Куды сышло дзяцінства?

№ 22 (1148) 31.05.2014 - 06.06.2014 г

Чаму спектакаль “10+” — з праблемамі дарослых?
Дзеці сёння рана сталеюць, яны больш “прасунутыя”, чым старэйшыя пакаленні ў іх узросце. Ніхто не здзіўляецца такой акселерацыі — мы ўжо ўспрымаем яе як дадзенасць, як новую сістэму каардынат. Але, можа, мы самі пазбаўляем іх дзяцінства? Не толькі дадатковымі вучэбнымі нагрузкамі, ажно з трох гадоў, але і... надта дарослымі спектаклямі?

Дурненькай казкі захацелася?

На Другім Міжнародным свяце-фэсце “Лялькі над Нёманам” дзіцячае журы перш чым аб’явіць вынікі, узгадала стогадовай даўніны верш Аляксандра Вярцінскага, акцэнтуючы ў ім радок: “Мне так хочацца дурненькай казкі...”. Прытым што яны глядзелі, зразумела, адно дзіцячыя спектаклі, ім такіх казак — не столькі сапраўды “дурненькіх”, колькі добрых, не абцяжараных залішняй “заразумнасцю” — відавочна не хапала. Прычым гэта былі не выпадковыя дзеці, а па-мастацку чуллівыя, адукаваныя — спрэс удзельнікі заслужанага аматарскага музычна-драматычнага тэатра “Званочак” Цэнтра культуры Гродна на чале з падлеткам Ягорам Зайцавым.

Цікава, што адна з вячэрніх дарослых пастановак — “Варвара Іванаўна” — была пазначана ў фестывальным буклеце як “спектакль для дарослых (16+)”, а ў праграмцы самога Арэнбургскага муніцыпальнага тэатра лялек “П’еро” — як “спектакль для дарослых і дзяцей, старэйшых за 10 гадоў”. Што ж, відаць, праблемы мужа, які пакутуе ад сварлівай жонкі, акурат для іх. “Птушка па імені Карл” паводле “Брыдкага качаняці” Андэрсена ў пастаноўцы Валагодскага абласнога тэатра лялек “Церамок” была пазначана як “6+”, а ўзнімала, па меншай меры, падлеткавую тэму індывідуальнасці, умення быць “не як усе”. Але ж ці будзе прывабнай для юнацтва казка, вырашаная наўмысна “дзіцячымі” сродкамі?

На VIII Беларускім міжнародным фестывалі тэатраў лялек у Мінску журы не было, а сітуацыя паўтарылася: спектаклі, заяўленыя як дзіцячыя, аказаліся абсалютна дарослымі па змесце. “Канягі” Закарпацкага акадэмічнага абласнога тэатра лялек “Баўка” — з той жа блытанінай у адрасаце: на адной старонцы праграмкі — “6+”, на іншай — “12+”. “Сонечны прамень” Маскоўскага абласнога дзяржаўнага тэатра лялек, пазначаны як гісторыя для дзяцей (6+) і дарослых, насамрэч прызначаўся для бабуль — дзядуль, бо там увесь час настальгічна абыгрываліся прыкметы пасляваеннага побыту. Нават папраўдзе адметная “Ленка” (3+, а насамрэч нават 1+) Беластоцкага тэатра лялек, паказаная на абодвух фестывалях, не абышлася без такой “пазаўчорашняй” дэталі, незразумелай цяперашняй дзятве, як гульня ў класікі. Дзе, прабачце, іх крэйдай чарціць, калі ўвесь асфальт машынамі заняты?..

Як сабе ці як... дзецям?

Пэўна, такі ўхіл у бок даросласці ўзнікае апошнім часам па некалькіх прычынах, прычым, як ні дзіўна, пазітыўных саміх па сабе. Адна з іх — імкненне да сямейных спектакляў, аднолькава прывабных для дзяцей і бацькоў. Другая — жаданне не проста сюжэт пераказаць, а ўсім гэтым давесці нейкую думку, пажадана новую і арыгінальную. Трэцяя прычына — уласна “лялечная”. Тэатр лялек, які ў савецкія часы ўспрымаўся хіба як дзіцячая забаўка, усё больш актыўна вяртаецца да свайго гістарычнага, стагоддзямі напрацаванага, дарослага аблічча — тым больш, што яно падтрымліваецца фестывальным рухам. Але ж хіба нельга сталець, пакідаючы дзяцінству — дзіцячае? І чаму не спрацоўвае “сямейная канцэпцыйнасць”?

