Аптымізацыя. Які вынік атрымаем?

№ 20 (1146) 17.05.2014 - 23.05.2014 г

У чаканні рэйтынгу тэатраў, музеяў, бібліятэк…
Культура як адна з асноўных умоў развіцця грамадства з’яўляецца, па сутнасці, часткай эканамічнага жыцця апошняга. Хоць праблемы ў развіцці сферы і не вядуць да такіх яўных выдаткаў, як, скажам, недахоп тавараў першай неабходнасці, адсутнасць жылля, мізэрны ўзровень сацыяльнага забеспячэння ці беспрацоўе… Тым не менш, незбалансаванасць матэрыяльнага і духоўнага пачаткаў у жыцці грамадства таксама заўжды адчувальная.

/i/content/pi/cult/479/10210/15-1.jpgХто лепшы?

І сапраўды, людзі здольныя прыстасоўвацца да розных жыццёвых абставін, тым больш, што характар патрэб, інтарэсаў ды пераваг — адрозны і не ўніфікаваны. Натуральнае становішча рэчаў у эканамічнай сферы ў наступным: калі існуе канкрэтны гаспадарчы суб’ект, то ён валодае пэўнымі фінансавымі, матэрыяльнымі ды працоўнымі рэсурсамі і мае канкрэтную мэту сваёй дзейнасці. Безумоўна, суб’ект імкнецца атрымаць максімальна магчымы прыбытак. Асноўная задача кіраўніка ўстановы, арганізацыі ці прадпрыемства крыецца ў тым, каб у адпаведнасці з гэтай мэтай аптымальным чынам размеркаваць і выкарыстаць наяўныя рэсурсы. І ў сферы культуры гаспадарчая дзейнасць у многім сумяшчальная з такой логікай.

Даволі шмат увагі апошнім часам надаецца працэсам аптымізацыі. Што гэта за працэсы, чым выкліканы, і што будзе пасля?

Названыя пытанні хвалююць не толькі спецыялістаў на месцах, але і спажыўцоў культурных паслуг. Сітуацыя складваецца так, што ацаніць якасць прапаноўваемых паслуг па нейкіх параметрах не ўяўляецца магчымым. Вельмі хацелася б убачыць рэйтынг нашых тэатраў, бібліятэк, музеяў, складзены па меркаваннях і спецыялістаў, і наведвальнікаў. Аднак як вызначыць лепшы клуб у рэгіёне, не кажучы пра лепшую ўстанову культуры ў маштабах рэспублікі? Між тым, мы называлі і называем лепшыя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, вядучыя прамысловыя арганізацыі, якія здольныя выпускаць брэндавую прадукцыю. І калі ўстанавіць пэўныя правілы, правесці мінімальную стандартызацыю ўстаноў культуры, дык, магчыма, мы атрымаем вынік, які падкажа нам, ці патрэбна аптымізацыя або неабходна скараціць незадзейнічаныя рэсурсы, ліквідаваць баласт.

Знайсці экстрэмум

Неабходна таксама звярнуць увагу на слабасць апрыёры прынятага ў эканамічнай навуцы сцвярджэння аб адназначна станоўчай ролі канкурэнцыі ў гаспадарчым жыцці грамадства, на якое звярнуў увагу Дж.Акерлоф. Яшчэ да прысуджэння яму ў 2001 годзе Нобелеўскай прэміі, на прыкладзе рынку лімонаў, вучоны паказаў, што канкурэнцыя можа прыносіць не толькі карысць, але і шкоду, выштурхоўваючы з рынку найбольш добрасумленных вытворцаў. Ён звярнуў увагу на асноўную прычыну гэтай з’явы, якая мае месца тады, калі спажыўцы не могуць у дастатковай меры ацаніць рэальную якасць тавару ці паслугі. Дж.Акерлоф упэўнены, што для таго, каб рынкі тавараў і паслуг невядомай для спажыўца якасці нармальна функцыянавалі, іх трэба падмацоўваць адмысловымі інстытутамі, якія паставяць надзейную заслону інфармацыйным дыспрапорцыям. “У адваротным выпадку, — сцвярджае Дж.Акерлоф, — рынкі ўвогуле не ўзнікнуць або будуць дэградаваць з-за адтоку незадаволеных удзельнікаў”. Дадзеная сітуацыя складваецца сёння і ў сферы культуры. З той прычыны, што спецыяльныя службы, якія здольныя правесці апытанні па дзейнасці ўстаноў культуры і даць заключныя ацэнкі, нават не прыходзіцца аптымізаваць: іх проста няма. А калі няма ацэнкі таго, што маем, як можна гэта аптымізаваць? Бо аптымізацыя — гэта знаходжанне экстрэмуму (мінімуму ці максімуму) мэтавай функцыі, у дадзеным выпадку — сферы культуры.

