Рэканструкцыя, дакумент, спадчына

№ 20 (1146) 17.05.2014 - 23.05.2014 г

На тэлеэкраны выходзіць новы праект аб мастаках Парыжскай школы
24 мая на тэлеканале “Беларусь 1” адбудзецца прэм’ера дакументальнага аўтарскага цыкла Алега Лукашэвіча “Мастакі Парыжскай школы. Ураджэнцы Беларусі”. Праект, які складаецца з дзевяці стужак, стаўся плёнам супрацоўніцтва Белтэлерадыёкампаніі і вядомага мецэната беларускага мастацтва — ААТ “Белгазпрамбанк”. Цыкл прысвечаны вядомым творцам, якія родам з беларускіх земляў.

/i/content/pi/cult/479/10206/8-1.jpg

Для каго

Выстаўка “Мастакі Парыжскай школы з Беларусі” ў Нацыянальным мастацкім музеі краіны, выстаўка “Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі”, што экспануецца і зараз… Маштабны банкаўскі праект “Арт-Беларусь”, які ўключае і працу асобнага інтэрнэт-рэсурсу, дзе можна азнаёміцца з гісторыяй беларускага мастацтва ў цэлым, ізноў пашырае свае межы. Стварэнне тэлевізійнага цыкла пра знакамітых ураджэнцаў нашага краю  — цалкам лагічны працяг у справе папулярызацыі айчыннай мастацкай спадчыны. І не дзіва, што за ажыццяўленне гэтай серыі ўзяліся вядомыя журналісты, аўтары нашумелай калекцыі фільмаў “Эпоха” — Алег Лукашэвіч і Аляксандр Аляксееў. “Я бачыў работы хлопцаў, — пракаментаваў свой выбар на карысць тандэма дырэктар “Белгазпрамбанка” Віктар Бабарыка, — і рызыка тут, на мой погляд, мінімальная. Бо апавядальнікі па сваім прафесіяналізме і таленце адпавядаюць тым крытэрыям падачы матэрыялу пра геніяльных творцаў, якіх яны дастойны”.

І сапраўды, спрачацца не хочацца: прадукт за аўтарствам Лукашэвіча —Аляксеева вылучаўся высокай якасцю і стылем. Не стала выключэннем і новая работа.

У цэнтры ўвагі новага цыкла — славутыя творцы, прызнаныя ва ўсім свеце. Марк Шагал, Леў Бакст, Хаім Суцін, Надзея Хадасевіч-Лежэ, Восіп Цадкін, Міхаіл Кікоін, Пінхус Крэмень, Восіп Любіч, Шрага Файбіш-Зарфін… Нягледзячы на тое, што некаторыя з гэтых імёнаў “на слыху”, іх носьбіты (напэўна, за выключэннем Шагала) толькі пакрысе пачынаюць атрымліваць трывалую асацыяцыю з Беларуссю. На выпраўленне гэтай сітуацыі, у тым ліку, і скіравана серыя, разлічаная, па словах яе творчай групы, на шырокае кола гледачоў.

Як

Але, вядома, аўтарскі цыкл не называўся б аўтарскім, калі яму не быў бы ўласцівы пэўны почырк. Стыль праграм Алега Лукашэвіча і Аляксандра Аляксеева — гэта еўрапейскі тэлевізійны фармат, што спалучае ў сабе даступнасць расповеду з высокай патрабавальнасцю да візуальнага шэрагу. І новая работа захоўвае гэтыя рысы, далучаючы да іх элемент пастановачных здымкаў з удзелам беларускіх акцёраў.

Да прыкладу, Марка Шагала ў адпаведнай стужцы пра мастака ўвасабляе народны артыст Беларусі Віктар Манаеў. Заслужанаму артысту Рэспублікі Беларусь Андрэю Душачкіну выпаў гонар сыграць Міхаіла Кікоіна. А акцёр Коласаўскага тэатра Арцём Блахін выдатна перадаў ваганні юнага Хаіма Суціна… Варта дадаць, што пастановачныя сцэны ў карцінах пададзены “без фанатызму”: яны выкарыстоўваюцца, хутчэй, як ілюстрацыя, а не як паўнавартасныя “ігравыя” часткі. І гэты стрыманы падыход да прыёму дазваляе трымацца абранай — спакойнай — інтанацыі аповеду.

