Музейны мэйнстрым, або Як ператварыць сучаснага гараджаніна ў сапраўднага шляхціча?

№ 20 (1146) 17.05.2014 - 23.05.2014 г

Нацыянальны форум у Гомелі: унікальныя тэхналогіі ў экспазіцыйных залах
Літаральна некалькі месяцаў застаецца да таго часу, як у Гомелі распачнецца другі па ліку Нацыянальны форум “Музеі Беларусі”, у якім возьмуць удзел дзясяткі музейных устаноў з усіх куткоў нашай краіны. Падрыхтоўка да гэтай маштабнай акцыі сёння ідзе, што называецца, поўным ходам. Прычым як на рэспубліканскім, так і на рэгіянальным узроўнях.

Як заяўляюць арганізатары, форум будзе ладзіцца з мэтай падтрымкі музейнай справы ў Беларусі, стымулявання творчых ініцыятыў, а таксама заахвочвання музейных работнікаў, якія ўнеслі ўклад у вывучэнне, захаванне і папулярызацыю культурных каштоўнасцей. У рамках названага мерапрыемства, як паведаміла “К” галоўны спецыяліст упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Валянціна Макарава, плануецца правесці прэзентацыю экспазіцый, конкурс “Музеі Беларусі — трэцяму тысячагоддзю”, навукова-практычныя семінары, круглыя сталы, майстар-класы, а таксама экскурсіі па Гомелі і музеях абласнога цэнтра.

Такім чынам, рэспубліканская акцыя ў горадзе над Сожам стане сапраўды важнай падзеяй у культурным жыцці краіны, а таксама паспрыяе пераўтварэнню айчынных музеяў у іміджавыя гарадскія ды раённыя культурныя аб’екты. Хаця трэба сказаць, што праца ў гэтым кірунку праводзіцца ўжо даўно. Да прыкладу, яшчэ зусім нядаўна для многіх музейшчыкаў Беларусі была ў навіну акцыя “Ноч музеяў”, продаж сувеніраў са сваёй сімволікай, выданне буклетаў ды інфармацыйных улётак… Сёння ўсім пералічаным можа пахваліцца амаль кожны раённы ды нават сельскі музей. А на чарзе — усталяванне ў музейных установах аўдыягідаў ды QR-кодаў, прапановы турыстам шматлікіх паслуг, даступных праз Інтэрнэт: ад онлайн-навігацыі ў экспазіцыйных залах да набыцця білетаў на прагляд новай выстаўкі...

Што ні кажы, а імклівы сённяшні час, час інфармацыйна-тэхнічнага прагрэсу, ужо не спыніць-не стрымаць. Таму, думаю, не памылюся, калі скажу, што за буйнымі рэспубліканскімі музеямі падобныя паслугі, заснаваныя на так званых воблачных тэхналогіях, паступова будуць уводзіць і ў рэгіёнах. Праўда, пакуль што супрацоўнікі раённых “луўраў” ды “эрмітажаў” працуюць на прыцягненне ўвагі наведвальнікаў іншымі, не менш цікавымі, метадамі і практыкамі, заснаванымі, у першую чаргу, на інтэрактыўнасці ды эксклюзіўнасці.

Напрыклад, у Музеі-сядзібе Адама Міцкевіча, што ў Завоссі Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці, турыстам не толькі прапаноўваюць цікавую экскурсію па музейных пакоях, але і апранаюць аднаго з гасцей у касцюм шляхціча пачатку XIX стагоддзя. Той, як сапраўдны гаспадар, узначальвае турыстычную групу цягам усёй экскурсіі, папівае напой з гарачых зёлак за сталом у гасцёўні, чытае вершы Міцкевіча або піша гусіным пяром ліст да сваёй каханай Марысі... Са свайго вопыту магу сказаць, што падобнае пераўвасабленне сучаснага гараджаніна ў шляхціча запамінаецца кожнаму наведвальніку надоўга, як, дарэчы, і сама экскурсія.

Падобныя музейныя знаходкі было б цалкам лагічна прадставіць і на рэспубліканскім форуме. І хутчэй за ўсё, яны там абавязкова “засвецяцца”. Як, дарэчы, і ўсе іншыя цікавыя распрацоўкі, што маюць на мэце прыцягненне ўвагі наведвальнікаў…

Ужо сёння супрацоўнікі многіх музеяў краіны шчыруюць над сваімі творчымі прэзентацыямі, якія плануюць прадставіць пад час гомельскага музейнага фэсту. Якія менавіта? Даведаўся пра гэта, патэлефанаваўшы ў некалькі музеяў Гомельскай вобласці.

