Такімі я ўбачыў краснапальчан…

№ 22 (1148) 31.05.2014 - 06.06.2014 г

Аляксей СТРЭЛЬНІКАЎ, тэатральны крытык, кіраўнік эксперыментальнага тэатра “Галава-Нага”
Уладзімір Галак, каардынатар руху тэатраў “Дзверы”, прапанаваў мне паўдзельнічаць у краснапольскім Міжрэгіянальным фестывалі-свяце “Тэатральныя вечарыны”. Мы пазнаёміліся з кіраўніком фестывалю Паўлам Шаўляковым, які прапанаваў мне не толькі выступіць з семінарам па сучаснай драматургіі, але і паказаць у рамках форуму спектаклі эксперыментальнага тэатра “Галава-Нага”, якім я кірую. Маўляў, сказаў ён мне, гэта вельмі важна прадстаўляць у рэгіёнах не адно традыцыйнае, але і эксперыментальнае мастацтва.

/i/content/pi/cult/480/10227/4-14.jpgТак ужо атрымалася, што другую прэм’еру запар наш тэатр пачынае паказваць не з Мінска, а з нейкага новага для сябе горада. Гэтым разам ім сталася Краснаполле і фестываль “Тэатральныя вечарыны”.

…Самае складанае ў такой творчай вандроўцы — гэта дарога. Нават на машыне наўпрост праз Магілёў яна ўсё адно “забірае” дзень жыцця. А грамадскім транспартам дабрацца яшчэ больш складана. Калегі з іншага тэатра, напрыклад, не даехалі своечасова, таму што банальна не аказалася білетаў на аўтобус з Магілёва. Іншы тэатр ехаў з прыгодамі па перакрытай з прычыны зоны адсялення дарозе. Мы дабраліся без прыгод, але ў той жа дзень з колаў ігралі спектакль “Маўзер”, што было, прызнацца, даволі нялёгка.

Вельмі цікавая публіка ў краснапольскай зале. Ціхія, не спешчаныя відовішчам дзеці. Яны глядзелі вельмі складаны для ўспрымання спектакль, дзе са сцэны проста з ліста чыталі тэкст (хай сабе нават разумны і добры), але ўвага ў дзяцей-гледачоў стала знікаць толькі хвілін праз дваццаць —трыццаць. І нават пасля таго ў зале ніхто не пачаў перагаворвацца! Гэтая ціхая зала выбухала на момантах, калі мы, напрыклад, у сваіх спектаклях з дзецьмі гулялі. Скажам, у тыя моманты, калі мы раздавалі старонкі з кнігі і цукеркі.

Пасля спектакля мы прапанавалі гледачам затрымацца на абмеркаванне, на якое засталіся, як мне здаецца, усе дарослыя. Размова ж была сур’ёзная, з разборам, якая працягнулася і наступнай раніцай. Але самым важным лічу тое, што горад мае сваю місію. Рэгіён, закрануты Чарнобылем, з далёка не самымі магутнымі эканомікай і перспектывамі, дзясяткамі выселеных вёсак, але ёсць тут галоўнае: людзі.

Цяпер пра ўражанні ад аднаго са спектакляў праграмы форуму. Павел Шаўлякоў, малады рэжысёр пасля заканчэння ВНУ ў Мінску, паглядзеў “Пробу грунту ў Казахстане” трупы “Рыміні-пратакол” на леташнім Міжнародным фестывалі “ТэАРТ” у сталіцы і падумаў, што зможа зрабіць такі ж спектакль пра сваіх землякоў. На сцэне — тры гісторыі з кнігі Святланы Алексіевіч “Чарнобыльская малітва”, яшчэ сем распавядаюць жыхары Краснаполля пра саміх сябе. І гэта цяжкая размова, таму што ў ёй шмат незразумелага, шмат крыўды, шмат адчаю. Але раптам выходзіць дзяўчына з ДЦП, ужо жонка і маці, якая піша вершы, і кажа, што шчаслівая. Або выходзіць іншая дзяўчына і кажа: трэба рабіць экскурсіі ў Прыпяць — для таго, каб людзі ведалі, як насамрэч ідуць справы, ды не забываліся на тое, што адбылося. І мы разумеем: жыццё пасля Чарнобыля працягваецца, і менавіта ад нас залежыць, якім яно будзе…

Спектакль Паўла прайшоў вельмі добра. Авангардная форма дакументальнага тэатра, мякка кажучы, далёкага не толькі ад уласна авангарда, але і ад тэатра наогул, была абсалютна правільна зразуметая гледачом. Чарнобыль стаў часткай побытавай міфалогіі і самога жыцця гэтых людзей. Жоўты водбліск на мокрым асфальце, абраз Серафіма Сароўскага, які міраточыць, тут кажуць менавіта пра радыяцыю. Мяне не пакідае думка пра тое, што ў беларусаў мо і не так шмат таго, што можна прапанаваць свету. Мо ў нас яшчэ няма інфраструктуры, каб ўразіць звышдасягненнямі ў навуцы ці нечым іншым з гэтага шэрагу... Але гэтыя людзі, якія перажылі дзесяцігодзі таму вайну і ўжо па лепшым вяку чарнобыльскую катастрофу, здольныя, здаецца, вытрываць усё, што заўгодна. Такімі я і пабачыў краснапальчан.

Фотарэпартаж з фестывалю ў Краснаполлі глядзіце тут.