Канчыта Свету. Старога

№ 20 (1146) 17.05.2014 - 23.05.2014 г

Вось хочаш напісаць яшчэ некалькі сказаў аб Тэа на “Еўрабачанні”; хочаш адзначыць яго стыльны, інтэлігентны, мінімалістычны, але пры гэтым канцэптуальны нумар, афарбаваны, адштурхоўваючыся ад зместу песні “Cheesecake”, у жартаўлівы, іранічны колер; хочаш сканцэнтраваць увагу на своеасаблівай “дарожцы” крокаў, уплеценай у канву выступлення, якая прымусіла ўспомніць знакамітую "месяцовую паходку" Майкла Джэксана; хочаш аддаць належнае самой кампазіцыі — зусім не громападобнаму хіту, але рэчы, складзенай і аранжыраванай вялікім прафесіяналам; хочаш прызнаць вакальныя вартасці; хочаш адкрыта сказаць пра тое, што даўно так не хваляваўся за роднага канкурсанта; хочаш паклікаць сабе ў саюзнікі велізарную колькасць простых беларускіх грамадзян ды тых, хто мае дачыненне да шоу-бізнесу, тых, хто ўпершыню за шмат гадоў нашага ўдзелу ў форуме адчуў гонар за айчыннага выканаўцу… — як узяла ды перамагла на фестывалі “то ли девушка, то ли виденье”... А мо бачанне-еўра? І даводзіцца скланяць на ўсю моц гэтага, у мінулым, беднага, ва ўсіх сэнсах, аўстрыйца Томаса Нойвірта — зараз ужо багатую аўстрыйку Канчыту Вурст...

Дарагія мае землякi, а што, уласна, здарылася такога экстраардынарнага? Да вас звяртаюся я, сябры мае. Звяртаюся да натуралаў, гэта значыць, згодна з апошнімі агульнаеўрапейскімі ды амерыканскімі павевамі і непераможнымі ліберальнымі заваёвамі, да непаразуменняў прыроды і памылкі старога Дарвіна. З натураламi (як аказалася, сапраўднымі) мне не так часта даводзілася мець цесныя зносіны, будзем спадзявацца, пакуль (цьфу-цьфу-цьфу), а таму гутарыць з імі — шчыра, адкрыта, без дзіўнага каментарыя і каменя за пазухай, без ёрніцтва ніжэй спіны, без высакароднага бляску ў патрыярхальных вачах — я не навучаны. Выбачайце, увогуле. Такім чынам, кажучы папросту, вікторыю ў Даніі атрымаў... І тут бы, як кажуць, і эге-гей з ім. Што, мы мала з вамі ведаем людзей, якія тварылі ды твораць у культуры i яшчэ да нядаўняга часу не насілі ганаровае званне “асоба нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі”, як iх без сумневу абзывалi пралетарыі разумовай працы ўслых, а інтэлектуалы ад мастацтваў — сцішана і словам, што рыфмуецца са словам, эквівалентным яблычнаму "шампусіку"? Ведаем дастаткова. Але такая, не пабаюся гэтага назоўніка, абранасць да канца стагоддзя XX-га не асабліва крытычна кідалася ў вочы, не выстаўлялася масава напаказ і не прапагандавалася. Больш за тое, "шампусікам" лічылася быць непрыстойным, такіх індывідаў накіроўвалі да псіхааналітыкаў, а то і зусім за краты — у некаторых не надта дэмакратычных краінах. Цяпер жа... лафа, імя ім — легіён. І сказаць у твар такім відавочнае, лічыцца цяпер у дзяржавах з развітой сістэмай гуманітарных каштоўнасцей не проста тонам кепскім, а абразай не абы-якой. За гэта за краты не саджаюць, будзем спадзявацца, пакуль, але ганяюць ад душы — аж да пазбаўлення месца працы вінаватага. Не адмоўлю ў задавальненні напісаць: сусветнае блакітнае лобі пільна сочыць за сваімі птушанятамі, якiя гняздуюцца па ўсёй планеце. Як што дзе не так — разнастайныя санкцыі і публічная падтрымка ад творцаў, безумоўна, культурных, такіх, як "безбашенная" Гага, да прыкладу, — гэтага ўзору сапраўднай маральнасці. Увогуле, дзівіць вось гэтая заходняя адначасова і талерантнасць, і няўхільнасць пакарання за нібыта замах на чужую жыццёвую прастору, калі тэлевізійныя ды эстрадныя перформансы суседнічаюць з судовымі пераследамі за залішнюю ўвагу да яшчэ супрацьлеглага полу. Магу падказаць выйсце, дапусцім, тамтэйшым мужчынам, якіх жанчыны з дапамогай інстытутаў юстыцыі ганьбяць за дапушчаную на іх адрас вольнасць у выглядзе пагладжвання, выкажам здагадку, па плячы. Хлопцы, так і заявіце пракурору, што пачуваеце сябе таксама жанчынай, і ваш тактыльны камплімент варта разглядаць скрозь адпаведную гендарную прызму. Зрэшты, постсавецкія майстры самых розных жанраў даўно інфіцыраваны заразай усёдазволенасці. І стукаюць малаткамі на Краснай плошчы творцы, прыбіваючы да бруку ўласныя геніталіі, і юродствуюць у храмах благія бабы, ажыццяўляючы тым самым пратэст разам з мастацкім актам.

Сёння паняцці “маральнасць” і “мараль” — гэта, кажучы маладзёжным слэнгам, “олдскул”. Пазаўчарашні дзень, у якім нехта жахаўся выхадкам скандальнага гурта “Sex Pistols”, а ўчора, закатаваны гумарам фронтменаў перадачы “Аншлаг”, крывіўся ад іх. Зараз жа нас дабіваюць. Тыя самыя палавыя фрыкі, пра якія раней казалі, што гэта ж крута, гэта ж яркі эпатаж, гэта новы крок у мастацтве, гэта самавыяўленне, гэта не як усе, у рэшце рэшт, гэта пазіцыя, выклік махровым асновам. Не больш за тое. Цяпер фрыкі, “адрынутыя”, — усё натуралы. А мэйнстрым — яны.

Асцярожна стаўлюся да так званых тэорый змоў, але часам пачынаеш сумнявацца: а, можа, сапраўды нейкія сілы, нейкае сусветнае закуліссе пачало рэалізоўваць на практыцы дактрыну па кантролі колькасці насельніцтва Зямлі? З дапамогай канцэртаў, кліпаў, конкурсаў, іншай публічнай дзейнасці. Дзікае трызненне? З’яўляючыся, як я самаўпэўнена мяркую, толькі напалову песімістам, думаю, што чалавецтва прайграла вось гэтую кiмсьці/чымсьці падораную яму доўгую гульню пад назвай «жыццё». І зараз мы сябе самазнiшчаем усялякімі спосабамі.

А людзям, выхаваным “Еўрабачаннем”, асабліва асобным журналістам, пакуль яшчэ натуралам — фізічна, а не духоўна, — я хачу задаць адно пытанне. Вы жадалі б, каб ваш дарослы сын пакахаў былога дзядзечку з барадой так, каб дайшло да вясельнай цырымоніі? Толькі не трэба мне казаць пра права выбару, яно больш натуральнае, калі сын вырашае, ці трэба яму ісці па вашых прафесійных слядах. Шчыра адкажыце перш за ўсё самі сабе.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"