Выстаўка — на вачах

№ 22 (1148) 31.05.2014 - 06.06.2014 г

Конкурс “Зноў памяці звоняць званы: чытаем верш па-беларуску” на лепшага чытальніка паэтычнага твора грамадзянска-патрыятычнага гучання прайшоў сярод чытачоў бібліятэк Бярозаўскай ЦБС. Сямнаццаць канкурсантаў рознага ўзросту прыехалі са сваімі бібліятэкарамі ў Бярозу, дзе ў чытальнай зале Цэнтральнай раённай бібліятэкі іх чакалі святочная атмасфера, прыхільнае журы, мясцовае тэлебачанне, музычная праграма выхаванцаў дзіцячай школы мастацтваў.

/i/content/pi/cult/480/10238/11-1.jpg

Удзельнікі конкурса.

Конкурс стаў тэатрам аднаго акцёра, дзе кожны чытальнік прагнуў сілай свайго творчага ўяўлення, таленту дэкламатара спасцігнуць вобразнасць літаратурнага тэксту, ярка, індывідуальна данесці яго да слухача. Плакалі шчырымі слязамі дарослыя, калі чытала верш Рыгора Барадуліна “Бацьку” чытачка Белаазёрскай дзіцячай бібліятэкі Настасся Цэрковіч, вучаніца адзінаццатага класа. Скарылі сэрцы журы і аўдыторыі самыя маленькія канкурсанткі — чытачкі Сялецкай і Спораўскай сельскіх біблітэк, чатырохкласніцы Таня Гусева і Аленка Пашкевіч, якія таленавіта, праявіўшы акцёрскае майстэрства, прачыталі вершы Петруся Броўкі “Мёртвая вёска” і Ірыны Касянковай “Сон”.

Прагучалі вершы паэтаў-класікаў і сучаснікаў Аркадзя Куляшова, Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна, Алеся Бачылы, Аляксея Пысіна. Юныя чытачы Белаазёрскай гарадской бібліятэкі імя Ніны Мацяш, Здзітаўскай і Міжлескай сельскіх бібліятэк Павел Казлоўскі, Яніна Бруйла, Дзіяна Пунько прапанавалі ўвазе слухачоў вершы аб вайне паэтаў-землякоў — Ніны Мацяш і Міколы Валошчыка. Некаторыя канкурсанты адшукалі аўтараў і іх вершы ў Сеціве.

Пад час конкурсу эмацыйны ўплыў узмацнялі музычныя фанаграмы, экранны відэашэраг сюжэтаў ваеннага ліхалецця, рэтра-тэатралізацыі. На вачах прысутных нараджалася арыгінальная кніжная выстаўка. Пасля кожнага выступлення канкурсантаў яна запаўнялася партрэтамі паэтаў —аўтараў вершаў...

Пераможцамі конкурсу журы назвала Настассю Цэрковіч, Таню Гусеву, Алену Пашкевіч. Уладальнікамі заахвочвальных прызоў сталі Павел Казлоўскі, чытач Падкраіцкай СБ Мікіта Карповіч і чытачка Міжлескай СБ Дзіяна Пунько. Пераможцы і ўсе ўдзельнікі ўзнагароджаны дыпломамі з лагатыпам конкурсу, каштоўнымі падарункамі ды прызамі. Лепшыя ж чытальнікі і дэкламатары выступяць на мясцовым радыё і ў тэлеэфіры.

Дзяцей-чытачоў і іх бібліятэкараў шчыра вітаў пачэсны госць мерапрыемства — удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Фёдар Труцько.

Ала ДРАГАН, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Бярозаўскай ЦРБ

Фота Зоі ГУКІНАЙ