Змайстравалі “Шынель”

№ 22 (1148) 31.05.2014 - 06.06.2014 г

Як Гогаль стаў Тувімам і застаўся Гогалем
У Гродзенскім абласным драматычным тэатры 15 мая адбылася прэм’ера спектакля “Шынель” польскага рэжысёра Пятра Дамброўскага па п’есе польскага паэта Юліяна Тувіма. Гродзенскім тэатралам прозвішча Дамброўскага знаёмае хаця б таму, што цягам дванаццаці гадоў рэжысёр працаваў “па суседстве” — у Беластоцкім тэатры драмы імя Венгеркі, прычым два гады яго ўзначальваў. Адразу пасля вучобы будучы майстар стаў сузаснавальнікам Тэатра імя Станіслава Ігнацыя Віткевіча ў Закапанэ і працаваў там сямнаццаць гадоў. Цяпер у яго свой тэатр — “Камедыяльня”, дзе іграюць акцёры ўсё таго ж беластоцкага тэатра сумесна з запрошанымі варшаўскімі. Калектыў не мае свайго будынка, але шмат ездзіць па Польшчы.

/i/content/pi/cult/480/10235/8-6.jpg

Сцэна са спектакля.

/i/content/pi/cult/480/10235/8-8.jpg

Сяргей Курыленка ў ролі Башмачкіна.

Сёння тэатральны рынак дыктуе ствараць спектаклі забаўляльныя, таму на сцэне рэжысёр ставіць цікавыя камедыі і, канешне ж, з задавальненнем прымае запрашэнні з іншых тэатраў, не адмаўляючыся ад шанца стварыць нешта больш сур’ёзнае. Таму ён без ваганняў прыняў запрашэнне галоўнага рэжысёра Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра Генадзя Мушперта, які і пераклаў п’есу “Шынель” на рускую мову.

Глядач трапляе ў атмасферу вялікага сталічнага горада мімаволі, але, па задуме рэжысёра, становіцца саўдзельнікам тэатральнага дзейства ў фае, дзе шпацыруюць нібы па Неўскім праспекце Пецярбурга акцёры, дзе гучыць прамова Гарадавога (Аляксандр Калагрыў), поўная захаплення бляскам і пышнасцю праспекта.

У спектаклі ўсё працуе на ідэю рэжысёра і, здаецца, няма нічога лішняга. Лаканічная геаметрыя сцэны нібыта абмяжоўвае нашу свядомасць, прапануючы пэўныя правілы, дзе крэслы ў канторы і пячаткі, якімі канторшчыкі штампуюць паперы, маюць свой тытул — ад самага вялізнага імператарскага крэсла, да самага маленькага, ад самай вялізнай пячаткі да самай малой. Ідэя гіганцкай каласальнай дзяржаўнай машыны, якая дасягае астранамічных памераў, увянчана галоўным сімвалам колішняй улады — гербам імперыі (Аляксандр Сураў). Касцюмы (Вольга Шчарбінская) працягваюць тэму, дзе па колькасці і квяцістасці бразготак на мундзірах можна меркаваць аб рангу.

Рэжысёр уводзіць гледача ў свет вакханаліі чыну і грошай, дзе мудрагелістае перапляценне фатальнасці ды рэальнасці гуляе чалавечымі лёсамі. І ў рэчышчы гэтага карагоду — тэма “маленькага чалавека” ў асобе тытулярнага саветніка Акакія Акакіевіча Башмачкіна, які ўсё жыццё служыць на адным і тым жа месцы, на адной і той жа пасадзе з мізэрным жалаваннем. А ён жа яшчэ бярэ паперы дадому, бо няма ў яго ніякіх прыхільнасцей ды памкненняў, акрамя страсці да бессэнсоўнага перапісвання гэтых дэпартаменцкіх папер. Калегі здзекуюцца з ягонага, заношанага да дзірак, шыняля.

Недарэчна выглядае Башмачкін у мундзірчыку з кароткімі рукавамі і з лысінай на галаве. Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Сяргей Курыленка, пазбаўляючы свайго героя, па сутнасці, якіх бы там ні было якасцей, надзяляе яго спалохана-запытальным позіркам і нейкай асаблівай разгубленасцю. Яго Акакій вельмі кантрастуе са сваім атачэннем. У яго няма нават крэсла — ён сядзіць на зэдліку адасоблена ад усіх. А ў спектаклі шмат сцэн, дзе ўсё нагадвае ваеншчыну, умовам якой, праз сваю няўпэўненасць, зусім не пасуе галоўны герой.

Многія сцэны і акцёрскія прыёмы выклікаюць смех у зале. Але рэжысёр неаднаразова адкладае ўбок жартаўлівы тон, каб сказаць пра ўсё, што адбываецца, вельмі сур’ёзна і пранікнёна. “У ролі” не менш важнага кампанента спектакля выступае атмасферная музыка, напісаная польскім кампазітарам Ежы Хрусціньскiм.

За ўсім адчуваецца асоба рэжысёра, які, дарэчы, за сваю рэжысёрскую практыку не паставіў хіба толькі “Рэвізора” і мае, як сам кажа, “сантымент” да Гогаля і асабліва да “Шыняля”. Тлумачыць гэта тым, што на IV курсе Дзяржаўнай вышэйшай тэатральнай школы ў Кракаве сам іграў у спектаклі краўца Пятровіча. Дарэчы, спектакль з выпускнікамі школы ставіў куратар курса, вядомы польскі акцёр і рэжысёр Ежы Трэль (добра знаёмы беларусам хаця б па фільмах “Пан Тадэвуш” і “Quo vadis”).

Калі глядач, які, не чытаючы твор, марыць даведацца змест, то “проше бардзо”. Натхнёны гуманістычнымі ідэямі гогалеўскай карціны свету Юліян Тувім зрабіў кантамінацыю з аповесцей, дзе сэнсавым цэнтрам стаў “Шынель”, а дыялогі, большасць з якіх склаў сам польскі паэт, у п’есе вельмі гогалеўскія. Калі не ведаць, хто напісаў тэкст, то можна быць цалкам упэўненым, што гэта — сам Гогаль.

Спектакль “Шынель” у Гродзенскім абласным драматычным тэатры з пэўным наборам наватарскіх прыёмаў захаваў галоўнае — гогалеўскую атмасферу і ўвесь сэнс бессмяротнага твора. А рэпертуар тэатра папоўніўся эфектнай, класічнай па змесце і нават у нечым эксперыментальнай пастаноўкай.

Лана ПЯТРОЎСКАЯ,  вядучы рэдактар літаратурны Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра

Фота Сяргея ГАЎРЫЦКАГА