Фальклор і рэальнасць: што для абраных?

№ 22 (1148) 31.05.2014 - 06.06.2014 г

Гаспадарчы клопат пад народны акампанемент
Мы зноў выправіліся ў дарогу. Нават лета не дачакаліся. Вельмі ўжо хацелася памяняць кабінетны тлум на прасёлкавы ветрык. У выніку першую спёку сустрэлі на Міншчыне, Гродзеншчыне, Брэстчыне. За дні нашага шостага аўтапрабегу наведалі ўстановы культуры (і не толькі іх) Мінскага, Карэліцкага, Баранавіцкага, Слонімскага, Зэльвенскага, Пружанскага, Івацэвіцкага і Бярозаўскага раёнаў. Пабачылі, натуральна, шмат новага і ў пэўных сітуацыях — далёка не станоўчага. Але збольшага былі ўсе падставы для нашага далейшага прафесійнага навучання. А гэта значыць, сустрэлі шмат неабыякавых асоб з велізарным досведам творчай працы. Іх, па сутнасці, і шукалі. А пра досвед цяпер і пішам.

/i/content/pi/cult/480/10236/10-1.jpg

/i/content/pi/cult/480/10236/10-2.jpg

/i/content/pi/cult/480/10236/10-3.jpg

Салісты гурта "Калыханка".

Галоўныя бібліятэкары Міншчыны

А працуюць яны, як высветлілася, у Міханавічах. Тут месціцца Мінская раённая цэнтральная бібліятэка. Раней яна знаходзілася ў Заслаўі. Не сказаць, што гэтыя пераезды — ад добрага жыцця. Сённяшняе памяшканне — старэнькае, не надта прэзентабельнае, цеснаватае. Між тым, сёлета ўстанова адзначае 90-годдзе. У яе цяпер — 35 філіялаў. У кожнага, як запэўнівае намеснік дырэктара Наталля Няхай, свае адметныя творчыя праекты. Да прыкладу, Ждановіцкая бібліятэка мэтанакіравана займаецца з маладымі чытачамі. У такой сацыяльнай арыентаванасці — будучыня ўстаноў раёна.

Тым не менш, мы яшчэ раз пераканаліся, што тэма бібліятэчнага карэннага “перафармаціравання” — не надта, мякка кажучы, папулярная сярод бібліятэкараў. А вось пра ход аптымізацыі нам распавялі вельмі падрабязна. У Прылуках адбылася інтэграцыя, і бібліятэка дзейнічае сёння ў школе. Летась установа скарочана ў вёсцы Браўкі, сёлета — Чачкаўская бібліятэка. Але пункты кнігавыдачы ў названых паселішчах засталіся. На абанеменце нам паведамілі, што за дзень раённую ўстанову наведваюць дзясяткі чытачоў…

Галоўная бібліятэка Міншчыны па сваіх непасрэдных функцыях займаецца яшчэ і размеркаваннем кніжных паступленняў... Мы і раней сутыкаліся з тым фактам, што дашкольнікаў, скажам, ці малодшых школьнікаў бібліятэкары рэспублікі часцяком прывучаюць да чытання з дапамогай кніг, напісаных… па-руску. Дарэчы, гэтыя кніжкі (да прыкладу, мастака Чарушына з невялічкімі тэкстамі) былі папулярныя ў садку, дзе “адбываў” бясхмарнае дзяцінства і старэйшы з аўтараў гэтага артыкула. Няўжо за паўстагоддзя нічога не змянілася? І хто сказаў, што першая кніжка беларускага дзіцяці павінна быць рускамоўнай? Нацыя без роднай мовы — проста народ. Пра гэта і Кіраўнік нашай дзяржавы нядаўна казаў. Так, Пушкіна, неаспрэчна, трэба ведаць, але грэбаваць пры гэтым, скажам, Маўрам — злачынна. І залежыць тут многае не толькі ад сям’і, але і ад школы ды бібліятэкі…

Наталля Няхай з гэтымі нашымі развагамі пагаджаецца. І дадае, што бібліятэка падтрымлівае самую цесную сувязь з мясцовым Домам фальклору, які месціцца літаральна за некалькіх крокаў і які, як аказалася, менавіта і канцэнтруе наскае нацыянальнае…

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Пад час нашых падарожжаў заўсёды цікаўлюся ў сельскіх бібліятэкараў: ці шмат у іх установе твораў беларускіх аўтараў, наколькі запатрабаваны кнігі айчынных выдаўцоў. І атрымліваю агульныя адказы: маўляў, так, ёсць, і іх трохі чытаюць. Праўда аказалася больш сумнай. У Міханавічах расказалі, што суадносіны набытых кніг беларускіх і расійскіх выдавецтваў складаюць 1 да 10 па тыражы і 1 да 5 па найменнях. Прычыны простыя: расійская кніга абыходзіцца танней ды і па якасці часцяком пераўзыходзіць айчынныя аналагі, і попытам у чытачоў карыстаецца значна большым.

Высновы напрошваюцца самі сабой. І, на жаль, высновы несуцяшальныя…

“Калыханка”, што не дасць заснуць

Памятаеце, “К” у свой час пісала пра маленькага хлопчыка, які навучыўся спяваць бабульчыны песні, але, зацкаваны старэйшымі сябрамі за “дзеравенскасць”, адмовіўся ад таго, што калісьці натхняла. Тут ізноў варта згадаць пра неабходнасць доўгатэрміновай і паўсюднай сістэмы этнавыхавання. Сям’я, школа, бібліятэка, Дом фальклору навучаць, а ВНУ (ніяк не маем на ўвазе БДУКіМ) — спляжыць. Многія нашы сённяшнія пісьменнікі-класікі, скончыўшы беларускія школкі, былі змушаны ў інстытутах вучыцца гаварыць “па-гарадскому”…

Рашэнне наведаць Міханавічы было не выпадковым. Колькі месяцаў таму ў рукі трапіўся музычны дыск “Душа мая” ўзорнага фальклорнага ансамбля “Калыханка” Міханавіцкага дома фальклору, які ўразіў аўтэнтычнай тэхнікай выканання духоўных народных спеваў, прафесійнасцю і чысцінёй гучання. Цяжка было паверыць, што ў складзе “Калыханкі” — не толькі прафесіяналы з выдатнай музычнай адукацыяй, але і аматары, якія захапляюцца народным фальклорам.

Ларыса Рыжкова, кіраўнік ансамбля “Калыханка”, якому сёлета споўнілася 25 гадоў, скончыла сталічны Тэатральна-мастацкі інстытут, з 1975-га працавала культработнікам у Ленінградскай вобласці. Парадокс, але менавіта там яна і даведалася пра фальклор, бо вырасла ў Віцебску, дзе на той час народная творчасць зусім не папулярызавалася. Выкладала ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, але жыццё занесла яе ў Міханавічы, да дзяцей, пра што Ларыса Мікалаеўна зусім не шкадуе.

“Калыханка” спявае фальклор, запісаны даследчыкамі і збіральнікамі народнай творчасці на аўдыя- і відэадыскі ад жывых носьбітаў традыцыйнай культуры. “Мы ніколі не ўпрыгожвалі, не апрацоўвалі фальклор — мы імкнуліся спяваць “хоць бы прыблізна так”, як пяюць тыя, хто захаваў і данёс да нас узоры народнай песеннай шматжанравай традыцыі”, — сцвярджае кіраўнік калектыву. Цягам 25 гадоў Ларыса Рыжкова ў “Калыханцы” ажыццяўляе эксперымент па вяртанні вуснага, або, іншымі словамі, бязнотнага спосабу навучання музыцы і спевам.

На яе думку, асноўная праблема для калектываў аўтэнтычнага фальклорнага накірунку — незапатрабаванасць народнай спеўнай традыцыі ў грамадстве. Тым не менш, апошні на сёння канцэрт, які адбыўся супольна з харэаграфічным калектывам Сяргея Выскваркі з Любані ў сталічным Доме ветэранаў, прайшоў з аншлагам. Дзякуючы гэтаму атрымалася не толькі вярнуць укладзеныя ў арэнду залы шэсць мільёнаў, але і зарабіць для раёна два мільёны, якія, як спадзяюцца ў “Калыханцы”, вернуцца праз набытае для Дома фальклору новае абсталяванне. Так што аўтэнтыка можа быць і справай выгаднай.

Але канцэрт у Доме ветэранаў — свайго кшталту выключэнне. “Калыханка” не вядзе актыўную канцэртную дзейнасць, не вельмі шмат і так званых ганарарных выступленняў. Як кажа Ларыса Мікалаеўна: “Асабліва ніхто не прапаноўвае, а самім шукаць варыянты — займае шмат часу, адрывае ад асноўнай нашай місіі — выхавання ў дзяцей любові да народнай творчасці”.

Дарэчы, установа можа спадзявацца не толькі на сябе ці на падтрымку з боку дзяржавы, але і мае буйнога спонсара. З правядзеннем у памяшканне каналізацыі і водаправода актыўна дапамагаў “Белтрансгаз”. Зразумела, па словах Ларысы Рыжковай, каб знайсці фундатараў, даводзіцца самім абіваць парогі не адной установы.

Яшчэ адна праблема ў “Калыханкі” — пастаянная ратацыя складу. Так, дзеці, атрымаўшы пэўныя веды па аўтэнтычных спевах, з гадамі сыходзяць, у тым ліку і саромячыся каранёвых праяў. І гэта — праблема дзяржаўнага маштабу. Рыжкова імкнецца лакальна яе вырашыць: набірае рознаўзроставыя групы, каб сыход не стаў масавым. Але пытанне, як падаецца, патрабуе не лакальнай, а, паўторымся, дзяржаўнай увагі. Дзіўна гучыць: варта ўсё зрабіць для таго, каб быць беларусам было не сорамна. У адваротным выпадку, дасягнутая еднасць-супольнасць дашкольнікаў, школьнікаў, маладых чытачоў мясцовай бібліятэкі будзе абмежавана тэрыторыяй Міханавіч, дзе атрымліваецца, так бы мовіць, фальклорны камунізм, а па-за вясковымі межамі ўсе культурныя паслугі — за грошы...

Мае калектыў і свае, запісаныя на прафесійнай студыі ў мінскім Доме радыё, кампакт-дыскі. Так, ужо згаданы дыск “Душа мая” быў зроблены з удзелам пачынальніц “Калыханкі” Ганны Балбуновай, Вікторыі Бельчанка, Аксаны Тарасавай і Веранікі Берасневай. На ім прадстаўлены беларускія духоўныя вершы з запісаў фалькларысткі Алены Боганевай і калядныя канты, якія выконваліся ў розных рэгіёнах Беларусі. Праўда, нават выдатныя дыскі не гарантуюць для калектыву дадатковага прыбытку: існуе праблема знайсці зацікаўленага прадаўца. А таму яны, як прома-прадукцыя, выкарыстоўваюцца ў асноўным як падарункі.

Нам таксама падарылі дыск “Калыханкі”. Мы слухалі яго цягам усіх камандзіровачных дзён — і ў нас вырасталі крылы… Правільна кажа Ларыса Рыжкова: натура беларуская дакладна прасочваецца ў моўных спеўных інтанацыях, а справу нацыянальную рабіць — што стажок ўкладваць: адзін ніколі не справішся…

Каб не гаспадарчая група…

Па дарозе на Вялікія Жухавічы, што ў Карэліцкім раёне, агаладалі, заехалі ў Мір. Адначасова карцела паглядзець, як працуе тутэйшая прыдарожная гандлёвая сфера ў чаканні летняга турсезона. Працуе, як аказалася, бойка ды жвава. Маленькі кубачак кавы ў стацыянарнай прызамкавай кавярні — 17 тысяч рублёў, у гандляроў пад намётамі — па сем. Канкурэнцыя! Тое ж і з сувенірамі: шматлікія рамеснікі-іпэшнікі з некалькіх суседніх раёнаў прапаноўваюць нацыянальныя сувеніры ад шасці тысяч рублёў да трохсот тысяч і нават вышэй. Усё гэта пакрысе раскупляецца шматлікімі турыстамі.

Прыехалі ў Вялікія Жухавічы, і нашы думкі пра духоўнае былі часова пераможаны аналізам рэальнасці. А як інакш! Перад клубам і бібліятэкай завіхаліся хлопцы з гаспадарчай групы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама. Шчыра кажучы, не часта бачым працу гэтай аддзелаўскай структуры. Знаёмцеся: Сяргей Балабановіч — начальнік гаспгрупы. “Займаемся бягучымі рамонтамі, — паведамляе ён, — на якія дзяржаўныя сродкі не выдаткоўваюцца. Усё робім за кошт пазабюджэту. Эканомім раённыя грошы”. У тым, што пазабюджэт гэты немалы, мы пераканаліся на адным толькі прыкладзе мясцовай клубнай установы. Але пра гэта крыху далей.

Група ўкладала плітку ля бібліятэчнага ўвахода. Перад гэтым устанаўлівала ў клубным памяшканні энергазберагальныя свяцільнікі. Справа, пагадзіцеся, карысная і патрэбная. Але… Установа культуры ў вёсцы была калісьці шыкоўнай і велічнай... Прайшлі гады. Дах пад час веснавых дажджоў працякае так, што залівае ці не палову сцэны. І знаходзіцца той дах на такой вышыні, што доступу на яго рамонт гаспадарчая група проста не мае. Што рабіць? Запрашаць спецыялістаў, губляць дзяржаўныя грошы і тэрміны здачы аб’екта?..

Лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

Пры правільнай пастаноўцы справы гаспадарчая група для аддзела — заўжды адчувальная і канкрэтная рамонтная падтрымка. Ды плюс значная эканомія дзяржаўных сродкаў. Мы пра гэта пісалі і пішам. Сёння ж хачу згадаць аб адной прапанове з месцаў. Намеснік старшыні аднаго з райвыканкамаў па сацыяльных пытаннях разважаў у свой час: а калі нам аб’яднаць гаспгрупы аддзелаў адукацыі, культуры і аховы здароўя ў адзін магутны кулак, аб’яднаць транспарт, ліквідаваць лішнія зварачныя апараты, набраць высокакваліфікаваных рабочых, здольных на капітальныя рамонты?.. Прапанова, як падаецца, надзвычай актуальная. І звязана яна наўпрост з працэсам аптымізацыі ды павышэння эфектыўнасці не толькі творчай, але і вытворчай дзейнасці нашых аддзелаў. Абяцаем, што да тэмы гэтай мы яшчэ вернемся.

Саша ды Лёша з “Вечарынкі”

Дык вось, пра пазабюджэт. Адзін толькі народны эстрадны гурт “Вечарынка” на выступленнях у бліжэйшых санаторыях зарабляе ў год больш чым па 50 мільёнаў рублёў.

Кіраўнік ансамбля Аляксандр Ліхута і клубны хормайстар Аляксей Анцуг (хлопцы маладыя, таленавітыя ды амбіцыйныя) распавялі, што для піяру калектыву збіраюцца выкарыстаць сацыяльныя сеткі. А спонсара яны сабе ўжо адшукалі: старшыня мясцовага СВК Дзмітрый Янкоўскі, пераканаўшыся ў магчымасцях “Вечарынкі”, дапамог прыдбаць дарагую апаратуру. Ансамбль збірае аншлагі. Нават дзіравы клубны дах не перашкаджае. Так, аўтэнтыку калектыў не выконвае, але ад выканальніцкага майстэрства васьмі “вечарынкаўцаў” (збольшага — клубныя работнікі) таксама цяплее на душы. Урэшце, у “Калыханкі” і “Вечарынкі” свае “стажкі”, вяршыць якія — справа не з лёгкіх.

Саша Ліхута, да таго ж, працуе ў мясцовай школе мастацтваў, кіруе калектывам гітарыстаў. Кажа, што асаблівых праблем у школы няма: настаўнікаў хапае, дзяцей — таксама. Праўда, асобныя струнныя інструменты не перашкодзіла б і замяніць на новыя…

Мы яшчэ пэўны час затрымаліся ў Вялікіх Жухавічах, бо вельмі хацелася высветліць, што было калісьці ў вялікім аднапавярховым будынку з эклектычна “раздзьмутымі” купецкімі калонамі. “Сельсавет”, — адказвалі нам мінакі. Пра ранейшыя часы з біяграфіі будынка не ведаў ніхто. Не дапамаглі нам і ў Жукавіцкай бібліятэцы-інфармацыйным цэнтры, бо на час нашага візіту там быў абедзенны перапынак. Яшчэ адна неразгаданая да канца таямніца аўтэнтычнасці, што выпадкова сустрэлася на нашым чарговым аўтамаршруце. Пакідаем разгадку на потым і рушым далей…

Агульнае лірычнае адступленне

Нас можна абвінаваціць у паспешлівасці. Яшчэ не было адзінаццатай ранку, як мы трапілі ў Міханавічы, праз гадзіну-другую апынуліся ў Вялікіх Жухавічах. А ў абед нас сустракала ўжо Паланэчка, што на Баранаўшчыне. Вось хтосьці час ад часу і папікае нас: лётаюць, маўляў, па вярхах. Даруйце, такая ўжо “псіхаматорыка” ў журналістаў: жыць хутчэй, каб паспець пабольш да вас, шаноўныя чытачы, данесці. Урэшце, камусьці і жыцця не хапае на тое, каб разабрацца, чым архітэктура роднай вёскі адметная… Да сустрэчы!..

Фота аўтараў

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"