Неацэнныя дывідэнды талерантнасці і сяброўства

№ 5 (823) 02.02.2008 - 08.02.2008 г

Справаздачная калегія па выніках 2007 года апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь адбылася 22 студзеня.

Як паведаміў у дакладзе Упаўнаважаны Леанід Гуляка, развіццё канфесійнай сферы ў 2007 г. характарызавалася ўмацаваннем дзяржаўных прыярытэтаў у канфесійнай палітыцы, актывізацыяй дзейнасці мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў улады ў вырашэнні пытанняў узаемадзеяння з рэлігійнымі арганізацыямі, удасканаленнем форм і метадаў супрацоўніцтва органаў улады з Беларускай Праваслаўнай Царквой, узмацненнем кантролю за выкананнем заканадаўства аб свабодзе сумлення, веравызнання і рэлігійных арганізацыях, актывізацыяй работы па падтрыманні міжканфесійнага міру і згоды, папярэджваннем распаўсюджвання ў рэспубліцы псеўдарэлігійных, дэструктыўных сект і культаў. Зараз у Беларусі дзейнічаюць 25 рэлігійных канфесій і накірункаў, агульная колькасць рэлігійных арганізацый — 3156. Вядучае месца ў рэлігійным жыцці краіны займае Беларуская Праваслаўная Царква, якая аб’ядноўвае 1431 прыход. У 2007 г. вернікі стварылі 32 новыя прыходы. Дзейнічаюць 1248 праваслаўных храмаў, будуюцца — 155.

Рымска-каталіцкая Царква аб’ядноўвае 4 епархіі, у якіх налічваецца 457 парафій. Летась было зарэгістравана 17 новых парафій. Дзейнічаюць 450 касцёлаў, будуюцца — 37.

У нашай краіне зарэгістраваны таксама 986 пратэстанцкіх суполак 14-ці накірункаў. Пазітыўна развіваюцца кантакты дзяржаўных устаноў з іудзейскімі і мусульманскімі аб’яднаннямі.

У другой частцы даклада Л.Гуляка перайшоў да стану этнаканфесійных адносін. Ён канстатаваў, што на 1 студзеня 2008 г. у Беларусі дзейнічаюць 124 грамадскія аб’яднанні грамадзян 25-ці нацыянальнасцей. Іх прадстаўнікі ўваходзяць у Кансультатыўны савет пры Упаўнаважаным, на пасяджэннях якога абмяркоўваюцца найбольш актуальныя пытанні міжнацыянальных адносін і статутнай дзейнасці аб’яднанняў.

Паўсюдна ў рэспубліцы прайшлі адборачныя мерапрыемствы для ўдзельнікаў VII Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур. Заключныя мерапрыемствы запланаваны на першыя выхадныя чэрвеня гэтага года.

Працягваецца супрацоўніцтва этнакультурных супольнасцей з бібліятэкамі ў абласцях і ў Мінску па фарміраванні кніжных фондаў літаратуры розных народаў і правядзенні на базе бібліятэк этнакультурных мерапрыемстваў.

Сумесна з офісам АБСЕ быў абноўлены і падрыхтаваны да выдання энцыклапедычны даведнік “Беларусь шматнацыянальная” — прыгожа ілюстраваны, на трох мовах: беларускай, рускай і англійскай. Па замове аппарата Упаўнаважанага БелТА завяршыла распрацоўку новай версіі сайта www.Belarus21.by, дзе будзе змешчана агульная інфармацыя пра нацыянальнасці і канфесіі ў Беларусі, пра суайчыннікаў за мяжой, а таксама пра заканадаўства і навіны адпаведнай тэматыкі.

Аказана фінансавая дапамога грамадскім аб’яднанням у вырабе сцэнічных касцюмаў для іх

творчых калектываў, у выпуску друкаваных выданняў. Апарат Упаўнаважанага падтрымаў таксама правядзенне традыцыйнага дзіцячага фестывалю нацыянальных культур “Сонечны птах”, шматнацыянальнага навагодняга агеньчыка і іншых культурна-масавых мерапрыемстваў.

Сёлета апарат Упаўнаважанага сумесна з Міністэрствам інфармацыі зноў праводзіць рэспубліканскі конкурс сярод журналістаў друкаваных і электронных СМІ на лепшае асвятленне тэмы дружбы народаў і міжнацыянальных стасункаў у Беларусі. Падвядзенне вынікаў і ўзнагароджанне пераможцаў адбудуцца ў чэрвені гэтага года ў рамках фестывалю нацыянальных культур у Гродне.

У план распрацоўкі законапраектаў на 2008 год унесена падрыхтоўка праекта Закону Рэспублікі Беларусь “Аб суайчынніках, якія жывуць за мяжой”.

Міністэрствы культуры, замежных спраў, адукацыі, аблвыканкамы, Мінгарвыканкам і іншыя арганізацыі аказваюць арганізацыйна-метадычную і практычную падтрымку святам беларускай культуры, фестывалям беларускай песні за мяжой; садзейнічаюць творчым сустрэчам дзеячаў культуры і мастацтва Рэспублікі Беларусь з суайчыннікамі ў краінах, дзе яны зараз жывуць, і запрашаюць замежныя беларускія калектывы для ўдзелу ў нашых фестывалях і іншых мерапрыемствах.

Сваімі думкамі аб далейшым развіцці міжканфесійных і міжэтнічных адносін у Беларусі падзяліліся запрошаныя на калегію.

 

Святлана ІШЧАНКА