Усе будзе няшна? Ці — як з "катламі"?

№ 22 (1148) 31.05.2014 - 06.06.2014 г

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ, аглядальнік газеты"Культура"
Адна мая знаёмая часцяком кажа слова “няшна” ці “няшка”. У сэнсе — “добра”, “выдатна”. Ну і што, скажаце вы? У кожнага свае шкілеты ў шафе ці прусакі ў галаве. Раней, прыкладам, лічылася крутым казаць “усё будзе акей”. Той, хто гэтак прамаўляў, прылічваў сябе, магчыма, да знаўцаў англійскай мовы ці да ахвотных з’ехаць у Штаты, дакладна не ведаю. Але ж маштабы сённяшніх слоўных экзерсісаў папраўдзе ўражваюць.

/i/content/pi/cult/480/10225/4-2.jpgІ калі б гэта толькі было са словам “няшка”. Дзе там! Кожны другі сёння не гаворыць, а стварае новатворы. Словы “прывЕД” ці “прывітулі” замест “прывітання” зрабіліся ўжо нормай. А калі хлопец кліча “масяй” сваю дзяўчыну, на котку кажа “бо-бо”, печыва называе ”пячэнькі”, а аўтамабіль — “мафынка”, дык ніхто нават не пасміхнецца. Звыкліся, што ж паробіш.

Інтэрнэт, у якім увогуле за маўленнем ды пісаннем не сочаць, спарадзіў новыя слоўныя штукарствы: “яп” — ясны пень (у сэнсе: зразумела), “піпец”, “пісец” — капец, канец, “?с” — пытанне, “!т” — адказ і гэтак далей. Даходзіць да таго, што на паведамленне пра нешта непрыемнае твой суразмоўца можа напісаць проста “п-ц” ці “хз” — гэта ўсё той жа “пісец” ды спалучэнне слоў “хто знае” (перакладу яго найбольш культурна).

З усіх металаў у маладых ды сталых людзей у асаблівай павазе сёння “жэсць”. Гэтае слова гаворыцца да месца і не да месца: калі нешта здарылася (“Такая жэсць была ўчора на працы!”), калі хтосьці даведаўся аб нечым (“Жэсць, расіяне выйгралі ў фінаў!”) ды ў многіх іншых выпадках (“Жэсць, ты мне на нагу наступіў!”). Адным словам, паўсюль поўны “мрак”, як сказала б Элачка Людаедка.

Журналісты таксама далёка ад народа не адыходзяць. Бо самі, як вядома, адтуль, з гэтага самага народа. Словы “фэйкі”, “фрыкі” і падобныя гучаць у кожным артыкуле да месца і не да месца. Хаця, напрыклад, сказаць замест “фэйк” беларускі эквівалент “падробка” ці “няпраўда” вельмі лёгка. Аднак чамусьці ўсе зноў такі выказваюць сябе знаўцамі англійскай мовы і пішуць: “сёння для кіраўніцтва надыйшоў дэдлайн”, “хакеісты гулялі, як юзеры”, “дакладчыку — рэспект і павага”. Хаця, да прыкладу, англійскае слова “respect” і перакладаецца як “павага”, таму выкарыстанне гэтых слоў побач наўрад ці пасуе.

Натуральна, у пэўных сферах жыцця ўжыванне тых жа англіцызмаў можна зразумець і прыняць. Напрыклад, галкіпер і форвард ў футболе (хоць ёсць наш “варатар” і “нападаючы”), “менеджар” і “правайдар” ў гандлі (а як вам “кіраўнік”, “дырэктар” для першага слова і "пастаўшчык" для другога?) і ток-шоу ў тэлевізійнай сферы.

Але ж не, нам гэтага недастаткова. Мы калі ідзем, то ў “маркет”, каб зладзіць там “шопінг”, сустракаемся мы з “боямі” ды “гёрламі”, а ў нашых сем’ях ці сем’ях нашых знаёмых падрастаюць “бэбі” і “тынэйджары”. Нам цікавы піяр і гламур, мы ўсім пасылаем мэсіджы і чакаем хэпі-энду, праглядаючы блокбастары ў свае ўікэнды. Калі ў нас “брэйк” на працы, мы слухаем саўндтрэкі або рушым на ланч. А як толькі ў нас узнікаюць “траблы”, мы адпраўляемся на “сэйшн”, каб там адцягнуцца, што называецца, па поўнай… Пералічваць падобныя слоўныя перлы, якія часта чуваць і ў метро, і на вуліцы, і дома, можна было б яшчэ, паверце, вельмі доўга. Але ж ці варта гэта рабіць?

І апошняе. Я не зануда, як мог бы хтосьці падумаць. Я сам кажу “комп” на камп’ютар і “ноўт” на ноўтбук. Але слоўным выкрутасам ёсць свае межы. І калі сто разоў на дзень ад знаёмых чуеш словы “пічалька” ці “ржака” — гэтак яны, так бы мовіць, вельмі вобразна перадаюць свае пачуцці смутку ці радасці, — дык, па-праўдзе кажучы, пачынаеш проста звярэць.

Хаця, хто яго ведае, магчыма, гэта толькі чарговая мода, якая з часам знікне без следу. Кажучы словамі Эклезіяста, “і гэта сыйдзе”. І тады ўсялякія “пісцы” апынуцца там, дзе ім самое месца, — у слоўнай сметніцы. Дзе ўжо знаходзяцца словы “катлы” (наручны гадзіннік) ды “хіляць” (няспешна шпацыраваць па вуліцы), што часта ўжывалі хлопцы і дзяўчаты 1960-х. Я пра гэтыя архаізмы ведаю ад сваіх бацькоў, якія ў тыя савецкія часы “хіпавалі” напоўніцу, як толькі было магчыма. Таму, думаю, не памылюся, калі прадкажу, што шматлікіх сённяшніх слоўных “няшак” чакае такі самы лёс. І мяне гэта вельмі ўсцешвае.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"