Аптымізацыю можна ўявіць і як мадыфікацыю сістэмы для паляпшэння яе эфектыўнасці, знаходжання найлепшага (з мноства магчымых) варыянту вырашэння задачы пры зададзеных патрабаваннях, абмежаваннях. Так, аптымізацыя кіравання якімсьці працэсам — гэта вызначэнне шляху дасягнення мэты кіравання, выбар тых рэсурсаў, якія пры выкарыстанні даюць найлепшыя вынікі.

"Неабыякавыя" астраўкі

Ні ў адной са справаздач выніковых калегій Міністэрства культуры за апошнія пяць гадоў не гучала высноў пра неэфектыўнасць працы клубаў, бібліятэк, музеяў. Ёсць істотныя заўвагі пра нізкі ўзровень кадраў, што забяспечваюць працу гэтых устаноў, і пра незацікаўленасць маладых спецыялістаў замацоўвацца на месцах з-за побытавых умоў ды нізкай заработнай платы. Ёсць прэтэнзіі да якасці матэрыялаў, якія прадстаўляюцца, зместавай часткі, але наконт таго, што гаспадарчая праца вядзецца неэфектыўна, заўваг не рабілася. Выключэннем можа служыць кінаіндустрыя.

Нават у складаныя крызісныя гады сфера культуры выконвае і перавыконвае планы па платных паслугах, не зніжае паказчыкаў па наведванні тэатраў, музеяў, па колькасці карыстальнікаў бібліятэк і да т.п.

У матэрыялах газеты "Культура" даволі часта даецца ацэнка малой зацікаўленасці рэгіёнаў у развіцці творчых ініцыятыў. Інфраструктура ў культурным асяроддзі застыла, і толькі астраўкі папраўдзе неабыякавых людзей падтрымліваюць яе сваімі праектамі. Вось гэтыя “астраўкі” варта было б браць на заметку і ад іх ісці ў новыя распрацоўкі, ствараць прававыя асновы ды новыя формы эканамічнага існавання.

Самі таго не заўважаючы, работнікі Акцябрскага раёна выйшлі шляхам спроб і памылак на стварэнне творчага кластара ў рэгіёне — Культурна-забаўляльнага комплексу ў Бубнаўцы. Гэта ўнікальная мадэль будучага развіцця нашай рэгіянальнай культуры. Нават калі ў ініцыятараў праекта маюцца нейкія неўзгадненні па прычыне недасканаласці заканадаўчай базы, ім неабходна неадкладна дапамагчы. Іх дзецішча патрабуе дэталёвага вывучэння, а праект варты трансляцыі ў іншыя рэгіёны.

Пабудаваць наноў?

Па сутнасці, сама форма сельскага клуба або гарадскога палаца культуры ўжо састарэла. Яна не цікавая ні спецыялістам, ні наведвальнікам устаноў. Тут з часам назапасілася столькі праблемных пытанняў (ад матэрыяльнага забеспячэння да штатнага раскладу), што лягчэй перабудаваць усю працу, звязаную з культурным забеспячэннем жыхароў дадзеных тэрыторый, чым пастаянна "лапіць" векавыя праблемы. Урэшце, мы ж перасталі ўкладаць грошы ў рамонты старых ферм — пачалі будаваць новыя, сучасныя, з гэткім жа абсталяваннем. Адпала неабходнасць ва ўтрыманні старой колькасці супрацоўнікаў — паўстала патрэба ў спецыялістах для працы ў новых умовах. Чаму гэта нельга зрабіць у сферы культуры?

