Камп’ютары — ва ўсіх СДК

№ 20 (1146) 17.05.2014 - 23.05.2014 г

Святлана ЧАЛЫК, Клецкі райвыканкам:
Клецкі раён — невялікі. Самая дальняя вёска знаходзіцца на адлегласці ў 45 кіламетраў. Але калі памеры рэгіёна ўплывалі на маштабнасць спраў, за выкананне якіх адказвае аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі? Вось і на Клеччыне — планаў процьма. Не менш і здзейсненага ды занесенага ў творчую скарбонку, чым аддзел па заслугах ганарыцца.

/i/content/pi/cult/479/10216/12-4.jpg— У нашай справе многае залежыць ад шчыльнасці кантактаў з кіраўніцтвам раёна. Дык вось, у нас гэтыя стасункі вельмі эфектыўныя. Старшыня райвыканкама Генадзь Салавей любіць культуру, мастацтва, разам са сваёй сям’ёй наведвае літаральна ўсе нашы мерапрыемствы і не шкадуе слоў удзячнасці работнікам культуры. А гэта, пагадзіцеся, вельмі важна, калі кіраўнік раёна не карэктуе рэжысуру святаў, не ўмешваецца ў творчыя працэсы, а цалкам нам давярае. Гэта дыялог на ўзроўні прафесіяналаў, калі кожны займаецца сваёй адказнай справай.

Увага райвыканкама — больш чым канкрэтная. Сёлета з бюджэтных сродкаў выдаткавана больш за 500 мільёнаў рублёў на капітальны рамонт Раённага цэнтра культуры. Яшчэ летась замянілі на гэтым аб’екце дах. А ў бягучым годзе зрабілі ўнутраную аддзелку, давялі да ладу ацяпленне і з падраднымі арганізацыямі разлічыліся…

Дзякуючы Дзяржпраграме "Культура Беларусі" мы здолелі купіць музычныя інструменты для школ мастацтваў, камп’ютары для кожнага сельскага дома культуры. Так, раён у нас — невялікі: маецца толькі 19 СДК. Але кожны абсталяваны як мае быць. У шасці клубах ёсць нават хуткасны выхад у Інтэрнэт... Цяпер ніхто ўжо не сумняваецца, што клубная дзейнасць без лічбавых тэхналогій значна адстае ад сучасных стандартаў. А ў нас усе прэзентацыі і шоу-праграмы — з мультымедыйным складнікам. Дарэчы, тут нам таксама дапамог райбюджэт. Так што асаблівых праблем няма ні з гукаўзмацняльнай тэхнікай, ні са сцэнічнымі касцюмамі. На набыццё ўсяго гэтага пайшло больш за 400 мільёнаў раённых рублёў.

Імкнёмся, натуральна і самі зарабляць. Летась сума пазабюджэтных даходаў дасягнула 760 мільёнаў рублёў, на бягучы ж год запланавана давесці гэты паказчык да 840 мільёнаў. Давядзём. Калі ёсць якасць працы, можна і эканамічную будучыню прагназаваць. РЦК наш славіцца буйнымі аншлагавымі шоу-праграмамі, і досвед гэты вельмі актыўна распаўсюджвае па сельскіх клубных установах. Усе заробленыя пазабюджэтныя сродкі застаюцца ў нас.

Вы цудоўна ведаеце, што клопатаў у аддзела — мора. Штодня даводзіцца вырашаць процьму пытанняў. Лічу, што галоўнай задачай ідэолагаў, работнікаў культуры з’яўляецца імгненнае рэагаванне на запыты насельніцтва. Да прыкладу, з-за дэмаграфічнай сітуацыі па раёне закрываюцца не толькі сярэднія школы, але і ўстановы культуры. Але культурнае абслугоўванне ў маланаселеных паселішчах ніхто не адмяняў. У нас для гэтага ёсць аўтаклуб і аўтабібліятэка. У адной і той жа вёсцы клуб на колах бывае раз у месяц, бібліобус — раз у два месяцы. Але не забывайцеся на тое, што ў кожнага СДК ёсць свая вясковая зона абслугоўвання, а ў Цэнтральнай бібліятэцы чацвер — дзень наведвання чытачоў дома. Так што скаргаў ад вясковага насельніцтва няма…

Карыстаючыся нагодай, хачу назваць аднаго з самых актыўных нашых спонсараў — гэта кіраўнік ААТ "Морач" Аляксандр Філіпчанка, які актыўна і дзейсна падтрымлівае мясцовых работнікаў культуры, мясцовы народны хор. На вялікі жаль, пайшла з жыцця Яўгенія Піліпеня, якая больш за трыццаць гадоў кіравала гэтым цудоўным калектывам. Але падхапіла яе справу маладая жанчына, таксама энтузіястка традыцыйнага беларускага мастацтва. І вельмі радуе, што не перарываецца сувязь пакаленняў, што доўжыцца справа захавання ды развіцця нацыянальнай спадчыны. А гэта — таксама ідэалогія, на якой трымаюцца беларуская дзяржаўнасць ды незалежнасць...

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"