Непастаральныя адбіткі з Дынабурга

№ 20 (1146) 17.05.2014 - 23.05.2014 г

Як брэндавыя мядзведзі пэндзля К.Савіцкага сталі кічавым сімвалам цэлай эпохі, а колішнія землі Віцебшчыны — творчым “фарпостам” для вядомага перадзвіжніка...
Канстанцін Савіцкі… Выдатны рускі жывапісец-перадзвіжнік, якога сучаснікі называлі “маркотнікам гора народнага”, “Някрасавым у жывапісе”. 25 мая споўніцца 170 гадоў з дня яго нараджэння. Па прафесійным майстэрстве і тэматычнай разнастайнасці ён быў у адным шэрагу з такімі творцамі, як І.Крамской, В.Паленаў, У.Макоўскі, В.Максімаў, М.Неўраў, М.Ярашэнка, В.Пяроў. Але так здарылася, што сёння яго, акрамя культуролагаў-расіян, мала хто ведае. А дарэмна! Хаця ягоныя лепшыя работы па-ранейшаму ўпрыгожваюць Траццякоўку, Рускі музей, іншыя музеі і галерэі. У нашым Нацыянальным мастацкім таксама ёсць тры невялічкія творы мастака — “Аматар кавы. Стары халасцяк”, “Земляныя работы на чыгунцы” і “Хворы конь”. Усе яны ў розныя часы былі набыты Аленай Васільеўнай Аладавай у прыватных маскоўскіх калекцыянераў...

/i/content/pi/cult/479/10222/15-1.jpg

К.Савіцкі. Аўтапартрэт.

/i/content/pi/cult/479/10222/15-2.jpg

К.Савіцкі. "Сустрэча іконы".

На маю думку, Канстанцін Савіцкі быў асобай, якая па-сапраўднаму можа “прэтэндаваць” на месца ў першай дзясятцы лепшых расійскіх перадзвіжнікаў другой паловы XIX стагоддзя. Таму мне незразумела, якім чынам ён усё ж аказаўся адсунутым на другі план, у параўнанні, скажам, з вышэйзгаданымі імёнамі? Дзякаваць богу, слаўны горад Пенза добра ведае і любіць гэтага цудоўнага мастака, педагога і грамадскага дзеяча, які быў вельмі камунікабельным чалавекам. У Пензе, дзе ён пахаваны, напрыклад, з поспехам працуе Мастацкае вучылішча, што носіць яго імя, з мемарыяльным музеем мастака. Тут Савіцкі прапрацаваў дырэктарам і педагогам да 1905-га — апошнія шэсць гадоў свайго жыцця...

Дарэчы, гэтае вучылішча ў розныя часы скончылі і некалькі вядомых беларускіх мастакоў, у тым ліку І.Пушкоў, Л.Марчанка, У.Маскоўскіх, У.Чарнышоў, В.Юркоў, В.Шчарбакоў, А.Шастакоў… Апроч усяго, там жа, у Пензе, ёсць вуліца К.Савіцкага, а на тэрыторыі Губернатарскага дома — добры помнік жывапісцу, які адлюстраваны з палітрай і пэндзлем у руках.

Вы скажаце: а пры чым тут Беларусь? А пры тым, што — гэта мала хто ведае — амаль пяць гадоў, з лютага 1875-га, Канстанцін Апалонавіч пражыў у горадзе Дынабургу (з 1893 — Дзвінск) Віцебскай губерні. І свае лепшыя некалькі карцін ды эскізаў для наступных палотнаў стварыў менавіта тут…

Вельмі цесныя стасункі былі ў Савіцкага з яго аднагодкам І.Рэпіным. Разам яны вучыліся ў Акадэміі мастацтваў і, як кажуць, з’елі не адзін пуд солі. Цікава, што ўсе свае буйныя творы Канстанцін Апалонавіч “выпускаў” амаль разам з Рэпіным, альбо ішоў як бы па яго слядах, наўздагон. У 1874-м, за год да прыезду ў Беларусь, з’явілася карціна Савіцкага “Рамонтныя работы на чыгунцы” — чым не працяг распрацоўкі тэмы прыгнечанага сялянства, упершыню ўзнятай у рэпінскіх “Бурлаках...”? А ў 1878-м народ пабачыў “тузовую рэч” (словы А.Бенуа) Савіцкага — “Сустрэча іконы”, якая была напісана менавіта на Віцебшчыне. Адразу паралель — з карцінай таго ж Рэпіна “Хрэсны ход у Курскай губерні” і г. д. Але твор Савіцкага, на мой погляд, мала ў чым саступае рэпінскаму, а мо і ў чымсьці пераўзыходзіць яго.

