Брыль — на лоб, ды ў дарогу, бо Бульбачка ўжо варыцца

№ 20 (1146) 17.05.2014 - 23.05.2014 г

У нядзелю, 18 мая, гарналыжны цэнтр "Сілічы" запрашае ўсіх на акцыю "Свята Бульбаша". Мерапрыемства стане знакавай падзеяй Года гасціннасці. Інакш кажучы, не толькі беларусы, але і госці ды ўдзельнікі Чэмпіянату свету па хакеі змогуць літаральна на смак адчуць самабытнасць нашай традыцыйнай культуры. І, думаецца, "Свята Бульбаша" стане акцыяй не толькі сацыяльна-культурнай, але і іміджавай. Хтосьці скажа, "бульбаш" — мянушка крыўдная. Я ж больш схіляюся да думкі, што тая нацыя моцная, якая здольная да самаіроніі. Так што Бульбаш — гаспадар зямлі беларускай, добры, вясёлы, кемлівы, справядлівы. І ад яго наўпрост залежыць "уежны" дабрабыт краіны. Інакш і заўтра будзем закупляць бульбу ў галандцаў…

Пра змест свята крыху пазней. Спачатку — пра тое, як яно нарадзілася. Ну дык вельмі традыцыйна, па-беларуску: з дапамогай талакі, або ўсёй нашай грамады. Арганізатары: РГЦ "Сілічы", ТДА "Белавагруп", "Свята.by". А садзейнічалі ім Мінскі аблвыканкам, міністэрствы лясной гаспадаркі, спорту і турызму, гандлю, культуры, транспарту і камунікацый, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Партнёраў адмысловай акцыі і пералічыць цяжка: іх дзясяткі. Вось і кажу: за справу ўзяліся ці не ўсім беларускім светам. Проста прынята ў нас так, і спрадвечныя традыцыі ніхто балазе адмяняць не збіраецца.

Цяпер — пра канцэпцыю. Яна таксама цалкам адпавядае традыцыям нашай традыцыйнай культуры. Ну што зробіш, любім мы бульбу, або "другі хлеб", у самых розных гастранамічных, так бы мовіць, іпастасях ды праявах. Таму — і бульбашы. Найменне гэтае, пагадзіцеся, да многага абавязвае. Кожная бульбяная страва (а іх дзясяткі) — выключна смачная і для гасцей — незабыўная. Герой свята Бульбаш 18 мая пераканае кожнага, што гасціннасць для беларуса — гэткая ж неад’емная рэч, як і духмяны дранік з печы. Недахопу попыту на дранікі ў Сілічах не будзе!..

Не будзе і суму. Калі на парадак дня вынесена пытанне станоўчага міжнароднага іміджа, мы ўмеем крэатывіць. Самыя разнажанравыя музычныя і танцавальныя гурты, рыцары, артысты вулічнага тэатра дакажуць, што наша мастацтва — самае рознабаковае. У рэстаране "Завіруха" чакаецца пір нацыянальных прысмакаў. Трэніруйце страўнікі!

А ў сіліцкіх завулках сустрэнеце рамеснікаў і трапіце ў палон адмысловай абаяльнасці нашых сувеніраў. Кожны з завулкаў прывядзе да Горада майстроў. Тут навучыцеся вырабляць саганы для варкі бульбы. Саламяны брыль ды вышыванку з тканым поясам можна будзе набыць і ля сцэны "Брыль", дзе мяркуецца прэзентаваць стылізаваныя фальклорныя гульні, у тым ліку — "Пасадку бульбы". Пасля гэтага вельмі дарэчным падасца абрад-наватвор "Прысвячэнне ў бульбашы". Уяўляеце, колькі замежных братоў у нас з’явіцца?

Не мінайце і сцэну "Бочка". Тут навучаць танчыць "Бульбу". Спецыяльна для свята ўзводзіцца "Леснічоўка"з традыцыйнай сялянскай "Прызбай", дзе можна будзе развучыць і выканаць грамадой беларускія народныя песні. На фотапляцоўцы любы ахвотны зможа спрычыніцца да гумарыстычнай фотасесіі ў бульбашоўскім антуражы.

Аматары спорту могуць паспрабаваць сілы ў картынгу, на канатнай дарозе, а таксама — пракаціцца на квадрацыклах, пагуляць у пэйнтбол.

Для дзяцей — свая праграма: тэатралізацыі, гульні, дыскатэкі, атракцыёны.

А калі вы стоміцеся ад феерычнай мітусні святочнага віру, можна будзе адпачыць на прыродзе, ля Ляснога возера.

І, натуральна, каб дарога да іміджавай акцыі "Свята Бульбаша"стала больш камфортнай, будзе арганізаваны дадатковы транспарт ад аўтобуснай станцыі "Славінскага".

Дык сустрэнемся на Свяце Бульбаша!

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"