Абліччы Першай сусветнай

№ 16 (1142) 19.04.2014 - 25.04.2014 г

Не эксплуатуючы страшныя выявы вайны...
Якія вобразы ўзнікаюць перад намі пры згадванні Першай сусветнай вайны? Выявы спаленых паселішчаў? Сем’яў, што не маюць прытулку? Салдат, якія ў процівагазах праводзяць ачыстку акопаў пасля газавых атак? Жанчын, якія плачуць над магіламі сына, мужа, брата? Хлопчыка, што ўжо носіць маленькі ваенны мундзір?.. Мяркую, для наведвальнікаў выстаўкі “Беларусь у Першай сусветнай вайне”, якая ладзілася ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі, тыя пытанні маюць дакладныя адказы. Для многіх, мяркую, убачанае там сталася адкрыццём. Нагадаем, у фарміраванні экспазіцыі задзейнічаны матэрыялы з фондаў пяці музеяў рэспублікі і двух прыватных збораў. Невыпадкова наступны яе крок — падарожжа па музеях суседніх краін.

/i/content/pi/cult/478/10190/15-1.jpg

/i/content/pi/cult/478/10190/15-3.jpg

М.Гаген. Ваенны, які назірае за выбухам. Фота № 90 з альбома штабс-капітана рускай арміі М.Гагена. Заходні фронт у раёне Шчары, 1915 — 1916 гг.

/i/content/pi/cult/478/10190/15-4.jpg

С.Фёдараў. У лагеры бежанцаў. Слуцк, 1915 г.

/i/content/pi/cult/478/10190/15-5.jpg

Разварот пашпарта 1917 г., выдадзенага кайзераўскімі ўладамі.

Бежанства

Пад час Першай сусветнай на землях Беларусі знаходзіўся больш як мільён бежанцаў. Гэты факт для многіх даследчыкаў ужо страціў сваю ўражальнасць, але калі бачыш абліччы людзей на фатаграфіях — абарваных, змучаных, брудных, без прытулку, — перажыванне гэтай трагедыі набывае новую сілу.

— Згодна з указам цара людзі павінны былі сыходзіць са сваіх месцаў, каб не пакідаць “жывой сілы”, — згадвае гісторыю куратар выстаўкі Аляксей Шынкарэнка. — У выніку спалены і знішчаны сотні населеных пунктаў. Людзі, якія засталіся без прытулку, не ведалі, куды ім ісці, як жыць далей. На тэрыторыі Беларусі разгарнулася сапраўдная катастрофа...

Убачыць маштабы гэтай трагедыі можна дзякуючы фатаграфіям Сяргея Фёдарава з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея, які пакінуў унікальныя сведчанні пра лагер бежанцаў у Слуцку.

— Ваенны зафіксаваў і той момант, калі праз месяцы пачалі з’яўляцца адмысловыя пункты дапамогі, было створана Таццянінскае таварыства, аналаг Чырвонага Крыжа, — удакладняе куратар. — Але для мяне неверагодным па сіле з’яўляецца здымак, у цэнтры якога — хлопчык у зношаным салдацкім адзенні. Тут бачна ўсё. Людзі не маюць анічога: ні адзежы, ні ежы, ні лекаў… Спяць і ядуць на зямлі. Гэта былі паўгода хаосу ды недарэчных смерцяў, калі звычайная драпіна, атрыманая ў падобных умовах, магла забіць чалавека...

Бежанцы жылі ў палях, начавалі ў канавах, на голым месцы. Натоўпы няшчасных рухаліся па тэрыторыі беларускага краю, “аб’ядаючы” ацалелыя населеныя пункты. У выніку жыхары апошніх станавіліся падобнымі да першых...

Розніца ў поглядах

Наступны падраздзел, які працягвае экспазіцыю — “Паміж жыццём і смерцю”, — складаецца са здымкаў палкавога фатографа рускай арміі, настаўніка Рамана Салаўя з фондаў Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, а таксама — з фатаграфій рускага афіцэра, археолага, краязнаўцы (ды заснавальніка Слонімскага раённага краязнаўчага музея) Іосіфа Стаброўскага.

— Калі казаць пра асаблівасць здымкаў яго альбома, — зазначае Аляксей Шынкарэнка, — яны ўражваюць менавіта адкрытасцю. Варта адзначыць, што здымкі, зробленыя фатографамі тых часоў, зусім не падобныя да фота сучасных рэпарцёраў, — выяўляе Аляксей розніцу ўспрымання, — калі выява смерці часам эксплуатуецца. Удзельнікі “вялікай вайны” не імкнуліся паказваць кроў, у іх здымках — амаль што “звычайная” дакументалізацыя смерці. І гэта тым больш шакуе...

