Гальштук з Маларыты

№ 20 (1146) 17.05.2014 - 23.05.2014 г

Жаночы касцюм Маларыцкага строю вылучаецца сярод іншых архаічнымі элементамі адзення і галаўных убораў. Для яго характэрны багаты дэкор з буйным рамбічным арнаментам, са шчыльным бардзюрам у спадніцах.

/i/content/pi/cult/479/10215/12-2.jpg

Вучні раённай гімназіі ў гальштуках, вытканых Валянцінай Струнец.

— У касцюме дамінавалі колеры натуральнага матэрыялу з ільну, каноплі, воўны, каларыт якіх арганічна спалучаўся з насычаным цёмна-чырвоным арнаментам, — распавядае дырэктар Раённага цэнтра народнай творчасці Валянціна Струнец. — Шырокія густыя рамбічныя арнаментальныя палосы запаўнялі верхнія часткі рукавоў і амаль усё поле фартухоў. Такі ж дэкор пакрываў і тоўстыя бела-шэрыя спадніцы (“буркі”). Намітка, або плат, таксама ўпрыгожвалася з трох бакоў палоскамі ромба-геаметрычнага арнаменту…

Мужчынскі касцюм на Маларытчыне, на жаль, не меў такіх арыгінальных асаблівасцей. Традыцыйны яго комплекс складаўся з палатнянай кашулі (насілі навыпуск і падпярэзвалі поясам), нагавіц, камізэлькі… Галаўным уборам быў найчасцей саламяны капялюш. У мужчынскім касцюме пераважаў белы колер, а дэкор прыпадаў у асноўным на каўнер, пазуху кашулі, пояс. Гальштука ў строі зусім не было.

— Мне захацелася паспрабаваць, калі можна так сказаць, асучасніць мужчынскі касцюм Маларыцкага строю адзення, — расказвае Валянціна Мікалаеўна. — Мне здаецца, што гальштук здольны надаць своеасаблівую завершанасць, структурную цэласнасць і непаўторную гарманічнасць. Ідэя выткаць гальштукі, якія арганічна ўпісаліся б у традыцыйны Маларыцкі строй адзення, узнікла ў лістападзе 2013-га на фестывалі ў польскай Бяла-Падлясцы. З думкамі пра гэта і вярнулася ў Маларыту...

Каб ажыццявіць задуманае, Валянціне Струнец спатрэбілася пяць месяцаў. Рэалізацыя своеасаблівага праекта пачалася з пошуку ўзору для гальштука.

— Я перабрала многія з іх, — кажа Валянціна Мікалаеўна. — Аднак па тых ці іншых прычынах узоры не адпавядалі агульнай канцэпцыі. Тое, што шукала, знайшла на спадніцы з вёскі Радзеж. Узор уразіў сваім багаццем і каларытам. Яго перанесла на вытканыя палосы, захаваўшы ўсе памеры да міліметра. З іх Алена Бярнацкая, швачка, пашыла сем гальштукаў. Кожны з іх мае даўжыню амаль 50 сантыметраў...

Цяпер вытканыя гальштукі займаюць годнае месца ў выставачнай экспазіцыі Раённага цэнтра народнай творчасці. Між іншым, імі ўжо зацікавіліся спецыялісты, бо вытканыя гальштукі ў народным стылі ёсць цяпер толькі на Маларытчыне.

Мікалай НАВУМЧЫК

Маларыта

Фота аўтара