Адказ просты. Чагосьці, прывабнага аднолькава для ўсіх, насамрэч, няма і ніколі не будзе. Каб спектакль быў цікавы для розных пакаленняў, ён павінен быць “шматслойным”: кожны абярэ “сваё”. Згаданая “Ленка” блізкая дарослым філасофскай тэмай адзіноты, падлеткам — роздумам пра складанасці існавання, калі ты “не такі, як усе”. А самых маленькіх прыцягвае сам вобраз дзяўчынкі, якая малюе. Малечы могуць атаясамліваць сябе з гераіняй-лялькай, бо тая адпавядае ім па росце і манерах. Крыху старэйшыя дзяўчынкі бачаць свой “партрэт” у маладой артыстцы, якая з гэтай лялькай “гуляе”. Кожны бачыць — сваё, і ўсім цікава.

На жаль, такой “шматслойнасці” бракавала, да прыкладу, новай сталічнай прэм’еры “Залаты ключык, або Прыгоды Бураціна”. Пастановачная група — людзі спрэс таленавітыя, вядомыя многімі выбітнымі працамі і паасобку, і ў тандэме (рэжысёр — Аляксандр Янушкевіч, мастак — Таццяна Нерсісян, кампазітар — Аляксандр Літвіноўскі, харэограф — Вячаслаў Іназемцаў). Спектакль і сапраўды атрымаўся нешараговым, ён ушчэнт разбівае ўсе магчымыя і немагчымыя каноны. Арлекін — тыповы “чорцік з табакеркі”. Мальвіна — настолькі вялізная (з-за агромністай галавы, надзетай на артыста), што ўспрымаецца вышэйшай за “жывога” Карабаса, якога іграе зусім не маленькі ростам Аляксандр Васько (ён жа — Тата Карла). Бураціна — маленькі, папраўдзе драўляны, ва ўсіх сэнсах слова. А тое, як артысты перадаюць гэтую ляльку адно аднаму, бы эстафету, наводзіць на думку нават перайменаваць спектакль. У гэтую казачную краіну, як усе памятаюць, героя запрашаюць Ліса Аліса і Кот Базіліа, якіх увасабляе ўсё той жа Васько, змяняючы на сабе футры-скуры. Гэты прыём асацыятыўна звязваецца ў гледача з крывадушнасцю, зменай масак. А тое, як Бураціна застаецца вісець на дрэве цягам усяго антракту, вымушае ўзгадваць нешта занадта жорсткае…

Спектакль настолькі нашпігаваны дарослымі асацыяцыямі, што на дзіцячы пласт не застаецца нічога. Нават сюжэт, калі дзеці не азнаёміліся з ім напярэдадні, застаецца цьмяным. Можа, проста прыўзняць ніжэйшую ўзроставую планку? Маўляў, няхай будзе для падлеткаў. Але ж вось парадокс! Тынэйджары лічаць сябе “амаль дарослымі”, таму хутчэй пагодзяцца глядзець штосьці “навыраст”, чым для “надта маленькіх”. Навошта ім такая казка, якую яны з дзяцінства ведаюць? Ім трэба нешта новае. Ці прынцыпова “дарослае” ўжо па назве. Ці — “прыкольнае”, пабудаванае на маладзёжнай эстэтыцы. Ці нават проста смешнае, каб смех у зале не змаўкаў, а задумацца трэба было дзесьці бліжэй да фіналу, пасля “радасці прыколаў”.

Але ж прыклады, калі пастаноўка аказваецца блізкай, зразумелай розным пакаленням, можа “зачапіць за жывое” і, галоўнае, сфармуляваць тэму, цікавую для сумеснага абмеркавання ў сям’і, — ёсць. На гродзенскім фестывалі да гэтай катэгорыі можна было аднесці, да прыкладу, спектаклі “Чаму старэюць людзі?” Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек, “Халстамер” з Брэста. На мінскім — магілёўскі “Гамлет”, “Мантэкі і Капулеці” з Беластока, “Шматочкі па закуточках” тэатра “Батлейка” з Маладзечна (у пастаноўцы, дарэчы, Аляксандра Янушкевіча, які ў дадзеным выпадку падабраў “ключык” для ўсіх узростаў, пачынаючы з малечаў).

Вядома, ніжні ўзроставы парог для кожнага з гэтых спектакляў — свой. І вымяраецца ён, на маю думку, зусім не “агульнай тэмпературай па шпіталі”, а строга індывідуальна.

Абраць “сваё”

Памятаю, як прыдзірліва я выбірала ў свой час першы ў жыцці спектакль для кожнага са сваіх дзяцей. Як спачатку, каб не расчараваліся ў тэатры, ніколі не вадзіла іх на тое, чаго сама яшчэ не бачыла. Затое потым, назапасіўшы станоўчы стартавы багаж, яны разам са мной наведвалі любыя прэм’еры, нават оперныя дарослыя. Калі спектакль быў зусім “аніякім”, проста ціха спалі ў крэсле. У астатніх выпадках — выказвалі ўсё, што думаюць: пра змест, пра артыстаў, сцэнаграфію і касцюмы, музыку. Сапраўды, дзеці здольныя часам куды лепш успрымаць тонкія эмацыйныя дэталі, выстройваць асацыятыўныя сувязі, у тым ліку непрадказальныя для дарослых, якія ведаюць, “як трэба”.

А ці ёсць нейкі замежны досвед, як “прымерваць” і рэгуляваць узроставы дыяпазон таго або іншага спектакля? Пра яго распавёў у час фестывальных абмеркаванняў галоўны рэжысёр сталічнага тэатра лялек Аляксей Ляляўскі:

— У савецкія часы кожны тэатр павінен быў мець па штатным раскладзе педагога, які будзе працаваць з дзецьмі, рэгуляваць дзіцячы рэпертуар. Апошнім часам ад гэтай пасады амаль паўсюль пазбавіліся. І па эканамічных паказчыках (грошы трэба эканоміць), і не толькі (маўляў, тое савецкая спадчына, а зараз — іншы час). Між тым, у некаторых краінах такая практыка існуе, але іншага кшталту. Там спецыяльны “тэатральны педагог” глядзіць спектакль, вызначаецца з “адрасатам”, а потым ідзе па навучальных установах і рыхтуе дзяцей да наведання пастаноўкі. Атрымліваецца гэткае спалучэнне анонсу з анатацыяй, “піяру” з навучаннем. Адпаведна, дзеці запрашаюцца не толькі патрэбнага ўзросту, а яшчэ і падрыхтаваныя да ўспрыняцця менавіта такога спектакля. У Германіі практыка іншая, але не менш цікавая. Там тэатр спачатку запрашае на дзіцячы спектакль бацькоў, каб тыя на свае вочы пабачылі, на што яны потым павядуць (ці, можа, не павядуць) сваіх дзяцей. Гэты падыход — яшчэ больш дыферэнцыраваны, бо хто, як не бацькі, павінен лепш ведаць, што і як у дадзены момант трэба паднесці не “сярэднеарыфметычнаму”, а канкрэтнаму, “свайму”, дзіцяці ці падлетку?..

Дарэчы, добрая ідэя! І, калі разабрацца, абсалютна “бясплатная”. Напярэдадні прэм’еры тэатры звычайна робяць прагоны спектакляў, часам нават змяшчаюць інфармацыю пра гэта на сваім сайце, у сацыяльных сетках. Чаму б не запрашаць туды не толькі журналістаў ды ўсіх зацікаўленых, але і, мэтанакіравана, выкладчыкаў школ? Няблага было б пасля прагляду яшчэ і паслухаць іх меркаванні, а калі трэба, і пераканаць у сваім пункце гледжання. Бо тыя ж выкладчыкі часта папросту “баяцца” абмяркоўваць у класе прагледжанае, бо самі не надта разбіраюцца ў мастацтве і былі б рады паслухаць выказванні пастаноўшчыкаў. Так што “двухбаковыя кантакты” былі б на карысць абодвум бакам.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"