Свой артыкул я хачу працягваць з іншага: з гісторыі пра тое, як з’явілася на свет знакамітая, вядомая літаральна ўсім карціна Івана Шышкіна “Раніца ў сасновым лесе”, бо яе нараджэнне не абышлося без Савіцкага. Больш за тое: без яго мо мы сёння не ведалі б гэтае палатно. Дакладней, яно апынулася б папросту ў шэрагу іншых добрых пейзажных карцін Івана Іванавіча “пра лес”.

...Гэтую цудоўную, амаль фантастычную гісторыю стварэння "галоўнай" карціны Шышкіна — "Раніца ў сасновым лесе" — я ўпершыню пачуў у 60-я гады ў ленінградскім Рускім музеі, калі студэнтам там праходзіў курсавую практыку. Шышкін намаляваў палатно паводле задумы свайго самага блізкага сябра — Канстанціна Савіцкага, якога тады чамусьці называлі “ліцвінам з Беластока”. На самой справе, апошні нарадзіўся ў Таганрогу вобласці Войска Данскога, але, відаць, ягоныя продкі былі з нашых земляў. Хто ведае? Аднак менавіта Канстанцін Апалонавіч задумаў "карціну з мядзведзямі ў лесе", але сваю задумку аддаў Шышкіну і па просьбе творцы гарманічна ўпісаў гэтых мядзведзяў у палатно апошняга.

Спачатку карціна выстаўлялася за двума подпісамі і так была абазначана ў маскоўскім каталогу. Потым яе ўладальнік Павел Траццякоў выдаліў імя Савіцкага французскім шкіпінарам: "Я купляў карціну ў Шышкіна за чатыры тысячы рублёў! Чаму яшчэ Савіцкі? Ану, дайце шкіпінару!" Аказваецца, Савіцкага, аўтара ўжо вядомых карцін "На вайну" і "Сустрэча іконы", які атрымаў чамусьці толькі чацвёртую частку ад агульнай сумы, Траццякоў, мякка кажучы, недалюбліваў, хаця з задавальненнем набываў у яго для сваёй калекцыі лепшыя палотны. Але гэта зусім іншая гісторыя...

Што і казаць, у ХХ стагоддзі Шышкін сапраўды стаў "народным мастаком", адным з самых папулярных, і не толькі ў славянскім свеце. Яго славутыя палотны "Раніца ў сасновым лесе" ды "Жыта" мільённымі тыражамі рэпрадуктаваны ў розных кнігах, школьных падручніках, на цукерачных абгортках, паштоўках, падушачках, зачахлёных вышыўкай з касалапымі сімпацягамі, у аляпаватых копіях у грамадскіх і дзяржаўных інтэр’ерах — ад дзіцячых садкоў да прывакзальных рэстаранаў, — што дзесяцігоддзямі "выхоўвалі" густ нашых маленькіх і вялікіх грамадзян. Праўда, карціну часта чамусьці называюць “Тры мядзведзі”, хаця на самой справе іх чатыры. І яшчэ. Чаму тут тры дзіцяці ў маці-мядзведзіцы, калі яна не нараджае больш за двух? Жартую... Але, галоўнае, хто сёння ведае сапраўднага сааўтара Шышкіна — Канстанціна Савіцкага?

Сын ваеннага ўрача і надворнага саветніка, Канстанцін Савіцкі быў вымушаны ў 1862-м пакінуць Пецярбургскую Акадэмію мастацтваў фактычна адразу ж пасля паступлення ў яе. Прычына? Недастатковая падрыхтоўка здольнага юнака, (дарэчы, будучага акадэміка жывапісу), які марыў стаць сапраўдным мастаком. Пасля двух гадоў упартай самастойнай работы Савіцкі вяртаецца ў Акадэмію. І, на здзіўленне ўчарашніх педагогаў, паспяхова засвойвае акадэмічны курс, рэгулярна атрымліваючы за свае вучэбныя работы медалі. Іх было шэсць — пяць сярэбраных і адзін залаты. Больш за тое: з пачатку 70-х гадоў Савіцкі з’яўляўся стыпендыятам імператара Аляксандра II.

За два гады да прыезду ў тагачасную Віцебскую губерню, лета 1873-га Савіцкі разам з Іванам Крамскім праводіць на станцыі Казлоўка-Засека пад Тулай, дзе ў яго і нараджаецца задумка напісаць манументальную карціну “Рамонтныя работы на чыгунцы” (1874) — першага і аднаго з найбольш значных сваіх твораў, у якім мастак паказвае цэлую з’яву сучаснага яму сялянскага жыцця. Менавіта тут упершыню з вялікай сілай праявіўся той (па У.Стасаву) “харавы пачатак”, што будзе ўласцівы Савіцкаму і пазней. У складанай кампазіцыі, дзе прадстаўлена вялізная колькасць людзей, якія рухаюцца ў розных накірунках, яму ўдалося цудоўна перадаць рытм і напружанасць цяжкай працы сялян, што не па сваёй волі сталі рабочымі-падзённікамі на будаўніцтве чыгункі. А якія псіхалагічна насычаныя вобразы! А які каларыт, выбудаваны на танальным адзінстве шэрых, рудых, жоўтых, сіне-шэрых фарбаў! Не выпадкова карціна зрабіла аўтара шырока папулярным не толькі сярод мастакоў, але і ва ўсіх тых, хто яе бачыў на 3-й перасоўнай выстаўцы.