Пад час прэзентацыі праекта журналістам быў прадэманстраваны фільм “Хаім Суцін. Прага колеру”. І трэба адзначыць, што ў невялікі фармат карціны — 26 хвілін — яе аўтарам удалося ўмясціць шмат. Распавесці аб галоўных вехах у біяграфіях герояў, скарыстаўшы, пра што ўжо казалася вышэй, як пастановачныя сцэны, так і ўнікальную фактуру (дакументы, фатаграфіі)… Тут важна адзначыць, што праца над праектам вялася два гады, уключаючы ў сябе і даследчыя пошукі ў шматлікіх архівах…

Да таго ж, аўтары аддалі належнае ў дакументальных стужках і візуальнай прэзентацыі твораў. Невыпадкова тут гучыць назва “Белгазпрамбанка”, магчымасць здымаць калекцыю работ якога стала неацэнным укладам у стварэнне цыкла.

Далей. Абліччы мастакоў: і гэты важны складнік не выпаў з поля ўвагі. Сваімі меркаваннямі, бачаннем герояў дзеляцца ў фільмах замежныя эксперты, сваякі творцаў… — і гэта яшчэ адна важная праца, зробленая творчай групай.

Да прыкладу, у стужцы пра Хаіма Суціна сваю ацэнку яго творчасці дае дырэктар Парыжскай Пінакатэкі Марк Растэліні. З цікавых запамінальных дэталей карціны — дакументы Хаіма Суціна, якія ён атрымаў па прыбыцці ў Парыж (дзе ў графе нацыянальнасць пазначана: “рускі”). Вялікае ўражанне пакінулі і фатаграфіі мастака са Смілавічаў, зробленыя адразу пасля яго смерці ў Парыжы, так званыя пасмяротныя здымкі… Несумненна, іх можна прылічыць да рэдкіх артэфактаў.

У цэлым, новая работа Алега Лукашэвіча — гэта дакументальна-адукацыйны праект, разлічаны на міжнародную аўдыторыю.

Цікавая дэталь, але новы цыкл беларускіх аўтараў упадабала…
сама спявачка Мадонна. Журналісты звярнуліся да славутай поп-дзівы з просьбай аб выкарыстанні музыкі польскага кампазітара Абеля Каржанеўскага. (Апошняя прагучала ў яе другой рэжысёрскай рабоце “Мы. Верым у каханне”, і спявачка валодае цяпер правамі на яе.) У адказ прыйшоў падрабязны апытальнік: наконт мэт выкарыстання музыкі, нават дакладных хвілін яе гучання ў фільмах цыкла, не кажучы пра біяграфіі журналістаў. Нягледзячы на ўсе педантычныя патрабаванні, у выніку атрыманыя адказы задаволілі сусветна вядомую знакамітасць, і, прагледзеўшы карціны, яна дала згоду на выкарыстанне ў айчынным праекце музыкі Каржанеўскага. “Несумненна, яе адабрэнне — істотная ацэнка нашай работы”, — адзначыў гэты факт Алег Лукашэвіч.

Прынамсі, наступнай публікай, якая здолее выказаць ужо сваё меркаванне, стануць гледачы “Беларусь 1”: кожныя выхадныя на тэлеканале будуць дэманстравацца па дзве серыі з цыкла. Аўтары таксама не выключаюць магчымасці выдання ў будучыні калекцыі на дысках.

Ідэя праекта “Арт-Беларусь”  — беларускі край як радзіма вялікіх мастакоў — атрымала яшчэ адно ўвасабленне. Пакрысе мы пачынаем вяртаць сваю спадчыну. Рух у гэтым кірунку, на ніве якой з 1993 года шчыруе і “К” (аўтарам шырокамаштабнага цыкла з’яўляецца Барыс Крэпак), захоплівае ўсё новых удзельнікаў. І, хочацца верыць, — адкрывае новыя гарызонты.

На фота: кадры з фільма "Хаім Суцін. Прага колеру".

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"