Тэмпература ўнутры глядзельнай залы куды ніжэйшая, чым на вуліцы: усяго +10. Цікава, ці здараліся ў сусветнай гісторыі прэцэдэнты, калі оперы ставіліся непасрэдна ў лядовых арэнах, а салісты каталіся на лёдзе ўперамежку з сапраўднымі хакеістамі? Ва ўсялякім выпадку, такі мікст акадэмічнага мастацтва і спорту інтрыгуе ўжо самой сваёй ідэяй.
Саракахвілінная опера-буфа “0:1” — дэбют у гэтым жанры маладога, але ўжо даволі вядомага кампазітара Вольгі Падгайскай. Нягледзячы на абсурдысцка-парадыйны характар твора, у яго пастаноўцы задзейнічаны сур’ёзныя сілы — сімфанічны аркестр і хор Музычнай капэлы “Санорус”, прафесійныя оперныя спевакі Вадзім Селачнік, Андрэй Якушаў, Сяргей Долгушаў і Кацярына Зуева. А таксама на лёд спартыўнага комплексу “Юнацтва-Мінск” выйдзе сапраўдная хакейная каманда.
— Мы імкнуліся сумясціць тыя рэчы, якія падаюцца несумяшчальнымі, ды парушыць стэрэатыпы, што атачаюць опернае і акадэмічнае мастацтва, — тлумачыць аўтар лібрэта оперы Віталь Дарашук.
Таксама ў праграме, што працягнецца да ранку, прадугледжана катанне на каньках пад сімфанічны аркестр, паказы сюррэалістычнага кіно і літаратурныя інтэрмедыі, выступленні гуртоў “Нагуаль” і “Vuraj”… Праўда, наведвальнікам гэтае задавальненне абыдзецца нятанна: білеты па 170 — 200 тысяч рублёў — гэта, напэўна, увогуле рэкорд для айчынных музейных імпрэз. Але, як патлумачыла дырэктар Музея Заіра Азгура Аксана Багданава, такая цана абумоўлена вялізнымі выдаткамі, і ў першую чаргу — на арэнду спецыфічнай пляцоўкі. Таму зарабіць на гэтым смелым праекце ніхто з яго ініцыятараў нават і не спадзяецца — абы віннымі не застацца. Менавіта па той самай прычыне прэм’ерны паказ оперы рызыкуе стаць эксклюзіўным — гэта значыць, “адзіным і непаўторным”.