Павел Траццякоў адразу ж набыў яе для сваёй калекцыі, а за атрыманы ганарар малады мастак ірвануў у Парыж, дзе жылі яго сябры І.Рэпін і В.Паленаў. Разам з імі Савіцкі вывучаў досвед французскіх жывапісцаў, працаваў над праблемай пленэру. У апошнім палатне “Мора ў Нармандыі. (Рыбак у бядзе)”, створаным незадоўга да ад’езда на Віцебшчыну, мастак якраз сканцэнтраваўся на перадачы святлопаветранага асяроддзя. Іншыя “французскія” карціны і эцюды ён ужо дапісваў у Дынабургу.

У лютым 1875-га Савіцкі на цэлых пяць гадоў атабарыўся на тагачасных беларускіх землях у павятовым горадзе Дынабургу. Скажу колькі слоў пра гэты старадаўні горад. Упершыню згадваецца ў 1275-м як мураваны замак Дынабург на Заходняй Дзвіне, пабудаваны магістрам Лівонскага ордэна баронам Эрнстам фон Ватцэбургам. Вялікі князь Літоўскі Віцень разбурыў яго, але хутка ён быў ізноў адноўлены. У час Лівонскай вайны ён перайшоў пад пратэктарат ВКЛ, а ў 1582 годзе Стэфан Баторый надаў Дынабургу Магдэбургскае права. У наступнае стагоддзе яго бралі і шведы, і войскі маскоўскага князя Аляксея Міхайлавіча. З 60-х гадоў XVII ст. горадам валодала Рэч Паспалітая. Але пасля яе Першага паздзелу Дынабург быў уключаны ў склад Пскоўскай губерні Расійскай імперыі, а з 1802-га стаў, на 118 гадоў, павятовым горадам Віцебскай губерні. На пачатку 1893-га ўказам Аляксандра III Дынабург быў перайменаваны ў Дзвінск з насельніцтвам каля 70 тысяч чалавек і стаў найбуйнейшым горадам губерні. Ну а 11 жніўня 1920-га, паводле Рыжскага мірнага дагавора, ён адышоў да Латвіі і стаў Даўгаўпілсам. Гэта за 33 кіламетры ад сённяшняй тэрыторыі Беларусі.

…Але не абставіны шчаслівага быцця прымусілі Канстанціна Савіцкага змяніць месца жыхарства. Тут, у Дынабургу, ён шукаў прыстанак, ціхую жыццёвую гавань, дзе мог бы справіцца са сваім горам. А гора сапраўды было цяжкім: незадоўга да гэтага ў Парыжы яго горача любімая жонка, 37-гадовая Кацярына Іванаўна Савіцкая (народжаная Мітрохіна), скончыла жыццё самагубствам... Прычынай для гэтага жудаснага ўчынку паслужыла рэўнасць. І хаця пазней высветлілася, што мела месца трагічная памылка, і ніякай прычыны для гэтага зусім не было (паўжартаўлівыя свецкія плёткі — не больш за тое), ад гэтага лягчэй не стала ні мастаку, ні журботным сваякам ды сябрам...

Каб адолець сваё гора, Савіцкі вырашыў адасобіцца ў нейкай ціхай правінцыі, далей ад спакус свецкага жыцця, дзе нічога не нагадвала б пра заўчасную смерць каханай. На горад Дынабург яго выбар прыпаў цалкам не выпадкова: тут пражывала ягоная сястра, якая была замужам за афіцэрам рускай імператарскай арміі Сазановічам. Вось мастак і вырашыў перабрацца бліжэй да яе, тым больш, што яна з мужам даўно запрашала Канстанціна Апалонавіча пагасцяваць ці пажыць тут, колькі душа пажадае.

Вось так і здарылася, што Савіцкі менавіта ў Дынабургу знайшоў новую і яркую крыніцу натхнення. Пасяліўся ён на вуліцы Жандарскай, у доме Казлова (у тыя часы абазначаліся не нумары дамоў, а прозвішчы ўладальнікаў). Цяпер гэтага дома ў Даўгаўпілсе, канешне ж, даўно няма: ён знік у бязлітасных стыхіях часу…

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"