Аляксандр ГОСЦЕЎ, генеральны дырэктар Гомельскага палацава-паркавага ансамбля:

— Паколькі Нацыянальны форум будзе прымаць Гомель, наша ўстанова абрана куратарам праекта. Трэба сказаць, што гэта ўжо другое падобнае рэспубліканскае мерапрыемства, таму мы вельмі ўважліва вывучылі досвед сваіх гродзенскіх калег, каб пераняць усё лепшае, што было зроблена імі два гады таму. Спадзяюся, правядзём гэтую маштабную акцыю на належным узроўні…

Хачу адзначыць, што да нас прыедзе менш удзельнікаў, чым было пазалетась у Гродне. Так, запрашэнні атрымаюць усе рэспубліканскія музеі і па тры-пяць — ад кожнай вобласці. Таксама чакаем гасцей з Расіі, Германіі, Францыі. А ў адзін з дней — мерапрыемства пройдзе з 26 па 28 верасня — наш музей будзе распавядаць пра сябе і сваю гісторыю. Справа ў тым, што менавіта восенню 1919-га, 95 гадоў таму, на базе палаца Паскевічаў быў створаны Гомельскі мастацка-гістарычны музей. Плануем зладзіць для нашых гасцей экскурсіі, паказаць мультымедыйныя прэзентацыі, рэдкія і ўнікальныя творы мастацтва... Да таго ж, у адной з экспазіцыйных залаў з дапамогай нашых калег з музея Славацкага нацыянальнага паўстання (Славакія) прадэманструем абсталяванне для дэгіталізацыі — пераводу інфармацыі ў лічбавую форму. І, натуральна, кожны рэгіянальны музей пад час форуму займее ўнікальную магчымасць абсалютна бясплатна алічбаваць пэўную колькасць сваіх музейных прадметаў. Прычым адсканаваны прадмет можа мець любы аб’ём і вагу, а ўсе яго даныя будуць адразу занесены ў электронную базу. Падобнае абсталяванне, дарэчы, унікальнае не толькі для Беларусі ці краін СНД, але таксама і для Еўропы. Таму можна сказаць, што ў верасні беларускія музейшчыкі змогуць далучыцца да сусветнага мэйнстрыму ў галіне музейнай справы…

Галіна НЯЧАЕВА, дырэктар Веткаўскага музея стараверства і беларускіх традыцый імя Ф.Шклярава:

— На мінулым Нацыянальным форуме мы дэманстравалі ткацкае багацце свайго музея. А сёлета зробім акцэнт на стараабраднай спадчыне Веткаўшчыны. Наша прэзентацыя пройдзе пад назвай “Дам табе я на дарогу абразок святы…”. Пакажам гасцям форуму старадаўнія дарожныя іконы, распавядзём пра іх лекавую, аберагальную ды іншыя функцыі, а таксама пра іканапісныя традыцыі Веткаўскага раёна.

Акрамя таго, плануем прадставіць у Гомелі два сваіх унікальных выданні, якія ўжо заваявалі прыхільнасць і вялікую ўвагу не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. Маю на ўвазе кнігі “Жывая вера. Ветка” і “Кніжная культура. Ветка”. Першая, як вядома, у 2012 годзе заваявала дыплом IІ ступені на VІІ Міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы ў Ашхабадзе, а таксама дыплом І ступені на IX Міжнародным конкурсе “Мастацтва кнігі” дзяржаў — удзельніц СНД, які прайшоў у Астане. Што да другога выдання, дык мы прэзентавалі яго пад час правядзення XXI Мінскага міжнароднага кніжнага кірмашу. Мяркую, гэтыя фаліянты таксама зацікавяць усіх тых, хто наведае Нацыянальны форум “Музеі Беларусі”...

Ірына ЗАЯЦ, дырэктар Светлагорскага гісторыка-краязнаўчага музея:

— Пад час сваёй прэзентацыі прадставім праект па стварэнні Гісторыка-турыстычнага цэнтра “Шацілінскі Востраў” у Светлагорску. Справа ў тым, што не так даўно на раённым узроўні была выпрацавана канцэпцыя аднаўлення Шацілінскага вострава, размешчанага на правым беразе Бярэзіны ў межах горада. Там плануецца адкрыць сядзібны музейны комплекс, майстэрні традыцыйных рамёстваў, а таксама ўсю неабходную турыстычную інфраструктуру. Гэта дазволіць праводзіць на месцы былой сядзібы Рамана Шацілы святочныя і тэатралізаваныя мерапрыемствы, у тым ліку фестывалі старажытнай рыцарскай культуры...

Раскрыю — толькі для “К” — і яшчэ адзін сакрэт: пад час Нацыянальнага форуму гідамі па нашай экспазіцыі будуць выступаць музейныя супрацоўнікі, апранутыя ў касцюмы эпохі Сярэднявечча. Яны не толькі распавядуць пра гісторыю Светлагорска, але і прадэманструюць усім ахвотным шэраг археалагічных знаходак, зробленых пад час раскопак Шацілінскага вострава доктарам гістарычных навук Сяргеем Рассадзіным. Акрамя таго, абавязкова прадставім у экспазіцыі скарбы ткацкага мастацтва нашага рэгіёна: шматлікія ручнікі, посцілкі, дываны. Кожны наведвальнік зможа папрацаваць на сапраўдным аўтэнтычным ткацкім станку, а таксама пабываць на майстар-класе, які правядзе адна з нашых майстрых… Так што сумна ў нас дакладна не будзе…

Па словах Валянціны Макаравай, самым бліжэйшым часам пройдзе чарговае пасяджэнне аргкамітэта Нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі”. Пад час сустрэчы будзе абмеркавана праграма маштабнага рэспубліканскага мерапрыемства, а таксама вызначаны тыя музейныя канцэпцыі, якія прадставіць у сваіх экспазіцыях кожны рэгіён Беларусі. Пра ўсю далейшую падрыхтоўку да правядзення форуму чытайце ў наступных нумарах “К”.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"