Куратар звяртае ўвагу на фота загінулых пасля газавых атак з альбома Стаброўскага. Яно ўражвае: твары мёртвых на ёй накрыты капуснымі лістамі...

— Падобных адбіткаў у альбоме афіцэра дастаткова, але я выбраў для выстаўкі той, дзе ў кадры побач з загінулымі ёсць жывыя — хлопчык і бывалы салдат, — кажа куратар. — Мяне ўразіла скруха апошняга, які аплаквае сваіх таварышаў, і спакой хлопчыка, які глядзіць на ўсё гэта нібыта звыклым поглядам. Кантраст — вось што падалося страшным. Мы заўважаем, як рэагуюць на смерць сведкі часу...

Фатаграфіі Рамана Салаўя таксама паказваюць аблічча смерці, але робіцца гэта з належнай дыстанцыі: на адным з фотаадбіткаў я заўважыла ледзь прыкметнае цела нямецкага салдата.

— Тут і не зразумееш, што адбываецца. Пэўная шэрасць, якая забірае жыццё. І гэты здымак нагадаў цыкл вядомай амерыканскай фотамастачкі Салі Ман “Што застаецца?”, дзе яна здымала чалавечыя астанкі, — кажа Шынкарэнка.

Куратар не адмаўляе, што многія работы ён “прачытвае” вачыма сучаснага гледача, знаходзячы рэфрэны ў класічнай ды сучаснай фатаграфіі. І гэты досвед дапамагае экспазіцыі, задаючы мастацкі кантэкст прачытання здымкаў.

Захоп ідэнтычнасці

Кульмінацыяй становіцца раздзел “Зямля OberOst”, які распавядае пра перыяд акупацыі беларускіх земляў. Каб паказаць гэты малавядомы для шырокай публікі перыяд, стваральнікі выстаўкі зрабілі акцэнт на дакументах з выкарыстаннем фатаграфіі — пашпартах, якія выдавалі немцы беларусам. Іх узоры прадстаўлены Лідскім гісторыка-мастацкім музеем.

— У дакументах пазначаліся імя, прозвішча, дата нараджэння, родная мова, рэлігія, прыкметы, — апісвае куратар артэфакты. — Але незвычайнае ў іх — партрэты. Чалавек паказаны ў поўны рост, і пры гэтым ён — сядзіць. Знаёмы нам “паплечны” пашпартны варыянт выявы з’явіцца пазней...

Як чытаць кантэкст? Інтэрвенцыя вайны адбываецца на іншым узроўні: захопліваюцца не толькі землі, але і ідэнтычнасць чалавека.

— На нашу ідэнтычнасць накладваюцца іншыя знакі, — доўжыць думку Аляксей Шынкарэнка. — Мы бачым нашы гарады і вёскі, якія падпісваюцца на іншай мове. Ды імёны і прозвішчы, постаці атрымліваюць новыя пазначэнні...

І развіваючы ідэю, раздзел дапаўняюць фота, зробленыя нямецкімі салдатамі. Напрыклад, “ідылічная карціна”: кайзераўцы гуляюць з беларускімі дзецьмі, цягнучы дзіця ў “экзатычным” драўляным вазку. Стасуюцца з беларускімі дзяўчатамі. Мірна сядзяць на пагорках… Але ж пэўная дзіўнасць фотаздымкаў у тым, што глядач адчувае амаль незаўважную, але істотную прысутнасць чужога. Нават калі ён выглядае нібыта “як і ўсе”.

Экспазіцыя заканчваецца раздзелам “Перамір’е”. Вайна, якая зацягнулася, для многіх яе ўдзельнікаў страціла свой сэнс. На тварах салдат — стомленасць і разгубленасць: ніхто ўжо не разумее канчатковай мэты супрацьстаяння. Факты братання і спробы перамір’я. Тэатр, у якім акцёры стаміліся выконваць свае ролі. Выхад на сцэну і новых гульцоў — бальшавікоў.

— Фінальным здымкам экспазіцыі можа быць гэты, дзе маленькі бежанец, які страціў сваіх бацькоў, ужо апрануты ў ваенны мундзір, — завяршае расповед Шынкарэнка. — А можа, і той, што зрабіў нямецкі салдат, які захаваў на памяць выяву тутэйшай жанчыны з дзецьмі...

Стваральнікі выстаўкі ўказалі на яшчэ адну дэталь: амаль кожны раздзел займеў падтрымку ў выглядзе элемента беларускага арнаменту, які быў рэканструяваны ў адпаведнасці з тэмай. Атрымаўшы кансультацыю ў Веткаўскім музеі стараверства і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава, яны дазволілі сабе па-новаму трактаваць вядомыя сімвалы, даючы дадатковы кантэкст для ўспрыняцця фатаграфіі і нашай гісторыі.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"