У Беларусі бываем (ня)часта… + усе артыкулы цыкла

№ 20 (1146) 17.05.2014 - 23.05.2014 г

Дык няўжо так “добра там, дзе нас няма”? Даследаванне "К" / Частка V
Калі ласка, набярыцеся цярпення, знайдзіце колькі хвілін і прачытайце матэрыял, што завяршае серыю артыкулаў, прысвечаных нашым поп- і рок-выканаўцам, якія цяпер працуюць за мяжой, а таксама тым з іх, хто не скарыстаўся магчымасцю паслужыць сучаснаму музычнаму мастацтву па-за Беларуссю. Згодны?

Усе не паедуць!

Яшчэ колькі гадоў таму мы білі ў набат, назіраючы за чарговым ад’ездам беларускага артыста на пастаяннае месца жыхарства ў іншую краіну. З пенай ля рота дакаралі: як так — кінуць айчыну, дзе ён быў народжаны, дзе яго выгадавалі і выхавалі, далі адукацыю і працу, нават, быць можа, адзначылі поспехі ўзнагародамі!

...Але мінуў час, крыўда і асцярогі "ўстаканілiся". На змену абструкцыі прыйшла фаза працверажэння і разумення рэалій. Высветлілася, што многія з тых, хто развітаўся з родным краем, не забыліся на яго, а працягваюць верна служыць на ніве мастацтва і свайму куту, і дому, яшчэ нядаўна чужому.

Паглядзіце хоць бы на фронтменаў гурта “БІ-2”, які сёння анансуюць няйначай як “легенду бабруйскага року”. Даўным-даўно пакінуўшы горад, што аддзячыў ім першай славай, артысты ў Ізраілі, у Аўстраліі, у Расіі заўсёды памяталі пра свае карані, слалі "ім" прывітанні, а стаўшы ўжо суперпапулярнымi, часта і з задавальненнем прыязджаюць з канцэртамі ў Беларусь, атаясамліваючы сябе ў першую чаргу з ёю.

Або рэпер Сярога, якi асацыіруецца цяпер у асноўным з Украінай, без усялякіх найграных і вымушаных эківокаў называе сябе грамадзянінам Беларусі. Асабіста я не знаёмы ні з адным наяўным/былым выканаўцам, беларусам па паходжанні або па грамадзянстве, які жыве сёння ў Еўропе ці ў Амерыцы, альбо працуе ў сферы музыкі (па-за ёй), хто адразу б і ў сілу нейкіх чыннікаў адпрэчваў сваю прыналежнасць да Беларусі. Нават нягледзячы на пэўныя, на яго погляд, прэтэнзіі да апошняй. Але ж маму з татам мы таксама часам крытыкуем, хоць і любім. І любім мы іх, калі знаходзімся побач альбо далёка ад іх. І цяпер ужо самі аддаём ім тое, што калісьці яны ўкладалі ў нас. У дадзеным выпадку музыканты аддаюць-вяртаюць Радзіме культуру, мастацтва, памножаныя на ўласны талент.

Ва ўсе стагоддзі мастак, у самым шырокім сэнсе гэтага слова, сам выбіраў тую жыццёвую прастору, якая яму больш падыходзіла ў якасці галоўнага палігона для прыкладання ўласных творчых высілкаў. Але ён не замыкаўся ў ёй, сеючы разумнае, добрае, вечнае па ўсім свеце. Так і цяпер. Вераніка Круглова, ладзячы перформансы ў Германіі, абавязкова прывозіць іх у Мінск, і, жывучы ў Берліне, менш беларускай не стала. І музыка яе не зрабілася менш беларускай.

Пачувае сябе электронны музыкант Нік Худзякоў камфортней там, а не тут, дык здароўя яму і кампазіцый ад яго нам. Адважыўся хард-рокер "Хік Нудзякоў" на ад’езд — і адпаведны плацкарт яму з чыстай бялізнай у дарогу! Вы, вядома, можаце слушна запярэчыць, строга спытаўшыся: а хто ж застанецца на гаспадарцы? Супакою вас: як казаў асуджаны да пакарання смерцю герой нейкага старога і ідэалагічна вытрыманага фільма пра бітвы чырвонагвардзейцаў з белымі, усіх не перастраляюць, гэта значыць — усе не паедуць. Для кагосьці пляцоўка для ўвасаблення задуманага знаходзіцца менавіта ў Беларусі і толькі ў ёй. Пра што вам, дарэчы, музыканты і распавядаюць.

Асаблівасці нацыянальнага шоу-бізнесу

Добра, пакінем убаку эмоцыі, гарачае сэрца — гарачым сэрцам, уключым "халодную" галаву.

