Доказы Ялфімава

№ 22 (1148) 31.05.2014 - 06.06.2014 г

Пасля рок-оперы спявак кажа: “Я сабе яшчэ не ўсё давёў...”
7 чэрвеня ў Мінску выступіць расійскi гурт “Эпідэмія”, якi прадставіць публіцы, у тым ліку, і свой апошні матэрыял — рок-оперу “Скарб Эніі”. Прагучыць яна фрагментарна і ў канцэртнай версii, а “фішкай” вечара стане тое, што ў ім возьме ўдзел Пётр ЯЛФІМАЎ — той айчынны выканаўца, які валодае, на мой сціплы погляд (калі не браць у разлік оперу, хаця...), лепшым сярод калег-мужчын у краіне голасам. Справа ў тым, што артыст задзейнічаны ў маштабнай рабоце калектыву, куды трапіў, нягледзячы на пярэчанні фанатаў “Эпідэміі”, дрэнна знаёмых з разнапланавай творчасцю Пятра, якія здзіўляліся: маўляў, як гэта так — рок і поп-спявак?!..

/i/content/pi/cult/480/10223/6-1.jpg

Пётр Ялфімаў у ролі Лучніка Ботар-Эля.

Слаўны хлопец “Робін Гуд”!

— Чаму менавіта вы, мінчанін, а не, дапусцім, зямляк музыкантаў — масквіч Глеб Мацвяйчук, — задзейнічаны ў праекце?

— Мне патэлефанаваў Яўген Ягораў, вакаліст калектыву, і сказаў, што гурту хацелася б, каб я праспяваў у іх рок-оперы. Як гэта ні дзiўна, але мяне шмат хто памятае па старой арыі... Пятачка з КВЗ, калі мы з камандай РУДН рабілі пародыю на гурт “Арыя”. Потым было “Еўрабачанне”, а за апошнія тры гады я паўдзельнічаў у трох метал-трыб’ютах — той жа “Арыі” і гуртам “Майстар” ды “Маўрын”. Ну, і як высветлілася, музыканты “Эпідэміі” сачылі за мной у праекце “Голас-2”…

— У рок-оперы маеце ролю...

— ...Лучніка Ботар-Эля, правадыра войска. Па сюжэце героі пераносяцца ў часе туды, дзе некалькі стагоддзяў таму загінуў караван са скарбамі, які і ўзначальваў Ботар-Эль. У творы шмат чаго намяшана: гномы, драконы, чараўнікі — гэткае тыповае фэнтазі. Праца досыць добразычліва была прынята прыхільнікамі гурта ды крытыкай і, мабыць, займее працяг.

— Вы ж прымаеце ўдзел у рэканструкцыі рыцарскіх турніраў...

— Апошнім часам вельмі часта. Мне падабаецца гэтая атмасфера. Можа, у дзяцінстве ў нешта такое не дагуляў...

— Я ў дзяцінстве ў рыцараў не гуляў, а пераўвасабляўся ў мушкецёраў ды індзейцаў...

— А вось я ладзіў сабе лукі і стрэлы. Адпачываючы ж у летніках, размешчаных сярод лесу, мы разбіваліся на атрады і “ваявалі”. Аднойчы мой тагачасны сябар, які займаўся спартыўнай стральбой з лука, падарыў мне класную цеціву. А я ў тыя гады захапляўся рыбалкай, у мяне была вуда — двухкаленка бамбукавая, і я з яе ды гэтай цецівы зрабіў выдатны лук. Гэта была такая моц, такая дальнабойнасць! Не, індзейцы “прайшлі” міма мяне — маё былі лук, мячы, шчыт...

— Тады і адкажыце, а гістарычны рыцарскі раман і фэнтазі — браты-блізняты?

— Вядома. Прачытаў усе пяць кніг серыі “Песні лёду і полымя” Джорджа Марціна, чакаю шостую. І гляджу серыял “Гульня прастолаў”, зняты па матывах названага цыкла. Проста шыкоўна — і кніга, і кіно!..

— У самога няма жадання скласці лібрэта і музыку на тэму, скажам, “Роб Роя” Вальтара Скота?

— У мяне ляжыць недапісаная рок-опера пад назвай “Закаханы Д.” — даволі-такі вялікі кавалак, які я стаў складаць, прачытаўшы кніжку “Закаханы д’ябал” Жана Казота. Але гэтыя дзве рэчы практычна нічога агульнага паміж сабой не маюць. Усё часу няма дарабіць оперу: шмат іншай працы…

Хард-рокам мілы не будзеш...

 

— Якой, да прыкладу?

— У Маскве я заняты ў джаз-рокавым праекце: вядомыя расійскія музыканты, якія выконвалі для душы гэтую музыку дваццаць гадоў таму, стаўшы хто бізнесменам, хто яшчэ кімсьці, вырашылі ўкласці заробленыя грошы ва ўлюбёную музыку і адрадзіць свой калектыў. Усяго ў праекце ўдзельнічае блізу пяцідзесяці творцаў, плануюцца выступленні і выпуск альбома. У яго ўвойдуць пяць песень у маім выкананні. Днямі ж выходзіць і дыск гурта “Сад маар” з Пензы, дзе таксама ёсць мой голас.

