблізна 15х15 см. Саломку чысцілі вавёркавым пэндзлікам і растворам дзіцячага мыла, затым размочвалі, распляталі, выдаляючы сапсаваныя ўчасткі ды вывучаючы тэхналогію. Усе пляцёнкі выконваліся, як і ў арыгіналах, на лазовых дубчыках…

Такім чынам народны майстар Ларыса Лось аднавіла тры царскія брамы, а чацвёртую аднаўляе па здымку брамы, знойдзеным у Літве.

Рэстаўраваныя брамы захоўваюцца ў музеях, адноўленыя — у Ларысы Мікалаеўны. У Нацыянальным мастацкім у свой час прэзентацыя 30-тысячнага экспаната музея: ім стала царская брама, выкананая ў тэхніцы саломкапляцення народным майстрам Беларусі Ларысай Лось. Гэта дакладная копія царскай брамы пачатку XIX стагоддзя з вёскі Лемяшэвічы Брэсцкай вобласці, якая з’яўляецца ўласнасцю Нацыянальнага мастацкага і экспануецца цяпер у Музеі беларускага народнага мастацтва ў вёсцы Раўбічы.

Брама саламяных скарбаў Ларысы Лось заўжды адчынена для добрых і шчырых людзей, для калег-майстроў. Яна не хавае сваіх твораў і паказвае тэхналогію іх вырабу, адорвае ўсіх прыгожымі конікамі ды птушкамі. У невялікай утульнай кватэры народнага майстра над саламянай царскай брамай лунаюць саламяныя птушкі, а саламяныя анёлы ахоўваюць гэты ўтульны і гасцінны дом…

Галіна СУША, член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці