Рэйксмузеум: сціснуцца, каб разгарнуцца

№ 20 (1146) 17.05.2014 - 23.05.2014 г

Якая асноўная функцыя музея? Што ў ім галоўнае: сховішча ці экспазіцыйная прастора? За якой мяжой ён ужо не “храм муз”, а лекцыйная зала або “дом гандлю”? Гэтыя пытанні абмяркоўваліся на старонках “К” у часе дыскусіі па тэме “Музей-трансформер”. Зараз, у працяг апошняй, прапаноўваем азнаёміцца з замежным досведам. Гаворка пойдзе пра дзяржаўны музей Амстэрдама — Рэйксмузеум, галоўны мастацкі музей Нідэрландаў.

/i/content/pi/cult/479/10218/13-4.jpg /i/content/pi/cult/479/10218/13-6.jpg

Ён адкрыўся пасля дзесяцігадовай рэканструкцыі. Але і пакуль яна ішла, музей працягваў працаваць: адкрытым для наведвальнікаў заставаўся адзін з флігеляў будынка. Давялося вылучыць лепшыя палотны, каб зладзіць экспазіцыю “хітоў” музея. Як згадвае дырэктар Рэйксмузеума, спадар Така Дзібітс, усё адбылося літаральна за адну ноч. Гэтае выцісканне і стала ядром сучаснай экспазіцыі, у фарміраванні якой бралі ўдзел куратары ўсіх аддзелаў. Прынцып, народжаны ў экстрэмальных умовах, стаў вызначальным для той экспазіцыі, што сфарміравалі пасля рэканструкцыі будынка.

“Звычайна музеі пры рэканструкцыі пашыраюцца, бо зборы ўвесь час павялічваюцца. Мы ж, наадварот, сціснуліся, сфакусаваліся на галоўным”, — кажа Дзібітс. Фонды музея складаюцца прыкладна з мільёна карцін, фотаздымкаў, адзінак мэблі, маштабных мадэлей і макетаў, прадметаў адзення, вырабаў са шкла, срэбра і фарфору. З гэтага багацця выстаўлена ўсяго 8 000 экспанатаў. Спецыфіку адбору вызначыла тая акалічнасць, што Рэйксмузеум  — гэта два музеі пад адным дахам: Мастацкі і Гістарычны. Сёння ў залах музея побач экспануюцца творы мастацтва і аб’екты матэрыяльнай культуры, узаемна дапаўняючы адно аднаго, ствараючы шматпланавы, шматаблічны вобраз часу.

“Перад намі стаяла вельмі амбіцыйная задача, — тлумачыць дырэктар. — Трэба было заахвоціць куратараў тэматычных аддзелаў на тое, каб яны разам стваралі адзіную канцэпцыю музея, а не замыкаліся ў рамках сваёй тэмы альбо гістарычнага перыяду”.

Суседства шэдэўраў мастацтва, побытавых рэчаў і ўзораў тэхнікі вельмі ўражвае, глядзіцца надзвычай эфектна. Непадалёк ад славутай карціны Рэмбранта “Начная варта” выстаўлена мадэль паруснага карабля чатырох з паловай метраў у вышыню і каля пяці ў даўжыню. Побач з жывапісам абстракцыяніста Піта Мандрыяна — архітэктурныя макеты мадэрністаў групы “Стыль” і мадэль біплана (на здымках). Вобраз залатога веку галандскага мастацтва, якім лічыцца XVII стагоддзе, дапоўнены экспазіцыяй замкоў і ключоў з Дэлфта, карункамі ручной работы, музычнымі інструментамі, фарфорам і зброяй.

Асобна варта сказаць пра асвятленне музейных залаў. Скарыстаны найноўшыя тэхналогіі; кажуць, што ў залах Рэйксмузеума вочы за тры дні не стамляюцца так, як у іншых музеях — за тры гадзіны.

Галоўнае — тут прадстаўлена тое, што стварае асаблівы галандскі каларыт. Гэта датычыцца не толькі экспазіцыі, але і кавярні, і сувенірнай крамы. Усё, ад паштовак да сувенірных бірак для чамаданаў, — эксклюзіў. І ўсё працуе на ідэю ператварэння музея ў арыгінальны ды актуальны брэнд.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"