Міністр культуры Барыс Святлоў вельмі слушна заўважыў, што перш за ўсё неабходна ўдасканальваць эканамічныя механізмы кіравання сферы, прымаць рашэнні аб стварэнні магутнай нацыянальнай індустрыі культуры, інтэграванай у рыначныя працэсы, сур’ёзна займацца трансфармацыяй сістэмы падрыхтоўкі кадраў, якая павінна адпавядаць колькасным і якасным запытам сённяшняга дня, надаваць увагу ды істотна павышаць эфектыўнасць прыкладных навуковых даследаванняў і распрацовак у гэтай сферы.

Можа быць, пачаць аптымізацыю ў сферы культуры і варта было б менавіта ў гэтых сектарах, а не парушаць без належных для гэтага ўмоў дзейсныя працэсы на месцах. Неабходна выпрацаваць кіраўнічыя і эканамічныя мадэлі існавання ўстаноў ды арганізацый культуры ў новых умовах з улікам усіх фактараў. А таксама — стварыць здаровую атмасферу творчага спаборніцтва, канкурэнцыю паміж арганізацыямі культуры на права бюджэтнага фінансавання, выпрацаваўшы пры гэтым правілы, зразумелыя для ўсіх удзельнікаў. Разам з тым, неабходна прапанаваць шырокія магчымасці для развіцця прыватнага сектара ў прадастаўленні паслуг культуры, выкарыстоўваць магчымасці канцэсійных пагадненняў, асабліва ў частцы музейнай справы, а таксама — механізм дзяржаўна-прыватнага супрацоўніцтва.

Актуаліі

Яшчэ А.Рубінштэйн у сваёй працы “Эканамічная палітыка ў сферы культуры” пісаў, што праблема рэфармавання эканамічных асноў культурнай дзейнасці абмяркоўваецца з канца 80-х гадоў мінулага стагоддзя і канцэнтруецца вакол пяці асноўных кірункаў:

— змена ідэалогіі пабудовы бюджэту на аснове ўкаранення доўгачасовых нарматываў бюджэтных выдаткаў на фінансаванне культуры;

— рэалізацыя ўстаноўленага законамі дзяржавы прынцыпу роўнай аплаты працы работнікаў вытворчых галін гаспадаркі, сферы адукацыі і культуры ;

— фарміраванне і ўкараненне ў сферу культуры новай сістэмы гаспадарання, заснаванай на эканамічнай самастойнасці ўстаноў, пашырэнні правоў калектываў у арганізацыі творча-вытворчай і фінансавай дзейнасці, павышэнне іх зацікаўленасці ў рацыянальным выкарыстанні бюджэтных асігнаванняў і прыцягненні пазабюджэтных крыніц;

— фарміраванне шматканальнай сістэмы фінансавання культурнай дзейнасці за кошт прыцягнення дадатковых сродкаў ад насельніцтва, развіцця мецэнацтва і спонсарства, падатковага, мытнага і валютнага пратэкцыянізму ў дачыненні да ўстаноў культуры, а таксама — юрыдычных і фізічных асоб, якія ўкладваюць свае сродкі ў ажыццяўленне культурных праектаў;

— пераадоленне астаткавага падыходу да фінансавання сферы культуры — як пад час фарміравання бюджэтаў усіх узроўняў, так і ў ходзе іх выканання, індэксацыя памераў фінансавання ў адпаведнасці з тэмпамі інфляцыі.

Для нашай дзяржавы гэта застаецца актуальным і сёння.

Прагнозы і перспектывы

Пасля аптымізацыі які вынік мы атрымаем? Размова ж не ідзе аб скарачэнні сродкаў на развіццё культуры, а значыць, вызваленыя сродкі павінны будуць размяркоўвацца на тых, хто заняты ў галіне.

Цяжка прагназаваць вынікі, калі яны не прапрацаваны да канца, калі няма дакладных арыенціраў дасягнення мэты.

Паралельна ўзнікае пытанне: ці павысіцца якасць паслуг у выніку праведзенай аптымізацыі, прытым што праблемныя пытанні падрыхтоўкі спецыялістаў ва ўстановах адукацыі сферы культуры пакуль не вырашаны. Да таго пакуль, па словах рэктара БДУКіМ пра тое, што менеджар — не кіраўнік (гл. “К” № 12 за 2014 г.), цяжка меркаваць, ці будуць адпавядаць рэаліям часу змены ў культурным асяроддзі.

