Хто ў агенты леса?

№ 22 (1148) 31.05.2014 - 06.06.2014 г

Больш за дваццаць гадоў Дзіцячая бібліятэка № 6 Кастрычніцкага мікрараёна Светлагорска супрацоўнічае з мясцовым лясгасам. З дапамогай спецыялістаў гэтай установы бібліятэка ладзіць разнастайныя прыродаахоўныя акцыі, праводзіць урокі экалагічнай культуры, экавандроўкі.

Для ўдзельнікаў экалагічнага агенцтва “Лесавічок і Ко”, якое існуе ў бібліятэцы цягам чвэрці стагоддзя, а таксама для самых маленькіх абаронцаў прыроды з “Дашкольнага лясніцтва” мясцовыя лесаводы арганізоўваюць экскурсіі ў лес, пітомнік, калі дзятва мае магчымасць упэўніцца, колькі намаганняў патрэбна прыкласці, каб вырасціць адно дрэўца. На працягу сямі гадоў “лесавічкі” актыўна ўдзельнічаюць у рэспубліканскіх акцыях “Тыдзень лесу”.

Сёлета яны падрыхтавалі прыродаахоўны рэпартаж “Буду я прыродзе сябрам!”, з якім выступілі перад удзельнікамі "Тыдня..." на прыгожай лясной палянцы. Акрамя гэтага, дружная сябрына разам з кіраўнікамі лясгаса, прадпрыемстваў і гаспадарак раёна ўдзельнічала ў закладванні алеі ў гонар знакамітага земляка — Героя Савецкага Саюза, лётчыка Пятра Стэфаноўскага і 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Звыш 70 вязавых дрэў было пасаджана дзятвой разам з дарослымі. Пасля працы кіраўніцтва лясгаса зладзіла для “лесавічкоў” экскурсію на месца спаленай вёскі Ала, у агні якой загінула 1 758 мірных жыхароў. Школьнікі пачулі расповед аб трагічных падзеях таго часу, і доўга моўчкі стаялі перад крыжом, які зусім нядаўна з’явіўся на месцы, дзе некалі была вёска...

Вольга КЛІМЯНОК, загадчык Дзіцячай бібліятэкі № 6 Светлагорска