Пасля таго, як вылецела птушачка

№ 16 (1142) 19.04.2014 - 25.04.2014 г

Амаль дэтэктыў пра адну сям'ю ў часіну ліхалецця
21 жніўня 1962 года рукі прэзідэнта ЗША Кенэдзі і лідара Краіны Саветаў Хрушчова ўжо цягнуліся да кнопак пуску ракет з ядзернымі зарадамі. Прычына: супрацьстаянне СССР і ЗША. Нагода: фотаздымак. У той дзень на стол Кенэдзі паклалі фота, зробленыя з самалёта. Здымкі нібыта сведчылі: на палубах савецкіх сухагрузаў, што везлі на Кубу, як мяркуецца, сельгастэхніку, яўна бачныя балістычныя ракеты, а на Кубе падрыхтаваны стартавыя пляцоўкі!.. ...Калі раней рабілі фота, кліенту раілі: “Глядзіце ў аб’ектыў: зараз вылеціць птушачка!” Расповед пойдзе пра гісторыю, што здарылася — пасля таго, як вылецела птушачка.

/i/content/pi/cult/478/10189/14-1.jpg

І.Грынберг. "Фотаапарат зніклага ў 1941-м".

/i/content/pi/cult/478/10189/14-3.jpg

І.Грынберг. "Мястэчка".

/i/content/pi/cult/478/10189/14-4.jpg

Ісак і Хая Баршаі.

Чэрвеньская выстаўка 2013 года ў Мінску, у Галерэі Міхаіла Савіцкага. Мастак Іосіф Грынберг разам з вучнямі прадставіў рэтраспектыву творчай дзейнасці. У цэнтры — жывапіснае палатно, на ім — чатыры аб’екты, і ў кожнага свой лёс: пакручасты — у мастака, трагічны — у падлетка, якога мастак малюе, заблытаны — у фотаздымка, неверагодны — у апарата “Фотокор”. Трагічная гісторыя вялікай сям’і Баршаяў у гады нямецка-фашыцкай акупацыі, неверагодныя перапляценні людскіх лёсаў, самі прыгоды старога фотаапарата — усё заключана ў адзіным, зробленым гэтай камерай, фотаздымку падлетка.

На адвароце старых здымкаў майстар-фатограф запэўніваў кліентаў надпісам “Негатывы захоўваюцца”. Наіўны чалавеча: тут войны, навала, ліхалецце, а ён гарантуе захаванне кавалачка шкла!..

Таму, вядома ж, не захаваўся негатыў згаданага здымка падлетка з беларускага пасёлка Ялізава. “Птушачка” з “Фотокора” вылецела ў чэрвені 1941-га. Яму, Ісаку Баршаю, што пазіраваў, было на той час 14 гадоў — і ўжо ніколі не будзе больш. Але якім цудам дайшоў гэты, ужо пажоўклы ды пакамечаны, здымак да нашых дзён?

У Ялізаве, пад Асіповічамі, у пасёлку шклозавода “Кастрычнік” жылі Іосіф і Сара Баршаі, з імі — дачкі Хая і Бэла, сыны Ісак і Міша. Хая — будучая маці будучага мастака Іосіфа Грынберга. Усе дарослыя Баршаі працавалі на шклозаводзе. На чэрвеньскую зарплату Хая купіла і падарыла малодшаму брату Ісаку апарат “Фотокор” — каштоўны па тых часах прэзент!

21 чэрвеня падлетак зрабіў адзінае фота: свой партрэт. Якім чынам? А да апарата дадаваўся спецыяльны гнуткі тросік, каб чалавек мог адзняць сябе сам. Адзіную шкляную пласціну — негатыў — ён пры чырвоным святле праявіў да патрэбнай фазы, высушыў, затым кантактным чынам перанёс выяву на фотапаперу, ізноў праявіў, замацаваў, высушыў… Тое, што падлетак, не маючы аніякага вопыту, ажыццявіў гэты шматпрыступкавы працэс, выглядае цудам. Але — факт! Падлетак Ісак цэлы дзень ганарыўся здымкам.

А раніцай пачалася вайна.

Хая неяк паспела эвакуіравацца з Асіповічаў у апошнім эшалоне. У пасёлак шклозавода Ялізава прыйшлі немцы. Узімку 14-гадовага Ісака, які выглядаў больш дарослым, акупанты кінулі ў кузаў машыны: забралі на работы ў Германію. Больш пра яго нічога ніколі не чулі. Дарэчы, ніхто з тых, каго тады забралі, у Ялізава не вярнуўся. Ісак даводзіўся б дзядькам будучаму мастаку Іосіфу, які народзіцца ў першы паваенны год...

А ў той “дзень хапуна” да Баршаяў прыбегла дзяўчынка Любачка — дачка іх знаёмай, беларускі Ніны Лысюк. Яе дом стаяў на ўскраіне пасёлка. Люба таропка, з хваляваннем, паведаміла: “Пачалася аблава, немцы хапаюць яўрэяў — усіх, хто трапіцца!”

Галавы радзіны — Іосіфа — дома не было. А Сара з дачкой Бэлай і сынам Мішам, кінуўшы хату, пабеглі на канец пасёлка: да Лысюкоў. Там трох Баршаяў гаспадыня хаты Ніна Якаўлеўна схавала ў сутарэнні.

Адзінае, што паспелі ўзяць з сабой Баршаі ўцякаючы, — дакументы і некалькі сямейных фота, у тым ліку “аўтапартрэт” падлетка Ісака, якога схапілі немцы. У Лысюкоўскім сутарэнні ўцекачы пражылі тры тыдні. За гэты час адзінага з Баршаяў — Іосіфа, які вярнуўся дадому, — разам з суседзямі-яўрэямі, работнікамі шклозавода, 21 студзеня 1942-га карнікі расстралялі за ваколіцай... Але неўзабаве немцы спахапіліся: а дзе ж астатнія жыхары баршаеўскага дома? Пачаліся роспыты, дазнанне, іх пачалі шукаць. Акупанты “прачэсвалі” ўсе дамы, адзін за другім, і ўжо падступаліся да ўскраіны пасёлка, да жытла Лысюкоў. Гаспадыня спужалася за сваіх дзетак — Любачкі з брацікам — і, даўшы Баршаям ежы, выправадзіла іх у лес.

Там Сара з двума дзецьмі сустрэла партызанскі атрад. Іх туды прынялі, і тройка яўрэяў прабыла ў партызанах два з паловай гады, да самага вызвалення Беларусі ад захопнікаў...

Вайна раскалола радзіну. Хая ў эвакуацыі пра лёс маці, малодшых сястры і брата ды пра тое, што яшчэ адзін брат, Ісак, быў схоплены немцамі, даведаецца ўжо пасля вайны. І да скону ў 1972-м, сумуючы, Хая распавядала пра гаротны лёс сям’і, пра забранага немцамі і зніклага брата свайму сынку Іосіфу (ён народзіцца ў яе з афіцэрам Чырвонай Арміі Давідам Грынбергам у 1946-м)...

Але ў гэтай, не такой ужо рэдкай для Беларусі, радзіннай драме з часоў вайны, аказваецца, паралельна выбудоўваўся незвычайны, амаль фантастычны, сюжэт!..

Ні ў аднаго апарата ва ўсім свеце няма, пэўна, такой пакручастай “біяграфіі”, як у гэтага, прэзентаванага Ісаку сястрой, “Фотокора” савецкай вытворчасці!

У Ялізаве, непадалёк ад Баршаяў, жыла сям’я з нямецкімі каранямі. Тут дакладна ўжо не памятаюць іх прозвішча: быццам бы Драгелі. Адно прыгадалі, што аселі ў Беларусі тыя “немцы” яшчэ з часоў Першай сусветнай вайны. Дадаўшы да прозвішча беларускае “-евіч”, яны даўно ўраслі ў савецкае інтэрнацыянальнае асяроддзе. Як і Баршаі, працавалі тыя Драгелевічы на шклозаводзе. Але "новая ўлада" нагадала ім, што яны ўсё ж — немцы! І прапанавала-дазволіла з хат, пакінутых яўрэямі, браць якую заўгодна маёмасць...

Апавядае мастак Іосіф Грынберг:

— Яны ўзялі з дзядулінага, з нашага дома дзве чырвоныя капы-саматканкі і прэзентаваны маёй маці яе брату Ісаку апарат “Фотокор”. Калі ў 44-м да Ялізава падыходзіла з баямі Савецкая Армія, суседзі Драгелі-Драгелевічы ўцяклі ў Германію разам з войскам акупантаў. Прыхапілі яны з сабой акурат і дзве нашы капы-саматканкі ды апарат “Фотокор”...

У гэтых рэчаў таксама будзе пакручасты, зусім дэтэктыўны, лёс, які раскрыецца ў паваенныя гады!..

Працягвалася і гісторыя раздробленай на тры часткі сям’і Баршаяў.

Два з паловай гады Сара з дзецьмі правяла ў партызанскім атрадзе: прала бялізну, гатавала ежу, перавязвала параненых... Чым маглі дапамагалі ў лагеры партызанам і дзеці, якія, вядома ж, падрасталі, не па гадах сталеючы ў ліхалецце...

У 1944-м партызаны Баршаі засялілі сваю, разрабаваную вайной, хату. Прыехала з эвакуацыі Хая, узяла шлюб з дэмабілізаваным Давідам. Сын, які нарадзіўся ў іх у 1946-м, атрымаў імя па расстраляным немцамі дзядулі: Іосіф. Ён, стаўшы студэнтам Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута, за Ялізавам, на месцы, дзе загінулі і ягоны дзядуля, і суседзі-землякі, сам усталяваў сціплы, па ягоных тагачасных магчымасцях, помнік. Цяпер там — годны манумент.

Па заканчэнні вайны — па дамоўленасці СССР з саюзнікамі па антыгітлераўскай кааліцыі аб рэпатрыяцыі — усе савецкія грамадзяне павінны былі вярнуцца на радзіму, жадалі яны таго ці не. Часта — прымусова. Шмат хто з патэнцыйных рэпатрыянтаў, якія не прагнулі адразу ж трапіць у ГУЛАГ, заканчваў жыццё самагубствам...

Іосіф Грынберг:

— Вярнуліся з Германіі і Драгелі-Драгелевічы. Прыбылі з нейкай маёмасцю. І што дзіўна: прывезлі дзве нашы капы-саматканкі ды апарат “Фотокор”! Вярнулі гэтыя рэчы маім бацькам ды бабулі Сары. А ў нас жа захаваўся той самы здымак майго дзядзькі, няшчаснага 14-гадовага Ісака! Гэта цяпер не проста рэчы, а рэліквіі нашай сям’і...

Чалавек заўсёды імкнецца трапіць туды, дзе, як яму здаецца, будзе жыцца лепш. А тым больш, калі асоба гэтая — мастак, істота, якая заўсёды знаходзіцца ў пошуку нечага новага. Да 1992-га маці беларускага жывапісца Іосіфа Грынберга не было на свеце ўжо дваццаць гадоў. І ён вырашыў падацца ў Ізраіль — на пастаяннае месца жыхарства. Гэта яму так тады здавалася...

Узгадвае Іосіф Грынберг:

— Вядома ж, я ўзяў з сабой сямейныя рэліквіі, у тым ліку адзінае фота дзядзькі Ісака, старэйшым за якога я ўжо тады быў у чатыры разы. Прыхапіў і старэнькі “Фотокор”. Музею памяці ў Іерусаліме я прапанаваў гэтыя рэчавыя рэліквіі ў якасці экспанатаў у раздзел Халакосту…

Але дарагія мастаку рэліквіі там аказаліся не патрэбны — у музей узяць іх адмовіліся. За два дзесяцігоддзі ён здолеў пераканацца, што там, як прызнаўся, існуюць два крытэрыі ацэнкі таго ж жывапісу: “Прыгожа — непрыгожа” і “Колькі каштуе?”. Мастак прыняў рашэнне перабрацца — ізноў жа, на ПМЖ — у Беларусь, на радзіму. Акрамя створаных у Ізраілі работ ён, канешне ж, прывёз і адзінае фота дзядзькі-падлетка, і легендарны фотаапарат-вандроўнік...

Іосіф Грынберг:

— Толькі тут я зразумеў, што наша сямейная сага — сюжэт для жывапіснага палатна! Так нарадзілася карціна, якая адкрывала маю першую па вяртанні ў родны Мінск выстаўку...

Вось яна — чатыры аб’екты, і ў кожнага — свой лёс: пакручасты — у мастака, трагічны — у падлетка, якога мастак малюе, заблытаны — у фотаздымка, неверагодны — у апарата “Фотокор”. Карціну, фотаапарат і той здымак мастак мае намер перадаць у абноўлены Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Мае працяг і ўчынак жыхаркі пасёлка Ялізава беларускі Ніны Якаўлеўны Лысюк, што ў дні ліхалецця ўратавала Баршаеў: у Ізраілі гэта палічылі подзвігам, і ў яе гонар у Алеі Праведнікаў у Іерусаліме пасаджана дрэва.

Каб тыя, хто пазіруе перад апаратам, сядзелі нерухома, фатограф у даўніну заклікаў: “Глядзіце ў аб’ектыў: зараз вылеціць птушачка!”

Шчоўкае затвор апарата — і “птушачка вылятае”! Што адкрые ці зменіць фотаздымак? Таямніцу Сусвету? Лёс кожнага з нас?..

Уладзімір АРЛОЎ, кінарэжысёр

Аўтар: Уладзімір АРЛОЎ
кінарэжысёр