Якасць працы цяжка ацаніць лічбамі, але эканоміка культуры павінна займацца ў тым ліку і іх аналізам, а яны кажуць аб наступным.

Колькасць клубных фарміраванняў, паводле даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь (далей — НСКРБ), мае тэндэнцыю да зніжэння: калі ў 2009 г. іх налічвалася 28,7 тыс. адз., то на канец 2011 г. — 27,1 тыс. адз. Звычайнае скарачэнне або праведзеная аптымізацыя ўстаноў, дзе маглі размяшчацца клубы, не павінны былі пацягнуць за сабой скарачэнне удзельнікаў (у 2009 г. — 392,4 тыс. чал., а да канца 2011 г. — 331,7 тыс. чал.) Пры аптымізацыі-скарачэнні дзіцячых школ мастацтваў такой карціны не назіраецца, значыць, справа — у якасці прадастаўляемых паслуг.

А вось лічбы і пра самі паслугі. Паводле даных НСКРБ, колькасць праведзеных мерапрыемстваў на платнай аснове ў 2008 г. склала 303,1 тыс. адз., іх наведала 14,6 млн. чал. А ў 2011 годзе было праведзена 281,0 тыс. адз. мерапрыемстваў, якія наведала 11,8 млн. чал. І мерапрыемстваў стала менш, і колькасць ахвотных іх наведаць таксама зменшылася.

Вядома, тлумачэнняў тут можа быць некалькі. У канкурэнтнае саперніцтва ўступаюць тэлебачанне, камп’ютарныя тэхналогіі. З рахункаў нельга скідваць і зніжэнне цікавасці (інертнасць) жыхароў нашай краіны.

Цікавымі з’яўляюцца сацыялагічныя даныя, агучаныя сёлета на навукова-практычнай канферэнцыі ў Інстытуце культуры Беларусі. Кандыдат сацыялагічных навук Ірына Лашук паказала, што спецыфіка і асноўныя праблемы спажывецкіх паводзін на рынку культурна-забаўляльных тавараў і паслуг палягаюць у плоскасці :

а) нізкай рэнтабельнасці ўстаноў культуры;

б) праблемы спажывецкай культуры насельніцтва;

в) праблемы канкурэнтаздольнасці паслуг культуры.

Паводле праведзеных апытанняў, выяўлена, што перавагу хатняму адпачынку надаюць 69,7% рэспандэнтаў, выязджаюць на прыроду — 44,3%, ходзяць у госці — 30,5%, займаюцца любімай справай — 26,9%, бавяць час у Інтэрнэце — 21,2%, наведваюць установы культуры — 12%, займаюцца спортам — 10,7%, самаадукацыяй — 5,8%, удзельнічаюць у грамадскіх мерапрыемствах — 1,8%.

Цікавымі аказаліся і даныя, што адлюстроўваюць сувязь паміж наведваннем культурна-забаўляльных устаноў ды жаданнем прыйсці туды і надалей. Дык вось, 63,9% апытаных наведваюць установы, 36,1% — жадае іх наведваць і надалей. Не ходзіць у клубы і бібліятэкі 20,5% рэспандэнтаў, не збіраецца хадзіць і надалей — 79,5%. Апошняя лічба не можа не ўражваць...

Змяніць прафесію

Ёсць яшчэ адна акалічнасць, якая прымушае падыходзіць да працэсаў аптымізацыі ў сферы культуры з асцярожнасцю. Маю на ўвазе праблему занятасці насельніцтва. Вызваленыя ад сваіх пасад людзі, калі яны не знаходзяцца ў пенсійным узросце, змушаны будуць шукаць сабе новае месца працы. Ці гатовы прапанаваць яго суб’екты гаспадарання ў малых населеных пунктах? Тут важна ацаніць сітуацыю на месцах. На прымітыўным узроўні можна разважаць так: ферму мадэрнізавалі, не надта спрактыкаваныя ў сучасных варунках людзі паспрабавалі сысці, да прыкладу, у сферу паслуг, скажам, у дамы быту, але і там працэс — аўтаматызаваны, адбылося скарачэнне работнікаў. Куды пайсці? У некваліфікаваныя рабочыя?