— А вось гэткая шматграннасць вам не замінае? Вы спяваеце папулярную музыку, хард-н-хэві, рамансы, вялікія формы вам таксама падуладныя — тая ж рок-опера “Курган” паводле паэмы Янкі Купалы. Цяпер вось джаз яшчэ...

— З пункта гледжання прафесійнага росту, прасцей, вядома, абраць нейкі адзін жанр, дзе можна стала працаваць і ўдасканальвацца. Але, мабыць, лёс мой такi. Я люблю класічную музыку і ёй займаюся, люблю спяваць рамансы, а выхаваны на рок-музыцы. Можа, з-за таго, што выкладаю вакал у ВНУ, таму што ведаю, як правільна спяваць, у мяне атрымліваецца і тое, і другое, і трэцяе. Тэхнічна мне не ўяўляецца складаным пераходзіць ад аднаго стылю да другога, а я ж і люблю розныя стылі: і гроўлінгам магу спяваць, і скрымiнгам — рыкаць, крычаць, хрыпець так, што “мама, не бядуй!”.

— Але хард-рок у вашым выкананні падабаецца не ўсім. Ялфімава папракаюць у тым, што спявае ён у той вакальнай манеры, якая несучасная: маўляў, часы гуртоў “Whitesnake” або “Rainbow” незваротна мінулі...

— Бліжэй да класічнага харда, напэўна, мой апошні альбом “Кніга адкрыццяў”, хоць там і хэві-метал ёсць, і мяккая акустыка. Я ўвогуле на стылістыцы не спыняюся асабліва, а мае апошнія песні да року не маюць ніякага дачынення. “Кніга адкрыццяў” была крыкам душы, маленькай аўтабіяграфіяй, куды я хацеў укласці частку свайго жыцця, і там былі вось такія эмоцыі, вось такія перажыванні, такі стан душы. Дадзеным альбомам не пераследваў я і ніякай камерцыйнай мэты. Не, я не абыякавы да крытыкі, але той альбом рабіў пра сябе і ў першую чаргу для сябе, і яму патрэбна была акурат гэткая аранжыроўка. А калі нешта выбіраць канкрэтна з рок-музыкі, дык мне бліжэй амерыканскі рок…

Пра годнасць на сцэне

— Навялі вы мяне, Пётр, на наступнае пытанне. Тэлевізар — вялікі ашуканец. Здараецца, таго або іншага персанажа экран робіць у рэальнасці з худзенькага поўным, а ўкормленага — стройным… Калі я глядзеў некаторыя вашы інтэрв’ю па ТБ, думаў: ну і самаўлюбёны, самаўпэўнены, саманадзейны ж гэты Ялфімаў! А пры непасрэдных зносінах убачыў перад сабой шчырага, адкрытага, кантактнага чалавека. Мо тэлевізар так дурыць не мяне аднаго...

— Вы не першы, хто кажа мне пра гэта. Калі я быў маладзейшы і чытаў пра сябе ў Інтэрнэце выразы кшталту “гэты “гаспадар свету”, “напышлівы нарцыс”, то і крыўдзіўся, i журыўся, не разумеючы: за што? А потым неяк само сабой прыйшло разуменне, што я — артыст, таму і павінен выходзіць на сцэну, да гледача ўпэўненым, што цяпер заспяваю. А бачком, не падымаючы вачэй, артыстам стаць немагчыма. Ніколі не біў сябе ў грудзі ні перад камерамі, ні ў прэсе, што я суперпрофi, суперталент і суперспявак, але цану сабе ведаю. І публіка, як лічу, павінна адчуваць гэта.

— У Беларусі вам даюць тую цану, якой вы каштуеце? Толькі шчыра і сумленна...

— Вядома, усіх грошай не заробіш, але і без іх нікуды. Мае ўласныя творы гучаць па радыё і тэлебачанні, як у нас, так і за мяжой. У мяне шмат сольных праектаў. Я шмат працую, і ўсё гэта дае магчымасць забяспечваць сябе і сваю сям’ю. Радуюць мае вучні, што перамагаюць на міжнародных конкурсах. Многія расійскія студэнты бяруць мае творы для выканання на іспытах у сваіх ВНУ, а, значыць, гэта прызнанне мяне як педагога і аўтара.

— Гледзячы на тое, як складваецца кар’ера ў таго ж Дзмітрыя Калдуна, не шкадуеце, што не выбралі ў свой час Расію, Маскву ў якасці асноўнага плацдарма ў сваёй кар’еры?

— Я мог з’ехаць у 2004 годзе... Не, не шкадую... У Дзмітрыя такі лёс, у мяне — іншы: кожны ідзе сваёй дарогай і па ўласных прыступках.

— Як педагог, якія пастулаты закладваеце ў галовы студэнтаў?