Тое, што з краіны з’язджаюць людзі, якія прысвяцілі сваё жыццё культуры, мастацтву, — дадзенасць. Шмат у чым гэта звязана з геапалітычным становішчам Беларусі, з тым, што самы яе блізкі і родны сусед — Расія, магутная дзяржава, з куды больш развітым шоу-бізнесам, з якім мы, знаходзячыся па наш бок мяжы, канкурыраваць не можам. Калі аб канкурэнцыі і варта казаць, дык толькі ў кантэксце таго, што некаторыя беларускія артысты, з’язджаючы адсюль, становяцца папулярнымі там. Ну а з Еўропай, дзе шоу-бізнес уяўляе з сябе дакладна адладжаны механізм, “спаборнічаць” і зусім бессэнсоўна. «Выстрэльваюць» тут толькі асобныя, і прыкладаў такіх не шмат. Яшчэ раз паўтаруся, гэта дадзенасць, гэта рэаліі і гэта вонкавы бок пытання. Унутраны ж беларускі музычны рынак — малы і перанасычаны, таму артысты і стаяць перад выбарам. Самыя крайнія і жорсткія варыянты — увогуле сысці з прафесіі; працягваць працаваць у такіх умовах, нічога ў сабе, у сваёй творчасці не змяняючы, задавальняючыся тым, што ёсць; спрабаваць пераламаць сітуацыю, прапаноўваючы публіцы прадукт, у корані адрозны ад ранейшага; альбо — паспрабаваць рэалізаваць уласныя амбіцыі ў замежжы. Два апошнія, вядома ж, могуць дапаўняць адзін аднаго.

Немалаважны і факт падтрымкі канкрэтнага артыста прыхільнікамі яго таленту. Вы шмат ведаеце ў Беларусі такіх выканаўцаў, колькасць беларускіх фанатаў якіх пераваліла б тысяч за дзесяць-пятнаццаць? Два-тры? Быць можа, больш, але з-за ўласцівай нашай нацыі асаблівай памяркоўнасці, вельмі ўжо відавочна падтрымка на адрас улюбёных артыстаў не выяўляецца. А за мяжой у выканаўцаў існуе цэлая сетка арганізаваных прыхільнікаў. Быццам бы дробязь, але ж гэта і ёсць тая самая энергетычная аддача, у якой мае патрэбу творчая асоба. А з маральным падсілкаваннем наўпрост звязана запаўняльнасць канцэртных залаў, клубаў. Не адчуваючы яе тут, ці будзе чалавек шукаць яе там, мяркуючы, што дома ён не патрэбны?..

Далей. У цяперашніх умовах самастойна прабіцца на шырокую аўдыторыю артысту амаль немагчыма, нават калі ён быў бы суперталенавiты, нават меў бы суперматэрыял. Патрэбны фінансавыя ўкладанні, патрэбны прадзюсары, патрэбны іншы менеджмент. І мы зноў прыходзім да таго, што такіх прафесіяналаў у Беларусі — пералічыць па пальцах адной рукі. Да таго ж яны ўжо даўно вызначыліся з тымі, хто ўтрымлівае іх і сябе, хто засвяціўся і хоць неяк стаў папулярным на мясцовым узроўні. Нельга сказаць, што гэтыя прадзюсары не шукаюць новыя таленты, але такія “знаходкі”, як правіла, чамусьці працуюць на карпаратывах і ў начных клубах. Ці то таленты нейкія асаблівыя, ці то прадзюсары пакуль задавольваюцца сваімі мінулымі адкрыццямі. Артыстаў трэба ўмець правільна прадаваць слухачу, гледачу.

І, калі ўжо мы загаварылі пра грошы, скажам адкрыта: даходы нашага насельніцтва невысокія. Наведванне мерапрыемстваў з удзелам беларускіх артыстаў людзі адкладаюць, у лепшым выпадку, на потым, аддаючы перавагу замежным зоркам. І гэтае “на потым” усё аддаляецца.

Шоу-бізнес — гэта яшчэ і латарэя. Ёсць безліч прыкладаў, як самыя вядомыя сусветныя прадзюсары ўкладвалі вялікія грошы ў выканаўцу, наймалі яму вялікіх інструменталістаў і аўтараў песень, праводзілі агрэсіўную піяр-кампанію, а вынік быў нулявы. Беларускім прадзюсарам і артыстам неабходна вучыцца на чужым досведзе — як станоўчым, так і адмоўным. А ў мяне пры гутарках з некаторымі нашымі музыкантамі, пры праслухоўванні іх твораў часам складаецца ўражанне, што ўзровень іх культуры ды выхавання — вельмі нізкі. Можна было б, вядома, арганізаваць у нашай краіне вялікі фестываль з удзелам беларускіх артыстаў, якія сёння жывуць і працуюць за мяжой, пра каго, быць можа, мы ўжо і забыліся. Але ўзнікаюць пытанні. Па-першае: ці сапраўды патрэбны такі фэст? Навошта ён патрэбны? Каму ён можа быць цікавы? І па-другое: хто будзе праводзіць падобнае мерапрыемства? Не сакрэт, што ў краіне адчуваецца голад на тых, хто мог бы арганізоўваць маштабныя форумы ўвогуле. А кадры, як сцвярджае вядомае выслоўе, вырашаюць усё...

Ранейшыя матэрыялы цыкла:

частка 1;

частка 2;

частка 3;

частка 4.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"