Знайсці б спонсара для пераезду...

№ 22 (1148) 31.05.2014 - 06.06.2014 г

Калі манументальнае пано Віктара Хацкевіча “Балада пра Бацькаўшчыну”, якое сёння знаходзіцца ў інтэр’еры сталічнага аўтавакзала “Маскоўскі”, нарэшце знойдзе новы прытулак, гісторыя ягонага перамяшчэння відавочна надасць твору ў вачах гледачоў дадатковай цікавасці. Мы ўжо паведамлялі, што пасля ліста спадара Хацкевіча да кіраўніцтва города з просьбай паспрыяць захаванню работы ў сувязі з запланаваным дэмантажом будынка аўтавакзала, займацца лёсам пано было даручана адміністрацыі Першамайскага раёна сталіцы. Разглядаліся варыянты перадачы пано аднаму са сталічных музеяў альбо іншай установе культуры. Думаў аўтар і пра тое, што твор можа змяніць сталічную прапіску ды з’ехаць у абласны ці раённы цэнтр, дзе для яго знойдзецца годны інтэр’ер.

/i/content/pi/cult/480/10231/3-1.jpg

Манументальнае пано Віктара Хацкевіча “Балада пра Бацькаўшчыну”, якое сёння яшчэ знаходзіцца ў інтэр’еры сталічнага аўтавакзала “Маскоўскі”. / Фота Пятра ВАСІЛЕЎСКАГА

На пэўным этапе перамоў з рознымі інстанцыямі паўстала пытанне, колькі будзе каштаваць зняць пано са сцяны, не зрабіўшы шкоды жывапісу. Спецыялісты “Белрэстаўрацыі” склалі каштарыс, паводле якога, у адпаведнасці з дзяржаўнымі расцэнкамі, гэта аперацыя вымагае сумы, эквівалентнай некалькім дзясяткам тысяч долараў. Так узнікла праблема, дзе знайсці спонсара…

Днямі ў пустым будынку аўтавакзала адбылося штосьці накшталт вытворчай нарады. Прадстаўнікі “Мінсктранса”, “Газпрому” (новага ўласніка тэрыторыі, дзе размешчаны аўтавакзал), адміністрацыі Першамайскага раёна і аўтар пано абмяркоўвалі магчымыя захады па захаванні твора мастацтва. Прысутнічаў пры гэтым і карэспандэнт “К”.

Сітуацыя складваецца наступная. Усё, што можа зрабіць “Мінсктранс”, — гэта паставіць будаўнічыя рыштаванні і даць рабочых, каб зняць пано са сцен. Але рабочыя гэтыя такой далікатнай справе не навучаны, таму карысці ад іх у дадзеным выпадку няшмат. Прадстаўнік новага гаспадара будынка і пляцоўкі, на якой аўтавакзал стаіць, нагадаў, што горад атрымаў плату за будынак “Маскоўскага” грашыма. Ну дык няхай бы, маўляў, мясцовыя ўлады з тых грошай і адшкадавалі патрэбную суму, каб аплаціць працу па выратаванні пано…

Прадстаўнік адміністрацыі раёна запэўніў, што будзе зроблена ўсё магчымае, каб знайсці патрэбныя грошы.

Мастак жа прапанаваў вызначыць месца для пано ў інтэр’ерах шматфункцыянальнага цэнтра, які будзе пабудаваны на месцы аўтавакзала. Хтосьці з названых, як мяркуе спадар Хацкевіч, мог бы аплаціць працу рэстаўратараў, якія далікатна здымуць пано са сцяны і забяспечаць ягоную захаванасць да часу, пакуль яно зноў з’явіцца ў публічнай прасторы. А праз гэта новы ўласнік стане ўладальнікам унікальнага твора мастацтва, які ужо засвяціўся ў гісторыі горада і краіны. Стары роспіс у новым гмаху сімвалізаваў бы культурную пераемнасць і спрыяў станоўчаму іміджу кампаніі. Да таго ж такую развязку складанай сітуацыі з удзячнасцю віталі б мінчане.

Пакуль жа робяцца захады, каб прапанову аўтара пано “Балада пра Бацькаўшчыну” давесці да ведама кіраўніцтва названай вышэй кампаніі.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"