— Каб яны цвёрда давалі сабе адказ на пытанне, навошта выбралі гэтую прафесію і чаго хочуць дасягнуць... Кажу ім: калі вы яшчэ не ўпэўнены ў правільнасці выбару, сумняваецеся ў ім, то лепш займіцеся іншай справай.

— Каго ні спытаеш з артыстаў, ці жадалі б яны свайму дзіцяці артыстычнага лёсу, усе ў адзін голас адказваюць: маўляў, не. А потым і на тэатральных або кінематаграфічных спецыяльнасцях знаёмыя прозвішчы мільгацяць, і ролі ў рэжысёраў для дзіцяці папросяць…

— Людзі, якія наеліся прафесіі творчай, вам падобнае кажуць без нейкай там позы, паверце. Я артыстам быць хацеў з чатырнаццаці гадоў. Зразумейце, гэта нібы вірус ці хвароба. Вы пажадалі б свайму дзіцяці захварэць?.. Яшчэ ў восьмым класе я вызначыў для сябе, кім хачу стаць: мастаком ці музыкантам. На тое, як склалася маё жыццё ў музыцы, па вялікім рахунку, скардзіцца грэшна. А калі б я выбраў шлях мастака?..

Дзе ўзяць беларускамоўную песню?

— Ваш рэпертуар складае галоўным чынам уласны матэрыял, калі толькі вас не запрашаюць у якасці госця ў які-небудзь праект. Ці азначае гэта, што прапанаваныя “збоку” песні вас не задавальняюць?

— Я спяваю песні, напрыклад, Дзмітрыя Далгалёва, Алега Елісеенкава і многіх іншых беларускіх аўтараў, але чужога матэрыялу наўмысна ніколі не шукаў, паколькі з васямнаццаці гадоў пішу для сябе сам. Ёсць нядрэнныя кампазіцыі, разлічаныя на пэўныя вакальныя магчымасці, такія, як у мяне, але рабіць канцэрт з, умоўна кажучы, песень на чатыры актавы — не кожнаму слухачу гэта трэба, бо ў такіх песнях мае патрэбу досыць вузкая аўдыторыя. Мне ў першую чаргу важны змест, і калі я чытаю тэкст ды бачу, што ён наогул не пра мяне, дык адмаўляю. Таццяна (Таццяна Касмачова, прадзюсар Пятра. — А.К.) мне ўвесь час паўтарала: “Напішы прыгожую песню пра Беларусь”. Я не ўмею пісаць кан’юнктурных тэкстаў, але некалькі гадоў таму нарадзілася песня на беларускай мове “Сонца каласы”. Яна і патрыятычная, і паэтычная, і яе вельмі добра ўспры мае слухач.

— Цікава было б пачуць меркаванне пра сучасную беларускамоўную песню…

— Не буду сцвярджаць з усёй пэўнасцю, але апошнім часам нічога цікавага не чуў. Ёсць спробы, менавіта спробы, на якія крытыкі рэагуюць так: “Ах, гэта песня па-беларуску, значыць, яна апрыёры не можа быць дрэннай!” На жаль, так не заўсёды адбываецца. Я вельмі люблю спяваць на роднай мове, сам пішу па-беларуску (хоць асноўны мой рэпертуар — рускамоўны). Дый у прыгажосці, спеўнасці і меладычнасці ёй цяжка адшукаць роўныя. Але, як ні дзіўна тое прагучыць, у нашай краіне не так і шмат выканаўцаў, якія правільна спявалі б на роднай мове. Вось у чым парадокс! Верагодна, для таго, каб атрымаўся прыгожы твор, неабходна паразуменне кампазітара і паэта. Такое, да прыкладу, як у Дзмітрыя Далгалёва і Уладзіміра Пецюкевіча. Мала напісаць добрыя вершы — яны павінны быць песеннымі.

— Не магу не спытацца і пра апошняе “Еўрабачанне”. І як вам яго пераможца?

— Песня — прыгожая, праспяваў добра, але ўзнікае пытанне: ці ўспрыняла б еўрапейская публіка гэтага канкурсанта як мужчыну? Думаю, не. І як чыста жанчыну — таксама не. Вось у чым рэаліі цяперашняга тамтэйшага шоу-бізнесу: яны шчасліва сустрэліся — фрык і песня. Магчыма, пакуль нагала не паголіш галаву, не наб’еш наколак, не ўставіш пёраў куды трэба і куды не, ніхто на выканаўцу і ўвагі не зверне. Не выключана, што на наступным конкурсе мы ўбачым ансамбль “канчыт”. Хоць гэта ўжо будзе не так... цікава. А сам конкурс у гэтым годзе, на маю думку, быў слабаваты. Тэа? Добрае, якаснае, акуратнае выступленне. Але калі кажуць і пішуць, што гэта лепшае, што ў нас было ад краіны, я хачу запярэчыць: былі ў Беларусі нумары, якія і запомніліся больш, і песні мацнейшыя. А вось Юра Вашчук малайчына, ён класны!..

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"