Між тым, ёсць канкрэтны адказ на гэтае пытанне. І тут сфера паслуг у культуры можа для многіх стаць выратавальным варыянтам. Урэшце, можна заняцца рамяством (саломкапляценне, бондарства, разьба па дрэве, мастацкі роспіс, ганчарная справа і да т.п.). А можна, ведаючы родныя мясціны, працаваць гідам-экскурсаводам, адкрыць сваю справу ў галіне турыстычнага бізнесу. Патэнцыял сферы культуры — невычэрпны.

На вялікі жаль, армія работнікаў сферы культуры памяншаецца! Паводле звестак Інтэграванага банка даных Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, назіраецца наступная карціна: колькасць насельніцтва, занятага ў арганізацыях культуры, падведамасных Міністэрству, у 2012 г. складала 66,478 чал., у 2013 г. — 65,107 чал., а ў першым квартале 2014 г. — 65,004 чал.

Не завод і не ферма

Не за гарамі абвастрэнне яшчэ адной немалаважнай праблемы, звязанай з актыўным старэннем насельніцтва. Хто падумаў, што варта забеспечыць занятасць і гэтай катэгорыі нашых жыхароў? У многіх краінах названую праблему пачынаюць прапрацоўваць ужо сёння. І менавіта сфера культуры можа даць працоўныя месцы для людзей у перыяд іхняга актыўнага старэння. Дзе? У клубных фарміраваннях, забаўляльных цэнтрах, дзе адукацыйныя паслугі — заўжды запатрабаваныя. Застаецца толькі знайсці сучасныя падыходы да арганізацыі дзейнасці тых устаноў, якія маглі б вырашыць не толькі фінансавыя праблемы сферы культуры, але і агульначалавечыя, звязаныя з клопатам аб старэйшым пакаленні, захаванні пераемнасці пакаленняў ды выхавання іх на маральных і духоўных прынцыпах. Трэба разумець, што сфера культуры — гэта не завод ці ферма. Рыначнымі законамі вельмі лёгка яе скалечыць.

У заключэнне хочацца адзначыць, што рытарычныя пытанні “Што рабіць?” і “Хто вінаваты?” немагчыма вырашыць у рамках зададзенага для паўсюднай аптымізацыі часу і пры захаванні даведзенай лічбавай дакладнасці (аптымізаваць 20% устаноў). Разам з тым, у сферы культуры варта правесці ўсеагульны “суботнік па добраўпарадкаванні” — гэта відавочна. Сфера занадта доўга жыла на мізэрныя грошы, не прыцягвалася да вырашэння важных дзяржаўных пытанняў. Сёння ж яна прадстаўлена на ўсіх узроўнях і платформах дзяржаўнага ўкладу краіны. Уся справа ў тым, што Культура перайшла на новы ўзровень развіцця. Не, яна не стала лепшай ці горшай — яна проста змянілася. Мы сталі жыць па-іншаму, думаць інакш, развівацца хутчэй. І гэтыя змены проста неабходна не толькі ўсвядоміць, але і накіраваць у належнае, аптымальнае (чытай: эфектыўнае) рэчышча.

Ад рэдакцыі

Мы, журналісты, не каментуем дадзены артыкул, бо сваё меркаванне выказаў спецыяліст, які ведае праблемы нацыянальнай культуры знутры. Зазначым толькі, што да друку рыхтавалі матэрыял з задавальненнем. Такіх на нашых старонках бракуе хранічна. Таму і звяртаемся ў чарговы раз да спецыялістаў з рэгіёнаў: калі вас турбуе эфектыўнае развіццё сферы, калі вы прафесіянал, прыміце ўдзел у абмеркаванні сённяшняй публікацыі. Прапаноўвайце, абвяргайце, аналізуйце! Гэта дапаможа нам скласці аб’ектыўную карціну сённяшняга стану спраў беларускай культуры. Не заставайцеся абыякавымі!

Аўтар: Алена РЫБЧЫНСКАЯ
харэограф, выкладчык, старшы навуковы супрацоўнік аддзела сацыяльнай сферы Навукова-даследчага эканамічнага інстытута Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь: