Як паўплываў Чэмпіянат свету па хакеі-2014 на культурнае жыццё краіны?

№ 22 (1148) 31.05.2014 - 06.06.2014 г

Перш, чым грунтоўна прааналізаваць на старонках газеты вынікі Чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску праз прызму культурных падзей і культурнай актыўнасці, “К” вырашыла правесці невялікае даследаванне, паспрабаваўшы атрымаць адказы на тыя пытанні, якія ўзніклі ў час і пасля закрыцця міжнароднага форуму.

І сапраўды, якія адмысловыя новаўвядзенні ў працы культурных ды іншых гарадскіх устаноў застануцца? Ці падштурхнула вірлівае жыццё горада ў гэтыя дні да новых творчых задач і іх рашэнняў? “К” вырашыла паспрабаваць дазнацца “з першых вуснаў”: што ж адбылося, і магчыма, мусіць(плануецца) адбыцца ў будучыні пад уплывам атмасферы Чэмпіянату.

Сёння мы вырашылі закрануць тэмы працы “зон гасціннасці” і музейных устаноў.

У якім фармаце будзе працаваць “зона гасціннасці” і што ў ёй пакінуць пасля правядзення Чэмпіянату?

Сяргей МЯДЗВЕДЗЕЎ, намеснік начальніка ўпраўлення культуры — начальнік аддзела ўстаноў культуры і культурна-асветніцкай работы Мінгарвыканкама:

— З трох “зон гасціннасці” міжнароднага форуму застанецца працаваць адна пляцоўка — ля Палаца спорту. Грамадскае харчаванне будзе прадстаўлена не ў такім аб’ёме, як пад час Чэмпіянату, але без адпаведных пунктаў яго прадажу пляцоўка не акажацца. Што да праграмы, зараз яна знаходзіцца ў працэсе дапрацоўкі. У будні прапануецца фармат фонавай музыкі, у выхадныя — жывыя выступленні. Якім чынам складаецца праграма? Ёй займаецца адмысловая служба “Мінскканцэрта”, дзе маецца вялікая база музыкантаў. У цэлым праграма фарміруецца, арыентуючыся на густы пэўных катэгорый гледачоў. Напрыклад, у дзённыя гадзіны, калі па горадзе гуляе сямейная публіка, пажылыя людзі, гэта мусяць быць нумары фальклорных калектываў, музыка, больш спакойная па характары. Увечары арыентуемся на моладзь — запланаваны выступленні гуртоў і выканаўцаў, сэты ды-джэяў… Пакуль імёны выканаўцаў сказаць не магу, але атрымаць больш дакладную інфармацыю можна будзе праз адпаведны расклад, які з’явіцца ў “зоне адпачынку”. Пляцоўка пачне працаваць ужо ў бліжэйшыя выхадныя, але ці прадоўжыцца яе работа цягам летняга перыяду, не вырашана.

Ці паўплывала першынства на наведвальнасць музеяў?

Валянціна МАКАРАВА, галоўны спецыяліст упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры краіны:

— Даныя, якія мы атрымалі па выніках месяцу, сведчаць: павелічэнне наведвальнасці некаторых музеяў узрасло ў разы. Мы бралі перыяд з 9 па 25 красавіка і з 9 па 25 мая гэтага года ды параўновалі паказчыкі. Да прыкладу, даныя па наведвальнасці Нацыянальнага мастацкага музея такія: у красавіку — 5 727 чалавек, у маі за гэты ж перыяд — 10 812. Беларускі дзяржаўны музей архітэктуры і побыту: 3 256 — красавік, 6 759 — май. Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж” — 7 153 і 24 994, адпаведна. Замкавы комплекс “Мір”: 5257 і 19 416 чалавек. І рэкордныя паказчыкі ў Мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой”: 22 037 — у красавіку і 100 200 чалавек — у маі. Музейшчыкі казалі, што гэта было сапраўднае паломніцтва.

Нельга не адзначыць ўплыву акцыі Ноч Музеяў, якая прыпадае на май і прыцягвае публіку. Але, у цэлым, лічбы сведчаць пра цікавасць людзей, у тым ліку турыстаў, да нашых музейных комплексаў. Асабліва выйгралі тыя ўстановы, якія маюць на сваіх сайтах стужкі на замежных мовах, якія папрацавалі над рэкламай. Што ж да графіку працы, то яны вернуцца да звычайнага фармату. Магчымасць наведвання ўстаноў у вячэрнія гадзіны, якая была прапанавана ў перыяд Чэмпіянату, не карысталася асаблівай папулярнасцю. Да ўсяго, падобны фармат працы вымагае папаўнення штату супрацоўнікаў музеяў, каб размеркаваць дадатковую нагрузку.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"